Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў в. а. начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Ухіліст
Малады чалавек з Обалі быў папярэджаны аб адказнасці за ўхіленне ад тэрміновай воінскай службы. Нягледзячы на гэта, хлопец не з’яўляўся па павестцы ў ваенкамат. Па арт. 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, што пагражае маладому чалавеку, – пазбаўленне волі да двух гадоў.
Бульба
Жыхарка Обалі звярнулася ў раённы аддзел унутраных спраў з той нагоды, што з яе склепа ўкралі восем мяшкоў бульбы. Урон, нанесены пацярпелай, склаў 184 рублі. У крадзяжы падазраецца непрацуючы раней судзімы жыхар Обалі, які на днях быў затрыманы на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Вырашаецца пытанне аб яго экстрадыцыі. Супрацоўнікі РАУС высветлілі, што краў бульбу мужчына не адзін, а разам са сваёй знаёмай, якая прызналася ў злачынстве. Частка ўкрадзенага знойдзена і будзе вернута пацярпелай. Супраць ліхадзеяў узбуджана крымінальная справа.

Са зводак ДАІ
Сутыкнуліся
На перакрыжаванні вуліц Віцебская і Цэнтральная, што ў Мікіцісе, мясцовы жыхар, які ехаў на трактары, пры павароце ўлева не ўступіў дарогу аўтамабілю “Форд” (за рулём быў жыхар Наваполацка). У выніку транспартныя сродкі сутыкнуліся. Вадзіцелі не пацярпелі. Кіроўцу МТЗ пагражае штраф да 20 БВ з пазбаўленнем вадзіцельскіх правоў на два гады.
Не прышпіліліся
Супрацоўнікі ДАІ прыпынілі на вуліцы Юбілейнай у Шуміліне мясцовага жыхара, які ехаў на аўтамабілі ГАЗ. Ні вадзіцель, ні пасажыр не былі прышпілены рамянямі бяспекі. Абодвум пагражае штраф да 3 БВ.
На перакрыжаванні
Жыхар Віцебска, які кіраваў аўтамабілем “Аўдзі”, праехаў перакрыжаванне вуліц Юбілейная-Сіпко на чырвонае святло святлафора. Больш таго, кіроўца перавысіў устаноўленую хуткасць руху на 17 кіламетраў у гадзіну. На мужчыну складзены два адміністрацыйныя пратаколы, якія для далейшага разгляду накіраваны па месцы жыхарства парушальніка.

Са Следчага камітэта
Устаноўлены асобы

Працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб махлярстве, якое адбылося ў мінулым годзе ў ЦПБ №225 ААТ “ААБ Беларусбанк”. Нагадаем, што невядомыя асобы незаконным шляхам атрымалі каля 2 млн расійскіх рублёў і 5 тыс. долараў ЗША. Як адзначыў начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Юрый Трошчанка, з дапамогай расійскіх калег вызначаны асобы, якія на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі атрымалі грошы. Следчыя накіравалі запыты ў Расію аб допыце гэтых асоб.
Хуліганства
38-гадовы абальчанін, будучы нецвярозым, вечарам прыйшоў да сваёй сужыцелькі. Але жанчына не пусціла яго ў кватэру. Гэта прывяло мужчыну ў шаленства: у пад’ездзе шматкватэрнага дома ён разбіў электрашчыток. У выніку жыхары засталіся без электрычнасці, інтэрнету і кабельнага тэлебачання. РАСК узбудзіў крымінальную справу. Мужчыну пагражае да трох год пазбаўлення волі.
Падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №8 ад 26.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *