Тыдзень бяспекі дарожнага руху
Трэба быць абачлівым і асцярожным на дарозе, трэба вывучыць правілы дарожнага руху і строга іх прытрымлівацца, каб не стаць ахвярай ДТЗ.
«За першы месяц гэтага года па вобласці адбылося 13 ДТЗ, – расказаў старшы інспектар ДАІ РАУС Віктар Бурлакоў.– 7 чалавек загінулі і столькі ж пакалечана».
Таму з мэтай прафілактыкі і па ініцыятыве супрацоўнікаў упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама з 22 па 27 студзеня ў навучальных установах праводзіўся тыдзень бяспекі дарожнага руху.
Да яго далучыліся і вучні школ нашага раёна. У прыватнасці, шмат мерапрыемстваў прафілактычнага характару прайшло ў СШ № 2. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Юныя інспектары дарожнага руху” правялі акцыю “Флікер – мой дарожны талісман”. Таксама для дзяцей былі арганізаваны практыкумы “Пешаход і дарога” і “Пераходзім дарогу правільна”. Падчас акцыі “Захоўваем законы дарог” было арганізавана распаўсюджванне лістовак па бяспецы дарожнага руху сярод бацькоў і вучняў.
“Паколькі ў нашай школе вучыцца шмат прыезджых дзяцей – з Дабеі, Прыазёрнай, Ляжнёў, Слабады і Башнёў, у рамках тыдня бяспекі дарожнага руху мы арганізавалі акцыю “Бяспечны шлях дадому”, – расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце М. В. Федчанка.
Напрыканцы прафілактычнага тыдня была праведзена гульнявая праграма “Зялёны агеньчык” і флэш-моб “Пад крылом анёла”. Вучні і настаўнікі падтрымалі ініцыятыву чашніцкіх школьнікаў і запусцілі ў неба белыя паветраныя шары, да якіх былі прымацаваныя папяровыя анёлы. Флэш-моб быў прысвечаны ахвярам дарожна-транспартных здарэнняў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №10 ад 02.02.2018 г.