Пра планы на сяўбу
або Як атрымаць добры ўраджай
Другая палова сакавіка. Зараз на палетках зацішша, але неўзабаве сюды выедзе магутная тэхніка. Вясна прыспешвае аграномаў яшчэ раз праверыць, ці правільна сфарміравана структура пасяўных плошчаў, ці хопіць насення, падлічыць, як атрымаць добры ўраджай пры недахопе фінансаў. Пра гэта і многае іншае мы гутарым з галоўным аграномам КУСГП “Сіроцінскі” У. А. Федаськовым.
– Уладзімір Аляксандравіч, некаторыя прытрымліваюцца думкі, што ў аграномаў гарачы час толькі падчас пасяўной і ўборачнай. Ці так гэта?
– Вядома, прыпар, калі дыхнуць некалі і калі рабочы дзень заканчваецца апоўначы, не параўнаеш з зімовымі днямі. Але ж аграном дбае пра будучы ўраджай цэлы год. Яшчэ з восені мы пачалі займацца праверкай насення на ўсходжасць, засмечанасць, вільготнасць і іншыя параметры. Зараз карэкціруем структуру пасяўных плошчаў, падсумоўваем колькасць насення, вырашаем пытанні севазвароту, вызначаем, якой культуры аддаць перавагу.
– І на чым прыпыніліся?
– У гэтым годзе мяркуем засеяць 700 гектараў зерневых і зернебабовых. Свайго насення хапае з запасам. Паўтары сотні гектараў адводзім пад пшаніцу, сто – пад ячмень (мяркуем сеяць гатунак “бацька”), 200 – пад авёс, 250 – пад зернебабовыя. Паколькі маем уласнае насенне толькі першай рэпрадукцыі, мяркуем набыць тон па пяць эліты пшаніцы і ячменю – гэтага хопіць засеяць па дваццаць гектараў абедзвюх культур. Элітнае насенне нам прапануюць набыць у “Альгове”, “Тулаве” і “Рудакове”. Але ж мы не плануем траціць грошы гаспадаркі на пакупку, а хочам абмяняць азімыя зерневыя (зерне ў нас ёсць у запасе) на яравыя. Хто нам пойдзе насустрач – з тым і будзем супрацоўнічаць.
– Мінулы год, калі восенню задажджыла і весці ўборку зерневых было немагчыма, паказаў, што трэба шукаць новыя падыходы да работы АПК. Можа, трэба трымаць накірунак на кукурузу?
– Адназначна, мінулы год для зерневых быў праблемным. Не хапала мінеральных угнаенняў, таму і вынік адпаведны. Але трымаць накірунак на кукурузу – гэта не выхад. Кукуруза па сілах толькі тым гаспадаркам, у каго высокапрадукцыйная жывёлагадоўля. У адваротным выпадку львіная доля грошай пойдзе на пакупку насення і гербіцыдаў. А без хімпраполкі кукуруза не вырасце – праверана.
Паколькі сродкі аховы раслін каштуюць вельмі дорага, наша гаспадарка вырашыла змяншаць кукурузныя палеткі. Калі некалькі гадоў таму мы сеялі па 600 гектараў кукурузы, то летась – у тры разы менш. Падлічылі, што кукуруза – культура дарагая, нясе многа выдаткаў.
– Я якія ж тады культуры, на вашу думку, з’яўляюцца выгаднымі?
– Думаю, для нашых пасяўных плошчаў гэта бабовыя. Плануем паступова змяншаць кукурузныя палеткі і трымаць накірунак на канюшыну. Калі насенне гэтай культуры маеш уласнае, то сяўба абыходзіцца танней. У нашай гаспадарцы ёсць насенне канюшыны ружовай гатунку “віцяблянка” – культура добра прыжылася на нашых палетках і дае добры ўраджай. Увогуле мы пачалі ўшчыльную займацца вырошчваннем канюшыны два гады таму. Сёння на палетках расце 700 гектараў другога году сяўбы, 500 – першага. Больш таго, у лютым мы падсявалі канюшыну па азімых зерневых, вясной – па яравых. Сёлетні план сяўбы – 500 гектараў.
– А чаму менавіта канюшына?
– Па-першае, яна дае добры ўраджай. Па-другое, сянаж з яе ўперамежку са злакавымі атрымліваецца выдатны. Ну, а галоўнае – гэта таннасць у доглядзе за палеткамі. Канюшына не патрабуе мінеральных угнаенняў.
Больш таго, яна з’яўляецца выдатным папярэднікам практычна для ўсіх культур і добра абагачае глебу азотам. Такім чынам за кошт севазвароту ўдаецца абысціся практычна без мінеральных угнаенняў. Пасля канюшыны сеем зерневыя, на такіх палетках яны растуць значна лепш.
– Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам у нялёгкай агранамічнай справе. Добрых ураджаяў!
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №22 ад 20.03.2018 г.