8 фактов о Шумилинском ЖКХ

Общество Экономика

8  фактаў  пра  ЖКГ

Участак “Водаканал” нядаўна выйшаў з падпарадкавання УП ЖКГ. Цяпер абслугоўваннем вонкавых водаправодных і каналізацыйных сетак, калонак, свідравін і інш. займаецца філіял “Полацкводаканал”.
*   *   *
Сучасныя прыпыначныя павільёны, якія нядаўна з’явіліся на аўтобусных прыпынках у Шуміліне, – справа рук работнікаў камунгасу. Яны самі прыдумалі мадэлі, самі ж і рэалізавалі прыдуманае ў жыццё.
*   *   *
Кантэйнерныя пляцоўкі ў раёне пакрысе набываюць сучасны выгляд і пачынаюць адпавядаць еўрапейскаму прынцыпу збору смецця. Для кожнага віду адходаў – свой кантэйнер. А зусім хутка на пляцоўках з’явяцца фотапасткі, найперш – у прыватным сектары. У камунгасе патлумачылі, што гэта дасць магчымасць прааналізаваць сітуацыю па зборы цвёрдых бытавых адходаў, аптымізаваць працэс і знізіць выдаткі. А мы з вамі памятаем, што трава, старыя канапы і тэлевізары – гэта не ЦБА!
*   *   *
У ЖКГ таксама прымаюць бутэлькі, макулатуру, старую тэхніку і інш. Дарэчы, калі вы пажадаеце пазбавіцца ад выйшаўшых ва ўтыль, скажам, тэлевізара ці халадзільніка, да вас прыедуць і забяруць непатрэбную тэхніку абсалютна бясплатна.
*   *   *
Набірае абароты работа па аказанні паслуг новай гасцініцай. Там ужо спыняліся госці з Латвіі, Украіны, Расіі. Да іншых зручнасцяў для пражывання гасцей нядаўна дабавіўся Wi-Fi.
*   *   *
Сярэдні ўзрост работнікаў ЖКГ – 42 гады. Гэта малады, моцны, энергічны калектыў.
*   *   *
Праграмістамі прадпрыемства было распрацавана праграмнае забеспячэнне, якое дазволіла наладзіць работу адзінай дыспетчарскай службы. З красавіка заяўкі можна падаваць па нумары 115. Праграма дазваляе не толькі аператыўна рэагаваць на запыты людзей, але і адсочваць тэрміны выканання.
*   *   *
У майстэрнях прадпрыемства заканчваецца работа над чарговай драўлянай скульптурай, якая хутка “паселіцца” на адной з вуліц горада. Гэта будзе вядомы мультыплікацыйны персанаж, а хто канкрэтна – няхай стане сюрпрызам.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №23 ад 23.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *