Да 7 лютага выбаршчыкі атрымаюць запрашэнне на мясцовыя выбары
Участковыя камісіі да 7 лютага паведамяць выбаршчыкам пра час і месца галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га склікання.
Гэта прадугледжана каляндарным планам па падрыхтоўцы і правядзенні выбарчай кампаніі. Дарэчы, у нашым раёне члены ўчастковых камісій ужо разносяць паведамленні выбаршчыкам на сваіх участках як у райцэнтры, так і ў сельскіх населеных пунктах.
Мясцовыя выбары прызначаны на нядзелю 18 лютага. Датэрміновае галасаванне адбудзецца з 13 па 17 лютага ўключна. Яно не будзе праводзіцца ў санаторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых стацыянарных арганізацыях аховы здароўя, а таксама для грамадзян, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе арышту ці знаходзяцца ў лячэбна-папраўчых прафілакторыях.
Усяго на мясцовых выбарах у рэспубліцы ўтворана 5 870 участковых выбарчых камісій. Тыя з іх, дзе будзе праводзіцца датэрміновае галасаванне, да 12 лютага будуць забяспечаны бюлетэнямі.
Кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваны больш за 22,2 тысячы чалавек, якія змагаюцца за больш чым 18 тысяч мандатаў.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў № 11 ад 06.02.2018 г.