Смерць пад коламі аўтамабіля
Вынесены прыгавор вадзіцелю, які збіў чалавека ў Мікіцісе
За рулём
Гэта быў звычайны восеньскі вечар у дарозе. За рулём Андрэй ужо гадоў 10, а таму ні прыцемкі, ні мокры пасля дажджу асфальт не прывялі яго як вадзіцеля ў нейкую разгубленасць. Мужчына часта ездзіў менавіта па гэтай дарозе наведаць бацькоў. Ды і машыну бацька падарыў, каб у сына часцей выпадала магчымасць прыехаць дадому.
Перад Мікіціхай Андрэй прывычна знізіў хуткасць і ехаў каля 60 км/гадз. Меў на ўвазе, вядома, і тое, што наперадзе прыбор фотафіксацыі хуткасці. І пра пешаходны пераход каля чыгуначнай станцыі таксама памятаў. Але здалёк ніякіх перашкод для руху мужчына не заўважыў. Чалавека на пераходзе ўбачыў, толькі калі да яго заставалася метраў 20, і прадухіліць сутыкненне было ўжо немагчыма. Ён, вядома, ціснуў на тормаз і стараўся вывернуць машыну, але пешаход усё роўна трапіў пад колы. Гэта была жанчына, якая атрымала не сумяшчальныя з жыццём траўмы і ў бальніцы сканала.
У той час на дарозе
Работнік міліцыі на аўто ехаў у Шуміліна. Ён таксама не адразу заўважыў, што па пераходзе ў Мікіцісе рухаецца пешаход: ліхтары па той бок дарогі тады не гарэлі. Ён засумняваўся, што і сустрэчны вадзіцель бачыць пешахода ў святле фар, а апошні, і гэта было відавочна, не збіраецца спыняцца і прапускаць машыну. Так і аказалася. Міліцыянер азірнуўся і ўбачыў, як чалавек падляцеў, перакруціўся ў паветры і ўпаў на зямлю. Стаўшы сведкам ДТЗ, ён ужо нікуды не паехаў, а застаўся на месцы да прыезду міліцыі і хуткай дапамогі.
Пешаход мае права
Дзве мясцовыя жанчыны, можна меркаваць, гэту дарогу пераходзілі не раз. Бойкая Р-20, якая перасякае вёску, патрабуе ад жыхароў Мікіціхі асаблівай пільнасці. Так, ёсць там і пешаходныя пераходы, і прыбор фотафіксацыі хуткасці, і святлафоры, і пешаходная зона, але ў любым выпадку гэта зона павышанай небяспекі, і здарыцца можа ўсялякае.
Па-рознаму павялі сябе гэтыя жанчыны, пераходзячы дарогу ў той раз. Пачакаць, прапусціць машыны прапанавала адна і засталася стаяць. “Нічога страшнага, нас абавязаны прапусціць”, – парыравала другая і смела пайшла, ні на што не зважаючы. Магчыма, смеласці (праўда, толькі адной з сябровак) дабавіла распітая перад гэтым бутэлька віна. Вынік вы ўжо ведаеце.
Беражонага бог беражэ
Усё правільна. На дарозе пешаход мае перавагу перад вадзіцелем. Гэта прапісана ў правілах дарожнага руху. Але ж, зыходзячы з простай жыццёвай логікі, мы разумеем, што не заўжды мае сэнс “мерацца правамі” на дарозе. Нешта можа адцягнуць увагу вадзіцеля, яму можа стаць дрэнна, умовы надвор’я могуць паўплываць на сітуацыю і шмат чаго яшчэ, што нельга прадугледзець загадзя. Гэта калі не ўспамінаць пра вадзіцеляў, якія вядуць сябе на дарозе нахабна і наогул ігнаруюць правілы. Для трагедыі дастаткова некалькіх секунд. Вінаватага, вядома, суд пакарае, толькі каму ад гэтага лягчэй? Беражонага бог беражэ – гэта жыццёвая мудрасць выратавала і яшчэ выратуе не адно чалавечае жыццё.
Прыгавор вадзіцелю вынесены
Малады чалавек з Віцебска быў асуджаны судом Шумілінскага раёна. Ён быў прызнаны вінаватым па ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у парушэнні правіл дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. Суд, які прайшоў пад старшынствам суддзі Алены Сініцкай, прыгаварыў вадзіцеля да трох год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, таксама ён на пяць год пазбаўлены вадзіцельскіх правоў.
У ходзе судовага разбору было бачна, што мужчына пакутуе ад усведамлення таго, што па яго віне загінуў чалавек. Гэты выпадак, безумоўна, раздзеліць яго жыццё на “да” і “пасля”. А для ўсіх нас, і вадзіцеляў, і пешаходаў, гэта яшчэ адзін урок па бяспецы. Жорсткі ўрок, але як ёсць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.