Матулі бываюць розныя. У сэнсе праяўлення сваёй мацярынскай любові. Нехта песціць і шкадуе, іншая і накрычаць можа, і за рэмень узяцца. Кожная любіць, як умее. Але ж толькі паспрабуйце пакрыўдзіць яе дзіця, і вы даведаецеся, на што здатная жанчына, абараняючы сваю крывінку. На гэтым трымаецца свет.
Але ёсць і іншыя мамкі. Іх сёння прынята называць біялагічнымі. І тая базавая функцыя, прадугледжаная прыродай, здавалася б, для ўсіх, у іх ці, наогул, адсутнічае, ці знікла пад уплывам нейкіх абставін. Яны ўмеюць нараджаць дзяцей, але любіць не здатныя. Яны могуць доўга даказваць адваротнае, але хіба пра любоў да свайго дзіця трэба гаварыць – яго трэба любіць.
Цэлыя бастыёны пабудаваныя сёння ў абарону дзяцей, якім не пашчасціла з бацькамі. Дзясяткі службаў задзейнічаны ў гэтым, сотні коп’яў зламаныя. Толькі шчаслівага зыходу ў гэтай вайне быць не можа. Пакінуць дзіця ў сям’і, дзе бацькі не могуць забяспечыць для яго элементарных умоў для жыцця, – немагчыма; пазбавіць дзіця бацькоў – таксама надзвычай складанае рашэнне. Такія справы судом разглядаюцца асабліва скрупулёзна.
Так было і ў гэты раз. Праўда, справа, якая разглядалася судом у зале Светласельскага сельвыканкама, аказалася не зусім звычайнай. Гэта сям’я некалькі год таму ўжо была пазбаўлена бацькоўскіх правоў у адносінах да двух старэйшых дзяцей, якія цяпер выхоўваюцца ў прыёмнай сям’і. Але жанчына зноў зацяжарала і нарадзіла хлопчыка. Чым яны з мужам заслужылі такі боскі падарунак у свае ўжо не юныя гады, невядома. Нябёсы быццам далі ім чарговы шанс на выпраўленне. Але тое, што падарунка гэтага будучая маці не ацаніла, стала зразумела адразу. Носячы дзіця пад сэрцам, яна не адмаўляла сабе ў чарцы. Такія паводзіны вымусілі сацыяльныя службы адабраць дзіцяці адразу пасля нараджэння і даць бацькам тэрмін на выпраўленне сваіх паводзін.
І яны сапраўды спрабавалі: кадзіраваліся, лячыліся ад алкагольнай залежнасці. Праўда, у судзе маці так і не змагла прыпомніць, колькі ж разоў яна такім чынам папраўляла здароўе. Відаць, нейкі імунітэт на лячэнне ёсць у іх з мужам. Тым не менш, ім паверылі і дзіця вярнулі, зноў паспадзяваўшыся на іх бацькоўскае абяцанне. Варта агаварыцца, што дом у гэтых людзей годны, і для дзіця ёсць неабходныя рэчы, бяда толькі з дрывамі.
Дык вось, “гуляць” у добрых бацькоў доўга не атрымалася. Першым “здаўся” бацька. Маўляў, калымлю, а людзі разлічваюцца бутэлькай. У каго які аўтарытэт, што тут скажаш. Бацька пачаў, ды і маці хутка “падцягнулася”. І гэта карусель закруцілася па новай. Дзіця зноў забралі. Маці прывычна лягла на лячэнне і 21 дзень піла таблеткі. На кану – родны сын. Але, напэўна, кон аказаўся не вартым, бо, вярнуўшыся з бальніцы, жанчына адразу ж напілася, гэтым самым паставіўшы тлустую кропку на сваім мацярынстве.
У якасці сведкі ў суд запрасілі прыёмную маці старэйшых дзяцей гэтай пары, выступленне якой расчуліла да такой ступені, што ў многіх на вачах з’явіліся слёзы. “Яны вас вельмі любяць, – звярнулася да гора-бацькоў жанчына, – але і крыўда на вас у іх вялікая. Я вельмі прашу, не давайце дзецям пустых абяцанняў, не абнадзейвайце, што хутка забераце іх дадому. Яны вам вераць і чакаюць, літаральна, сядзяць на чамаданах. І перажыць чарговае расчараванне ім потым вельмі складана. У гэты раз нават да псіхолага прыйшлося звяртацца.” Прыёмная маці перадала біялагічнай малюнак, які намаляваў старэйшы сын. Ён паказвае, што шчаслівай можа быць толькі тая сям’я, дзе спіртное пад забаронай.
Пра бацьку хочацца сказаць асобна. Ён пакінуў уражанне чалавека без стрыжня, без таго сапраўднага мужчынскага, што дазваляе быць гаспадаром у доме і ва ўласным жыцці таксама. Сам ён з прыстойнай сям’і, маці і іншыя сваякі заўжды і ва ўсім яго падтрымлівалі. Нават і цяпер гатовыя гадаваць яго сына, каб толькі той не патрапіў у дзіцячы дом. Але той факт, што на рабоце праз аднаго злоўжываюць, што жонка п’е, перашкаджае мужчыну выйсці на правільную дарогу. Толькі гэта не апраўданне. Плыць па цячэнні лёгка – нават вёслы не патрэбныя. Адна бяда – куды прыплывеш, невядома,
Пакуль на рахунку гэтай сямейнай пары – трое няшчасных дзяцей. Так, у адносінах да малодшага сына старшыня суда Алена Сініцкая таксама пазбавіла іх бацькоўскіх правоў. Намеснік пракурора Андрэй Дзергачоў, які прымаў удзел у гэтай грамадзянскай справе, стаяў на гэтай жа пазіцыі. Ім так і не ўдалося знайсці ніякіх падстаў пакінуць дзіця гэтым двум несамастойным, безадказным, няўпэўнена стаячым на нагах людзям.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №15 ад 20.02.2018 г.