Ваенкамат. Тут пачынаецца армія
Сёлетні год для Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь асаблівы: беларуская армія святкуе свой 100-гадовы юбілей. І ваенныя камісарыяты – гэта своеасаблівае першапачатковае звяно паміж Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь і іншымі дзяржаўнымі органамі, грамадзянамі краіны. Асноўныя задачы камісарыятаў – вядзенне ваенна-мабілізацыйнай і ўлікова-прызыўной работы, падрыхтоўка і арганізацыя органаў мясцовага самакіравання да мабілізацыі ў выпадку неабходнасці, рашэнне пытанняў камплектавання арміі, падрыхтоўка да фарміравання тэрытарыяльных войск і арганізацыя тэрытарыяльнай абароны… Інакш кажучы, у выпадку ваеннай агрэсіі праціўніка менавіта ваенкаматы павінны арганізаваць хуткую мабілізацыю грамадзян на поўнамаштабную абарону краіны.
Зразумела, ваенкамат – гэта месца, куды ў сваім жыцці неаднаразова прыходзілі і прыходзяць большасць мужчын – на мерапрыемствы прызыву, рэгістрацыю, ваенныя зборы.
З нагоды 100-гадовага юбілею беларускай арміі размаўляем з ваенным камісарам аб’яднанага ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэем Міхайлавічам САВІЧАМ.
– Андрэй Міхайлавіч, ваенкамат для большасці прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва асацыюецца з прызывам на тэрміновую воінскую службу…
– Сапраўды, знаёмства большасці мужчын з ваенным камісарыятам пачынаецца з групы прызыву. Менавіта тут ажыццяўляецца прыпіска да прызыўнога ўчастка, потым – мерапрыемствы па прызыву, пасля – ваенная служба, звальненне, пастаноўка на воінскі ўлік. Такі шлях праходзіць большасць мужчын.
Але ваенкамат – гэта не толькі прызыў на тэрміновую воінскую службу. Як вядома, армія ў любы надзвычайны момант павінна быць укамплектаванай і гатовай да выканання задач, пастаўленых перад ёй. Дзякуючы зладжанай рабоце ваенкаматаў, у ваенны час армія можа павялічыцца ў сваёй колькасці ў дзясяткі разоў за кошт мабілізацыі ваеннаабавязаных.
Для павышэння кваліфікацыі прадугледжана правядзенне ваенных збораў для звольненых у запас салдат і афіцэраў. Гэта павышае і адточвае веды ваеннаабавязаных па воінскай спецыяльнасці. Так, за апошнія тры гады 35 ваеннаабавязаных з Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў праходзілі зборы ў вайсковых часцях, якія знаходзяцца ў Гомелі, Барысаве, Полацку і Заслонаве. На першы погляд, гэтая работа нябачная, але ў ходзе мабілізацыйных вучэнняў, як правіла, пацвярджаецца належная вывучка і прафесійная падрыхтоўка спецыялістаў АРВК і ваеннаабавязаных.
– Андрэй Міхайлавіч, спыніцеся больш падрабязна на рабоце адасобленай групы.
– Спецыялісты адасобленай групы выконваюць частку работы ваеннага камісарыята па ажыццяўленні ваенна-мабілізацыйнай і вучэбна-прызыўной работы ў Шумілінскім раёне. Начальнік адасобленай групы А. М. Собін – гэта той жа ваенны камісар, толькі ёсць некаторыя пытанні, якія рашае “галаўны офіс” – АРВК. Падкрэслю, што і зараз, і раней робіц-ца ўсё для таго, каб пастаўленыя задачы выконваліся бездакорна і якасна. І няважна, гэта аб’яднаны ці звычайны райваенкамат.
– Упэўнены, кіраўніцтва АРВК сочыць за падзеямі ў свеце…
– Неспакойная сітуацыя ў суседніх краінах, на Бліжнім Усходзе – усё гэта яшчэ больш нацэльвае на бездакорнае выкананне сваіх абавязкаў. Але, паўтаруся, мы заўжды імкнуліся якасна выконваць пастаўленыя перад намі задачы. Армія Рэспублікі Беларусь зробіць усё, каб жыццё ў нашай краіне было спакойным і прадказальным. Кіраўнік нашай краіны А. Р. Лукашэнка пастаянна звяртае ўвагу на жыццядзейнасць тэрытарыяльнай абароны – на адзін з галоўных аспектаў абароны краіны, дае канкрэтныя даручэнні, выкананне якіх дазваляе павысіць узровень нашай агульнай дзейнасці.
– Як ажыццяўляецца сумесная работа з мясцовымі органамі кіравання?
– Кіраўніцтва райвыканкамаў з разуменнем ставіцца да задач, ускладзеных на ваенкамат. Забеспячэнне ваеннай бяспекі не толькі з боку ваенкамата, але і іншых сілавых структур, што размешчаны на тэрыторыі раёнаў, – адна з галоўных нашых сумесных задач. Мерапрыемствы па прызыву на тэрміновую службу і службу ў рэзерве, тэрытарыяльная абарона – гэтая і іншая работа праходзіць пад кіраўніцтвам раённай вертыкалі. За такую плённую работу хочацца сказаць дзякуй кіраўніцтву Шумілінскага і Бешанковіцкага раёнаў, прадстаўнікам сілавых структур.
– З якімі просьбамі да вас найчасцей звяртаюцца?
– Адразу адзначу, што асабіста да мяне не так часта звяртаюцца шумілінцы. У першую чаргу гэта звязана з тым, што пытанні на месцы вырашае начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна АРВК Андрэй Міхайлавіч Собін. Было некалькі пытанняў падчас “прамых” тэлефонных ліній. Цікавіліся пра парадак прызыву і праходжання тэрміновай вайсковай службы, паступленне ў Ваенную акадэмію. Так, увогуле, па практыцы Бешанковіцкага раёна магу сказаць, што ў першую чаргу менавіта ў ваенкамат звяртаюцца людзі, якія шукаюць сваякоў, загінуўшых на тэрыторыі нашых раёнаў. Запыты былі з Расіі, Украіны і Казахстана.
– Раскажыце, колькі нашых землякоў і дзе зараз служаць у арміі. Ці многія вучацца на афіцэраў?
– Кожным прызывам з нашых раёнаў адпраўляюцца ў армію па 20-30 прызыўнікоў. На сённяшні дзень, каля 160 нашых землякоў праходзяць тэрміновую вайсковую службу і каля 20 служаць у рэзерве. Кіраўніцтвы ваенных часцей адзначаюць, што нашы землякі добра падрыхтаваны да арміі як фізічна, так і маральна. Як вынік, шумілінскія і бешанковіцкія прызыўнікі служаць у прэстыжных дэсантных і пагранічных войсках. Прывяду яшчэ адзін прыклад. Сяргей Пашкевіч з Шуміліна праходзіць службу ў адной з самых элітных часцей сіл спецыяльных аперацый – у 5-й брыгадзе спецыяльнага прызначэння, якая знаходзіцца ў Мар’інай Горцы. Геаграфія службы вялікая – Віцебск, Полацк, Заслонава, Брэст. Хаця адзначу, што ўсё-такі большасць праходзіць службу на тэрыторыі Віцебскай вобласці.
У мінулым годзе пяць хлопцаў з Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў паступілі ў ваенныя ВНУ.
– Дзякуй за размову.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №9 ад 30.01.2018 г.