Аналіз дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне паказвае, што за студзень – чэрвень бягучага года ў нас нарадзілася 100 дзяцей (на 32 менш, чым у мінулым годзе); памерла ж за гэты перыяд 237 чалавек (92,6% да мінулагодняга). Натуральныя страты склалі 137 чалавек. Такая вось неаптымістычная дэмаграфія складваецца ў раёне.
Рост смяротнасці назіраецца ў Мікалаеўскім і Мішневіцкім сельсаветах, а таксама ў самім Шуміліне. Колькасць народжаных скарацілася ў Дабейскім, Каўлякоўскім і Светласельскім сельсаветах.
Па прычынах смерці на першым месцы — хваробы сістэмы кровазвароту (106 чалавек), на другім – старасць (39 чалавек), на трэцім – анкалагічныя захворванні (26 чалавек).
Службамі раёна асаблівая ўвага ўдзяляецца прафілактычнай рабоце па папярэджанню гібелі людзей ад кіруемых прычын. Гэтая работа дае плён. У раёне за паўгоддзе не зарэгістравана ніводнага забойства, у дарожна-транспартных здарэннях загінулі тры чалавекі (75%), самазабойствы скараціліся на 64,3% — 5 чалавек супраць 14 мінулагодніх.
Але захоўваецца негатыўная тэндэнцыя алкагалізацыі насельніцтва. Рэалізацыя гарэлкі і гарэлачна-лікёрных вырабаў ўзрасла за 6 месяцаў на 12,5%. Часта некантралюемае спажыванне алкаголю вядзе да гібелі людзей. За паўгоддзе ў нас атруціліся алкаголем 6 чалавек. 4 чалавекі (усе знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення) загінулі на пажарах.
Сістэмна вядзецца работа па папярэджванню вытворчага траўматызму, па паляпшэнню ўмоў і аховы працы. Шэраг прынятых мерапрыемстваў дазволілі пазбегнуць траўматызму на вытворчасці з цяжкім зыходам.
Адзін з галоўных клопатаў – здароўе дзяцей. У нашым раёне пражывае 45 дзяцей-інвалідаў. У гэтым годзе гэты статус набылі яшчэ пяцёра дзяцей. За паўгоддзе ў раёне памерла чатыры дзіцяці.
Варта адзначыць, што далёка не заўсёды чалавек сам клапоціцца пра сваё здароўе. Нягледзячы на развітую інфраструктуру, масавай фізічнай культурай, спортам і турызмам у раёне занята не больш 10—15% насельніцтва, актыўны здаровы адпачынак для большасці насельніцтва не стаў нормай жыцця.
У дэмаграфічнай сітуацыі бягучага года назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі ў плане зніжэння адмоўнага сальда міграцыі: выехала 76 чалавек супраць 124, якія па-кінулі раён у мінулым годзе.
Для стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі, стымулявання нараджальнасці і ўмацавання сям’і праводзіцца вялікая работа. У прыватнасці, аказваецца дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога малазабяспечаным сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей; бясплатным харчаваннем карыстаюцца 223 дзіцяці першых двух год жыцця; аказваецца юрыдычная, псіхалагічная, сацыяльна-педагагічная дапамога. Праводзіцца дыспансерызацыя насельніцтва. У мэтах аптымізацыі міграцыйных працэсаў у раёне створаны 134 новыя рабочыя месцы, уведзена ў эксплуатацыю 2789 кв. метраў жылля.
Опубликовано в №57 от 27.07.2010