Про жильё, долги, кредиты и приватизацию…

Актуалии Сельское хозяйство

В агрогородке Светлосельский

На шалях згоды: “голас” прыватніка і боязь кадравага “голаду”
“З любым рай і ў будане”. Рамантычныя, прыгожыя словы з песні. Можа, так яно і ёсць, калі табе дваццаць і ты не думаеш пра тое, ці застанецца гэты рай, калі з’явіцца дзіця.
Свайго жылля чалавеку хацелася заўсёды. Нават тады, калі, здавалася б, “перакавалі” яго псіхалогію, давялі: самае важнае, маўляў, грамадскае, супольнае, у асабістым шмат ад мяшчанскага. Але псіхалогія ўласніка ў чалавеку жыла і будзе, відаць, жыць у вяках. Гэта зразумелі ўлады, калі правялі ў свой час  прыватызацыю дзяржаўнага жылля.
Сёння прыватызацыя каштуе немалых грошай, тым не менш народ ідзе і на такія выдаткі дзеля таго, каб мець кватэру ці асабняк у сваёй уласнасці. Але аб прыватызацыі жылля, якое на балансе УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” і якое ўзводзілася па Праграме адраджэння вёскі, гаварыць досыць рана. Трэба спачатку яго зарэгістраваць, атрымаўшы тэхнічны пашпарт.  А якраз з гэтым на прадпрыемстве праблемы.
За 2005-2010 гады будаўнікі перадалі райаграсэрвісу 64 дамы сядзібнага тыпу і 32-кватэрны службовы дом, з гэтага “актыву” 43 асабнякі, па словах спецыяліста ўчастка ЖКГ прадпрыемства В. С. Бяззубенка, не маюць патрэбнай дакументацыі, каб можна было гаварыць аб пераводзе банкаўскага доўгу на чалавека, які там пражывае. На часовага жыльца. Менавіта часовага, але ў якога ўсё мацнее голас прыватніка. З просьбамі дазволіць выкупіць асабнякі райаграсэрвісу заяў у дырэктара А. Ф. Яхіяева шмат, але ўсім адмоўлена. “І застанёмся на птушыных правах, пакуль не  вернецца павага да рабочага чалавека”, — выказаў думку малады мужчына, адзін з тых гаспадароў, хто жадае выкупіць асабняк у райаграсэрвісу.
Спачатку ж аб тым,  чаму “завісла” столькі жылля, чаму яно без патрэбнай дакументацыі? Прычына будзённая: не хапае грошай разлічыцца з бюро тэхнічнай інвентарызацыі за паслугі. Вінавата “махровая” закрэдытаванасць прадпрыемства. Грошы не астранамічныя, тым не менш без крэдытнай лініі не абысціся.  Начальнік РКЦ № 4 Шуміліна філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Н. С. Крыўко (у гэтым банку абслугоўваецца прадпрыемства) пераканана: тупіковых сітуацый няма, трэба адпрацаваць магчымыя варыянты. І параіла тым жыльцам, хто жадае выкупіць жыллё ў сваю ўласнасць, звяртацца ў першую чаргу ў банк. Тут падлічаць сукупны даход, прымаючы да ўвагі і даходы сваякоў, параяць, як паступіць лепш. Праўда, лёс заявы на перавод доўгу застаецца ўсё ж за дырэктарам А. Ф. Яхіяевым.
— Можна перадаць, а што далей? — парыруе кіраўнік. — Што мне рабіць, калі пасыпяцца заявы аб звальненні? Атрымаюць жыллё і скажуць: ”Бывай!” Пакуль што з гэтым пачакаем. А ўвогуле ў нас камунальная ўласнасць, ёй распараджаюцца раённыя ўлады. Будзе адтуль распараджэнне — калі ласка…
Дазвол быў дадзены дзвюм сем’ям. Для гэтага былі асаблівыя акалічнасці: адна сям’я — медыкаў, а  Л. А. Шытавай, што звярнулася да старшыні райвыканкама, жыллё пабудавана за грошы інвестыцыйнага фонду, а значыць, была падстава для выкупу. У астатніх — сітуацыя іншая. Тым не менш з банка даслалі на імя дырэктара А. Ф. Яхіяева паперу з просьбай станоўча разгледзець заявы аб пераводзе доўгу жыльцам дамоў, каб знізіць крэдытную нагрузку прадпрыемства. Пісьмо было датавана 27 студзеня 2011-га. Але пазіцыя дырэктара нязменная — пачакаць, бо ў яго ёсць асцярога, што “пасыпяцца” заявы. Не думаю, што ўсе 62 гаспадары асабнякоў, а таксама 32 кватэр новага дома кінуцца выкупліваць жыллё, тым больш, што не ў кожнага хопіць для гэтага даходаў. Праўда, на думку бухгалтара прадпрыемства Л. В. Пішчанка, 67 мільёнаў (кошт яе дома, здадзенага 5 гадоў назад) — гэта па сутнасці сёння мізэр. Важна з разуменнем паставіцца да жыльцоў, работнікаў прадпрыемства: ім што, усё жыццё сядзець і  чакаць, пакуль падпішацца іхняя заява? Таму муж Л.В. Пішчанка і ўвязаўся ў будаўніцтва аднапакаёвай кааператыўнай кватэры (яна будзе каштаваць 126 мільёнаў, а з улікам банкаўскіх налічэнняў — і ўсе 170 мільёнаў рублёў). Вось так рызыкуе “часовапражываючы”: ён гатовы адмовіцца ад асабняка на карысць кватэры, якая будзе яму ўласнай, як кажуць, і дэ-факта, і дэ-юрэ. А між тым прадпрыемству шмат гадоў аддалі бацькі Ларысы Валянцінаўны, нікуды не збіраецца “вылецець” і яна сама. А чаму б не падысці да разгляду заяў з пераводам доўгу дыферэнцыравана, з улікам заслуг чалавека, яго адносін да працы? Гэта была б не масавая акцыя, гэта былі б адзінкі, затое заслужаныя і аўтарытэтныя людзі, і кандыдатуры былі б “прапушчаны” праз прафкам. Упэўнены: гэта стала б для іншых стымулам і арыенцірам.
Прыгадаў у сувязі з гэтым нядаўнюю сваю публікацыю ў газеце “Герой працы”. Парадаваўся за аднаго гаспадара, які жыве па вуліцы Усходняй аграгарадка Светласельскі. Ён пакуль што такі ж часовапражываючы, як і дзесяткі іншых у Светласельскім, тым не менш не хоча змірыцца са сваёй доляй: разбірае хлеў, які абы-як змуравалі яму будаўнікі, будзе ставіць лазню, вырысоўваецца прыбудова да хаты — цёплая веранда. Значыць, чалавек разлічвае на памяркоўнасць тых, ад каго залежыць статус жылля, на тое, што стане ўрэшце ён сапраўдным гаспадаром. Не фармальна, а па законе…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №56 ад 26.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *