В Шумилино прошли торжества, посвящённые Дню защитников Отечества

Актуалии Культура Общество

Свята доблесці і гонару

23 лютага ў Шуміліне прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны і 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Ад цэнтральнай плошчы кіраўніцтва раёна, ветэраны вайсковай службы, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, грамадскіх арганізацый прайшлі да брацкіх могілак, дзе адбыўся мітынг. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Снараў  у сваім выступленні адзначыў, што 23 лютага мы святкуем не проста дату стварэння арміі. У гэты дзень мы выказваем глыбокую ўдзячнасць абаронцам Айчыны ўсіх пакаленняў: ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ваенных канфліктаў і лакальных войнаў XX стагоддзя, сучасным вайскоўцам, якія з’яўляюцца гарантамі бяспекі суверэннай беларускай дзяржавы. Ён павіншаваў усіх са святам, пажадаў міру і дабрабыту.
Тэма пераемнасці пакаленняў у ваеннай справе прадоўжылася ў выступленні начальніка адасобленай групы аб’яднанага ваенкамата Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэя Собіна, які падкрэсліў, што сучасная беларуская армія працягвае слаўныя традыцыі бацькоў і дзядоў і надзейна забяспечвае ўмовы для мірнай стваральнай працы грамадзян Беларусі.
Хвіліна маўчання. Пад размераныя гукі метранома вядучыя ўзгадваюць прозвішчы нашых землякоў – Герояў Савецкага Саюза, арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Шуміліншчыне, воінаў-інтэрнацыяналістаў. На брацкія могілкі кладуцца вянкі і кветкі ад ўдзячных нашчадкаў салдатаў Вя-лікай Айчыннай вайны.
*     *     *
Святочныя мерапрыемствы прадоўжыліся ў актавай зале Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў. У суправаджэнні ганаровай варты з дэсантнікаў 103-й паветрана-дэсантнай брыгады ў залу ўрачыста ўносіцца баявы сцяг 235-й Віцебскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава стралковай дывізіі, якая ў 1944 годзе вызваляла Шумілінскі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава адзначыла, што 23 лютага 1918 года была створана Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія для барацьбы з нямецкімі войскамі, якія, скарыстаўшыся рэвалюцыйнымі падзеямі ў Расіі, перайшлі ў наступленне.
Дарэчы, варта ўзгадаць і такі гістарычны факт, што на Шуміліншчыне пастановай Мішневіцкага валаснога Савета сялянскіх дэпутатаў таксама 23 лютага быў створаны ваенны атрад для барацьбы з нямецкімі акупантамі.
“Ніколі з нашай зямлі не зыходзіла пагроза вайны, – падкрэсліла Ірына Мікалаеўна. – Але беларускі народ заўсёды паўставаў для барацьбы з любым ворагам, які прыходзіў на нашу зямлю са зброяй, заўсёды даваў моцны адпор захопнікам”.
І ў пасляваенныя гады Беларуская ваенная акруга была адной з мацнейшых, гатовай для адбівання любой агрэсіі. Менавіта гэтыя войскі сталі асновай сучасных Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Як адзначыла Ірына Новікава, святочны дзень – гэта нагода ўспомніць тых, каго ўжо няма з намі, павіншаваць тых, хто побач, хто з’яўляецца абаронцам сваёй Айчыны, свайго дома і сям’і, будучыны краіны.
З нагоды святочнай даты і юбілею Узброеных Сіл Беларусі Ірына Мікалаеўна ўручыла Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў старшыні раённай арганізацыі “Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане” Мікалаю Шчарбіцкаму і Падзяку старшыні райвыканкама – начальніку адасобленай групы аб’яднанага ваенкамата Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэю Собіну.

Да віншаванняў і ўзнагароджанняў далучыўся старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Жандараў, які ўручыў знакі «Беларускаму саюзу афіцэраў – 25», граматы абласной і раённай арганізацый “Беларускага саюза афіцэраў” вялікай групе актывістаў, якія вызначыліся плённай работай у грамадскай арганізацыі, у патрыятычным выхаванні моладзі, увекавечанні памяці воінаў, загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Намеснік ваенкома Ігар Аляксееў і начальнік адасобленай групы ваенкамата Андрэй Собін уручылі граматы і падзякі аб’яднанага ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў ветэранам установы, грамадскім актывістам.

Цудоўны канцэрт для ўдзельнікаў святочных мерапрыемстваў падрыхтавалі самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры, выкладчыкі і выхаванцы школы мастацтваў.

У рэкрэацыях школы мастацтваў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеем і раённым Домам рамёстваў былі наладжаны цікавыя выставы, прысвечаныя знамянальнаму дню.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №17 ад 27.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *