Жаночая справа
або Пра тое, ці рэальна навучыцца шыць за тры месяцы
– Я даўно хацела навучыцца шыць, гатова была наведваць спецыяльныя курсы нават у Віцебску, – кажа Алена, трымаючы ў руках пашытую ўласнымі рукамі сукенку. – І калі даведалася, што курсы швачак адкрываюцца ў Шуміліне, адразу ж запісалася.
Алена вучылася шыць, як сама сказала, з нуля. Цяпер гэта агульнае ў іх з дачкой захапленне, ды і за швейнай машынкай справа не стала: яна даўно чакала свайго часу, як і аверлок. Вось так грунтоўна падышоў да справы чалавек.
Пасля больш як пятнаццацігадовага перапынку цэнтр падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі зноў адкрыў курсы швачак. Хаця тады, у мінулым, гэта быў вучэбна-вытворчы камбінат, які займаўся дадатковай адукацыяй старшакласнікаў. Паралельна з атэстатам аб сярэдняй адукацыі кожны выпускнік Шумілінскага раёна атрымліваў і пасведчанне аб прафесійным навучанні. Асабіста я, напрыклад, стала швачкай III разраду (пасведчанне і цяпер захоўваецца разам з усімі дакументамі ў спецыяльнай папцы). Дарэчы, каб пасля навучання прайшло менш за 20 год, то яно, гэта пасведчанне, дало б мне права прэтэндаваць на работу ў швейнай вытворчасці.
Да слова, шкада, што ў дзяцей зараз няма магчымасці за час вучобы ў школе атрымаць яшчэ і прафесію. Усе нашыя хлопцы тады вывучыліся на вадзіцеляў, можна было атрымаць правы трактарыста, а яшчэ паспрабаваць сябе ў прафесіі выхавальніка дзіцячага сада. І ўсё – бясплатна. Ну, хіба не выдатна? Мы выязджалі са сваёй вёскі ў Шуміліна, сустракаліся з аднагодкамі з іншых школ, цікава праводзілі дзень. Цудоўныя былі часіны.
Але ж вернемся ў дзень сённяшні. Дырэктар цэнтра Аляксандр Гусакоў расказаў, як рэанімавалі швейны клас. Ад былога, як гэта часта ў нас бывае, не засталося нічога. Наогул, нічога. Хаця, няпраўда: настаўніца Надзея Васільеўна Бароўкіна, якая навучыла шыць мяне і яшчэ сотні школьніц, быццам на машыне часу перанеслася ў дзень сённяшні. Яна паддалася на ўгаворы дырэктара і, так сказаць, увязалася ў гэту “авантуру”. І, можна не сумнявацца, што ад гэтага выйгралі ўсе. Надзея Васільеўна надзвычай адказны і старанны настаўнік. Яна даходліва падае матэрыял, і навучыцца шыць побач з ёй можа кожны, нават той, хто не адчувае ў сабе такога таленту.
Педагога знайшлі, засталося абсталяваць клас усім неабходным. Пяць швейных машын і аверлок узялі ў арэнду ў райбыткамбінаце, усе неабходныя камплектуючыя і матэрыялы закупілі. Далі аб’яву ў газету пра набор на курсы швачак. Так сфарміравалася першая група з васьмі чалавек – падабраліся дзяўчаты і жанчыны ад 18 да 45 год.
Тры месяцы запар па вечарах і ў выхадныя дні вучаніцы старанна і настойліва асвойвалі прафесію швачкі. Аляксандр Віктаравіч асобна адзначыў іх дысцыплінаванасць: заняткі, наогул, не прапускалі. Здавалася б, чаму можна навучыцца за такі кароткі тэрмін? Надзея Васільеўна сказала, што пасля такіх курсаў можна стаць швачкай II-III разрадаў і не болей. Але ж яна паставіла перад сабой задачу сапраўды навучыць жанчын шыць, тым больш, што некаторыя і не збіраюцца далей працаваць на швейнай вытворчасці, а вучыліся выключна для сябе. Мадэляванне, раскрой, апрацоўка дэталяў вузлоў і пашыў лёгкай сукенкі – вось што цяпер умеюць выпускніцы курсаў. Іншымі словамі, яны могуць не толькі, напрыклад, прасціну ці падкоўдранік які зляпаць, але ўласнаручна сканструяваць і сшыць сабе ці блізкім сукенку, спадніцу, кашулю і шмат чаго яшчэ.
– У мяне ёсць навык шыцця: у маладосці вучылася на закройшчыка, – кажа Валянціна, не выпускаючы з рук іголкі. – Цяпер, паднавіўшы веды, планую выйсці працаваць на прыватнае прадпрыемства па пашыве мяккіх цацак.
Да гэтага ж прыватніка збіраецца і яшчэ адна выпускніца курсаў. Многія прызналіся, што спадзяюцца на адкрыццё ў Шуміліне швейнага цэху ад прадпрыемства “Знамя індустрыялізацыі”, аналагічнага адкрытаму ў Обалі.
Як патлумачыла намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Таццяна Вараб’ёва, перагаворы з гэтым прадпрыемствам вядуцца. Раён гатовы прапанаваць ім некалькі памяшканняў пад адкрыццё цэху. Але ў той жа час для гэтага неабходна дастатковая колькасць работнікаў – каля 30-ці чалавек, а інтарэс праяўляюць літаральна чалавек пяць. Зноў жа, “Знамя індустрыялізацыі” гатова расшыраць цэх у Обалі і тым жа пяці жадаючым з Шуміліна аплачваць праезд.
“Калі б я ведала, што швачак, якія жадаюць працаваць у Шуміліне, набярэцца хаця б чалавек 15, то ўжо магла б весці перагаворы з іншымі прадпрыемствамі, тым жа самым Mark Formelle, – тлумачыць сітуацыю Т. М. Вараб’ёва. – Але пакуль справа за кадрамі”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №20 ад 13.03.2018 г.