Учителя и выпускники Шумилинской СШ №1 говорят о своей школе

Актуалии Образование

«Шумілінская першая школа для мяне…»

За сваю стогадовую гісторыю Шумілінская СШ №1 вырасціла і выхавала не адну тысячу вучняў, стала месцам работы не адной сотні настаўнікаў і наогул работнікаў, якія на ўсё жыццё захавалі ў сваёй памяці тое адметнае і незабыўнае, што ніколі і ні пры якіх абставінах не забываецца і тое, што грэе душу і сэрца. Напярэдадні шаноўнага юбілею мы папрасілі некаторых выпускнікоў і работнікаў школы закончыць выраз “Шумілінская першая школа для мяне…”
Соф’я Ісакаўна ПРАКАПІШКА, ветэран педагагічнай працы, г. п. Шуміліна:
– Са школай у мяне звязаны самыя цёплыя ўспаміны, я тут адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў не адзін дзясятак год. У 1978 годзе пайшла адсюль на заслужаны адпачынак. Сама з Дубровеншчыны, сваю працоўную дзейнасць пачынала на радзіме, пасля два гады адпрацавала ў Віцебску, адтуль прыехала з сям’ёй у Шуміліна. Любіла сваю прафесію, а яшчэ больш дзяцей, ніколі не баялася вучыцца. Прызнацца, незадоўга да выхаду на пенсію закончыла Віцебскі педінстытут. Як зараз помню, у нас тады была студэнцкая сям’я: дачка вучылася на 3-м курсе, сын на 2-м, а я – на першым.
Помню многіх сваіх вучняў. Цешыць сэрца, што і сёння, праз столькі год, і мяне помняць, паважаюць, тэлефануюць, да мяне прыходзяць мае былыя вучні. У мяне ёсць два адданыя вучні, Сураўнёў Георгій і Уладзімір Берасцень, якія мне сталі, можна сказаць, сынамі. Яны прыязджаюць да мяне (Георгій з Мінска, а Уладзімір з Санкт-Пецярбурга) ў госці пры кожнай магчымасці, рэгулярна тэлефануюць, клапоцяцца пра мяне. Ведаеце, нас усіх аб’яднала першая школа.
Віктар Улюценка, выпускнік 1967 года, г п. Шуміліна:
–  У маёй памяці жывуць яркія вобразы настаўнікаў Шумілінскай СШ №1. Памятаю Зазыбава Івана Трафімавіча, які любіў кожнаму з выпускнікоў сказаць шчырае слова ў дарогу. Бывала, падыдзе і скажа: “Нічога путнага з цябе, хлопец, не атрымаецца!”.
Строгасцю і ўнутранай дысцыплінаванасцю мне запомніўся капітан у адстаўцы, удзельнік Сталінградскай бітвы, былы дырэктар школы Мікалай Фаміч Лосеў.
Маё сэрца грэе вобраз Аляксея Анісімавіча Калкова з яго душэўнай цеплынёй, увагай і спагадай да кожнага вучня. Неяк пасля летніх канікулаў ён абняў мяне за плечы і кажа: “Як жа ты вырас, зусім дарослым стаў!”. І мне так прыемна гэтая ўвага з боку дырэктара, сам сабе думаю: “Ну хто я, троечнік і разгільдзяй, а ён да мяне – з павагай”. І захацелася стаць лепшым, годным гэтай увагі.
Дэспатычнай зацыкленасцю на матэматыцы запомнілася мне Марыя Андрыянаўна Пухава. Яе строгасць не мела межаў, нават у сасоннік на экскурсію яна вадзіла нас вымуштраваным строем. І аднойчы, калі мы ўбачылі вавёрку і кінуліся за ёй, настаўніца строга пакарала нас. Але мы ўсё адно любілі яе і ведалі матэматыку.
А якім выдатным настаўнікам хіміі быў Іван Фёдаравіч Сініцкі! Яго веданне прадмета дазваляла яму не адзін год уваходзіць у прыёмную камісію Віцебскага інстытута.
Не песціў нас адзнакамі і настаўнік малявання Іван Ягоравіч Дзёмінаў, усё спрабаваў выявіць, адкапаць у кожным з нас творчыя задаткі.
Я ганаруся сваімі настаўнікамі, многія з якіх насілі званне “заслужаны”.
А сённяшняй школе, сённяшнім настаўнікам Шумілінскай СШ №1 я шчыра жадаю цярпення, мужнасці, умення ўбачыць і раскрыць патэнцыял кожнага вучня. Разумею, што сёння жыццё стала складаней, вучыць стала складаней. І тым не менш я жадаю ўсім настаўнікам любіць сваіх вучняў, хваліць за кожны нават маленькі поспех, не перагружаць іх, каб не адбіць у дзяцей ахвоту вучыцца.
Георгій Іванавіч СУРАЎНЁЎ, выпускнік 1973 года, г. Мінск:
–    Лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо да сённяшняга часу маю магчымасць сустракацца са сваёй першай настаўніцай, глыбокапаважанай Соф’яй Ісакаўнай Пракапішкай. Ганаруся сваёй матуляй, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры нашай школы Надзеяй Міронаўнай Сураўнёвай, якая 46 год са сваіх 80 год жыцця аддала вучням. Нізкі паклон усім педагогам Шумілінскай СШ №1, якія жывуць і працуюць цяпер і якія пакінулі гэты свет, – за высакародную працу.
Для мяне першая школа стала не толькі ачагом ведаў, але і школай жыцця, школай атрымання першых прафесійных навыкаў. Актыўна ўдзельнічаючы ў грамадскім жыцці, у 1971-1973 гадах быў абраны сакратаром камітэта камсамола школы. Я так захапіўся гэтай дзейнасцю, што ўжо потым стаў сакратаром камітэта камсамола геафака БДУ, а затым, ужо на прафесійнай аснове, інструктарам і загадчыкам аддзела культуры ЦК ЛКСМ Беларусі. А першыя навыкі арганізатарскай работы мне тады прывіў дырэктар школы Мікалай Анісімавіч Калкоў.
З нагоды юбілею школы хачу пажадаць вучням, настаўнікам, выпускнікам цеплыні і ўтульнасці ў сценах роднай школы.
Алена Георгіеўна ВІЕРУ, выпускніца 1984 года, залатая медалістка, г. п. Шуміліна:
–    Для мяне першая школа і тады, у часы маёй вучобы, і зараз, заўсёды толькі першая і самая лепшая. Мне вельмі падабалася вучыцца тут, бо для нас былі створаны самыя спрыяльныя і камфортныя ўмовы. Я вельмі ўдзячна любімай настаўніцы фізікі Ніне Іванаўне Пясоцкай, якая прымушала  вучыць яе прадмет, у выніку чаго вельмі дастойна падрыхтавала мяне да экзаменаў. Назаўсёды засталася ў памяці першая настаўніца Ніна Гаўрылаўна, вельмі паважаю і помню любімых класных кіраўнікоў Ларысу Рыгораўну Міхееву і Раісу Міхайлаўну Піскунову. Нягледзячы на тое, што наш клас быў вялікім (вучылася 35 чалавек), быў адначасова і моцным. На залаты медаль прэтэндавала шасцёра вучняў, у выніку трое – Воднева Іна, Палоўнікава Святлана і я, урэшце атрымалі самую высокую школьную ўзнагароду.
Пётр Лазука, кандыдат у майстры спорту, ігрок валейбольнага клуба “БАТЭ-БДУФК”:
– Успаміны пра школу ў мяне самыя цёплыя. Добра памятаю, як з намі, першакласнікамі, вазілася наш першы настаўнік Валянціна Фёдараўна Шаршун. У 5-м класе нашым класным кіраўніком стала Т. М. Галаўнёва. Таццяна Міхайлаўна была не толькі добрай настаўніцай, а і нашым старэйшым сябрам, дарадцам. Так склаліся абставіны, што з дзявятага класа, у верасні  2011 года,  перайшоў у валейбольны клас кадэцкага вучылішча. Канешне, ёсць крыху шкадавання, што мой апошні школьны  званок  прагучаў не ў Шумілінскай СШ №1. Упэўнена кажу, што школа дала мне пуцёўку як у жыццё, так і ў спорт. Асаблівы дзякуй –  настаўніку фізкультуры Алегу Вячаслававічу Асташонку, які быў адным з першых, хто прывіў любоў да спорту.
Апытанне правялі Алена КАРПУШЭНКА, Аліна ПЯТРОВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Фота з сямейнага архіва М. З. СЯМЁНАВА.
Надрукавана ў №8 ад 26.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *