Юбілейныя ўрачыстасці і ўшанаванне лепшых працаўнікоў Віцебшчыны

Актуалии Общество

Юбілейныя ўрачыстасці і ўшанаванне лепшых працаўнікоў Віцебшчыны

2 лютага ў канцэртнай зале “Віцебск” прайшоў урачысты сход, прысвечаны 80-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці, кульмінацыяй якога стала ўшанаванне лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны-2017”.
Павіншаваць прыдзвінскі край з юбілеем прыехалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін, кіраўнікі міністэрстваў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, ганаровыя госці з іншых рэгіёнаў Беларусі, Смаленскай, Пскоўскай, Саратаўскай і Бранскай абласцей Расійскай Федэрацыі.
Уладзімір Андрэйчанка ўручыў старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарснёву Падзяку Кіраўніка дзяржавы працаўнікам Віцебшчыны за значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці і ў сувязі з 80-годдзем з дня ўтварэння вобласці. Істотным падарункам да юбілею стала выдзяленне з рэзервовага фонду Прэзідэнта мільёна рублёў на фінансаванне рэканструкцыі корпуса абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера.
“Гэта ўзнагарода – высокая ацэнка работы многіх пакаленняў працаўнікоў. 80 год – гэта не проста круглая дата, а напамін пра тое, што Віцебская вобласць мае вялікую гісторыю, багатыя духоўныя і культурныя традыцыі. Віцебшчыне ёсць чым ганарыцца і ў прамысловасці, і ў аграпрамысловым сектары, сацыяльнай сферы, але самае вялікае багацце – цудоўныя людзі, якія працуюць на гэтай зямлі. Людзі працавітыя, прадпрымальныя, таленавітыя і гасцінныя, якія любяць свой край”, – сказаў Уладзімір Паўлавіч.
Уладзімір Андрэйчанка таксама ўручыў кіраўніку вобласці Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якой узнагароджана Віцебская вобласць.
Старшыня аблвыканкама падзякаваў былым кіраўнікам вобласці і ўручыў Ганаровыя дыпломы і знакі аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміру Кулакову, Уладзіміру Андрэйчанку, Аляксандру Косінцу.
Ён узгадаў Уладзіміра Грыгор’ева, Аляксандра Ацясава, Уладзіміра Лабанка, Сяргея Кабяка, Сяргея Шабашова, Івана Шыбеку, Аляксандра Аксёнава, Пятра Рубіса, Яўгена Емяльянава – тых, хто ў свой час узначальваў дзяржаўныя і партыйныя органы рэгіёна, унёс істотны ўклад у развіццё Віцебшчыны.
Традыцыйнай падзеяй стала ўзнагароджанне лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны”. Сёлета цырымонія ўшанавання лепшых людзей вобласці праходзіла у дзясяты раз. У новым фармаце колькасць узнагароджаных скарацілася са 100 да 50 чалавек, з 20 да 5 скарацілася і колькасць намінацый, якія аб’ядноўваюць усе галіны народнай гаспадаркі. Гэта азначае, што адбор кандыдатур стаў яшчэ больш строгі, у спісы ўзнагароджаных трапілі самыя дастойныя.
Адкрываючы цырымонію ўзнагароджання, Мікалай Шарснёў адзначыў, што жыхары Прыдзвіння заўжды былі дастойнымі працаўнікамі і абаронцамі Айчыны. Наша зямля вырасціла 312 Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сацыялістычнай Працы, поўных кавалераў ордэнаў Славы і Працоўнай Славы. Сёння вобласць з’яўляецца прамыслова-аграрным рэгіёнам, які дае трэць усёй электраэнергіі краіны, 100% вырабу даламітавай мукі, больш за 90% льняных тканін, палімераў, дываноў, больш за 50% абутку. Віцебскія тавары прадаюцца ў 90 краін свету.
Кіраўнік вобласці адзначыў, што перамены да лепшага адбываюцца і ў сацыяльнай сферы. Штогод адкрываюцца новыя аб’екты аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту. Асаблівая ўвага надаецца развіццю малых гарадоў і пасёлкаў. Па прыкладу аграгарадка Копысь у вобласці штогод будуць добраўпарадкоўвацца па два населеныя пункты.
Залаты фонд вобласці – прафесіяналы высокага ўзроўню, якія ёсць ва ўсіх сферах, ва ўсіх раёнах Віцебшчыны. Як заўважыў Мікалай Шарснёў, іх ушанаванне ў пачатку года дае годны старт новым дасягненням, вызначае новыя рубяжы, да якіх трэба імкнуцца.
Прыемна адзначыць, што сярод пяцідзесяці лаўрэатаў на сцэну падымаліся два прадстаўнікі Шумілінскага раёна – рабочы Обальскага керамічнага завода Андрэй Гулакоў і дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Валянціна Штуро (на здымку).
Урачыстасці завяршыліся цудоўным канцэртам, у якім былі прадстаўлены таленты з усіх раёнаў і гарадоў Віцебшчыны.
*     *     *
У гэты ж дзень урачыстасці з нагоды 80-годдзя Віцебскай вобласці прайшлі ў аблвыканкаме, дзе адбылося шанаванне людзей, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна.
Ганаровымі граматамі, дыпломамі, памятнымі медалямі ўзнагародзілі ветэранаў працы, былых кіраўнікоў вобласці і мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама тых, хто сёння працягвае іх традыцыі і працуе на карысць роднага краю.
Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь была ўзнагароджана старшыня Лаўжанскага сельскага Савета дэпутатаў Святлана Кійко.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 11 ад 06.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *