Падвялі вынікі работы за 6 месяцаў
Эканоміка — аснова, на якой мы мацуем свой дабрабыт. І нездарма стратэгія развіцця Шумілінскага раёна ставіць галоўнай мэтай рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва на падставе ўдасканальвання сацыяльна-эканамічных адносін.
Аб тым, як гэтыя сацыяльна-эканамічныя адносіны развіваліся ў раёне ў першым паўгоддзі, і ішла размова 25 ліпеня на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Пасяджэнне правёў старшыня райвыканкама Вальдэмар Антонавіч Падляшчук.
В. А. Падляшчук назваў крайне нездавальняючай эканамічную дзейнасць раёна: з 20 прагнозных паказчыкаў, зацверджаных на бягучы год, раён выканаў усяго 7.
Інфармацыю па тэме падала намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы В. А. Байда. Вольга Аляксандраўна прааналізавала работу галін народнай гаспадаркі раёна за студзень-чэрвень.
У прамысловасці рэалізацыя прадукцыі ўзрасла на 29,2%, у тым ліку на Обальскім керамічным заводзе — на 41,9%, льнозаводзе — на 45,4%. Аб’ёмы вытворчасці прадукцыі ўзраслі на “Славянскім прадукце” (на 8,2%), на “Вежы” (66,5%), у цэху па забою птушкі (46,2%), на прадпрыемстве па здабычы і перапрацоўцы торфу — у два разы.
Знешнегандлёвы абарот за справаздачны перыяд склаў 688,4 тысячы долараў ЗША і ўзрос на 48,6%. На экспарт пастаўлена тавараў на суму 396,4 тысячы долараў, на 35,7 тысячы долараў аказана паслуг. Але заданне па росту аб’ёму экспарту тавараў выканаць на ўдалося (131,5% са 170%), як і заданне па зніжэнню імпарту (171,2% пры заданні 95%).
У галіне сельскай гаспадаркі не выкананы параметр па росту аб’ёму вытворчасці валавой прадукцыі — 100,7% пры заданні 130%.
У гандлі і сферы паслуг не выкананы параметры па росту рознічнага тавараабароту грамадскага харчавання, па росту аб’ёму рэалізацыі бытавых і транспартных паслуг, паслуг сувязі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Развіццё будаўнічай галіны раёна ў першым паўгоддзі адзначана ўвядзеннем 4000 метраў квадратных жылля (44,4%), на што выкарыстана 5,8 мільярда рублёў інвестыцый.
У эканоміку раёна за студзень-чэрвень бягучага года інвеставана больш як 35 мільярдаў, у тым ліку ў прамысловасць — 1,9 мільярда, у сельскую гаспадарку — 21,1 мільярда рублёў.
Па выніках работы за студзень-май атрыманы страты ад рэалізацыі прадукцыі ў суме 271 мільён рублёў. Страты дапусцілі Обальскі керамічны завод, “Шумілінскі льнозавод”, райспажыўтаварыства.
Колькасць занятага насельніцтва скарацілася ў раёне з 9615 чалавек (на пачатак года) да 9441 на 1 ліпеня. Узровень сярэдняй заработнай платы ў чэрвені склаў 1250 тысяч рублёў пры заданні 1350.
Было таксама адзначана, што ў раёне палепшылася дэмаграфічная сітуацыя: на 28,6% узрасла нараджальнасць, на 7,6% скарацілася смяротнасць насельніцтва.
За справаздачны перыяд створана 7 новых прадпрыемстваў і 170 новых рабочых месцаў. Узровень беспрацоўя склаў 0,8% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.
З судакладам па акрэсленаму пытанню выступіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка.
Прычыны нездавальняючай работы і шляхі выхаду з крызіснай сітуацыі з высокай трыбуны тлумачылі дырэктар Обальскага керамічнага завода В. А. Старыковіч, дырэктар ААТ “Шумілінскі льнозавод” А. М. Папіна, дырэктар КУП бытавога абслугоўвання насельніцтва В. П. Бабічаў, старшыня праўлення райспажыўтаварыства В. В. Доктараў.
На пасяджэнні райвыканкама была абмеркавана таксама работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у адпаведнасці з патрабаваннямі аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата. З інфармацыяй па гэтаму пытанню выступіла Л. І Казаравец.
Падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.