26 студзеня ў райцэнтры прайшло зімовае мнагабор’е “Абаронца Айчыны” сярод дапрызыўнікоў і прызыўнікоў.
У праграму спаборніцтваў уваходзілі падцягванне і стральба з пнеўматычнай зброі.
“Сёлета беларуская армія святкуе свой 100-гадовы юбілей, – адзначылі на ўрачыстым адкрыцці намеснік ваеннага камісара АРВК Ігар Аляксееў і начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна АРВК Андрэй Собін. – Гэтыя спаборніцтвы – своеасаблівая падрыхтоўка да праходжання тэрміновай вайсковай службы. Воля да перамогі, мэтанакіраванасць – тыя якасці, якія вам спатрэбяцца як на службе ў арміі, так і ў мірным жыцці”.
Дапрызыўнікі і прызыўнікі, паказаўшы добрыя вынікі ў стральбе з пнеўматычнай зброі, праявілі сапраўдную волю да перамогі. Ды і падцягваюцца хлопцы добра. У турнірнай табліцы не было вялікіх адрываў, што сведчыць пра напружаную і бескампрамісную барацьбу.
У асабістым заліку перамогу святкавалі Уладзіслаў Алімаў (Обальская СШ) і Генадзь Ігнатоўскі (Башнёўская СШ). Дыпломы пераможцам і прызёрам “Абаронцы Айчыны” ўручалі Ігар Аляксееў і Андрэй Собін.
У камандным заліку сярод гарадскіх школ перамагла каманда Обальскай СШ (настаўнікі В. А. Гусакоў і П. В. Ганушчанка). Сярод сельскіх школ лепшы вынік у Мікіціхінскай СШ (А. Я. Асташонак).
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №9 ад 30.01.2018 г.
Удзельнікі спаборніцтваў «Абаронца Айчыны».