Кримнал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Міна
Пры правядзенні земляных работ каля дачнага дома па вуліцы Шумілінскай у райцэнтры была знойдзена міна. Сапёры, што прыбылі на месца здарэння, устанавілі: мінамётная міна калібра 31 міліметр ляжыць у зямлі з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Міна абясшкоджана і знішчана.
Маланка
Работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях на мінулым тыдні ратавалі хлебнае поле. У час навальніцы маланка ўдарыла каля Добрына ў драўляны слуп, да якога прымацаваны радыёправады. Ад моцнага ўдару слуп пераламаўся, адзін абломак тлеў на зерневым полі. Выратавальнікі ліквідавалі надзвычайную сітуацыю, жніўнаму полю небяспека не пагражае.
Бульба
Жыхар Обалі зазірнуў на свой агарод і зніякавеў: тут пабывалі злодзеі. Па падліках гаспадара, яны выкапалі 165 кустоў бульбы. Агульны ўрон складае больш за 170 тысяч рублёў. Злодзеі вышукваюцца.
Тапельца
У штучным вадаёме, размешчаным паміж вёскамі Добрына і Залужжа, знайшлі тапельца. Яго асоба ўстаноўлена, гэта 37-гадовы жыхар Залужжа. Пры якіх абставінах патануў малады мужчына – высвятляецца.
Гультайка
Жыхарка Язвіна не кампенсавала выдаткі на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей і была асуджана на грамадскія работы. Жанчыну працаўладкавалі ў мясцовую гаспадарку. Але за тры месяцы яна дапусціла трыццаць прагулаў. Вядома, за прагулы заработную плату не налічвалі, а даўгі перад дзяржавай раслі… Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Атрута
Урачы раённай бальніцы  ратавалі шасцігадовага хлопчыка: ён атруціўся … бензінам. Схапіў поліэтыленавую бутэльку, падумаў, што ліманад. Добра, што бацькі своечасова звярнуліся ў бальніцу.
Увогуле, як нам паведамілі ў інспекцыі па справах непаўналетніх, падобны выпадак другі ў раёне. Яшчэ адзін хлопчык атруціўся ядахімікатам, які таксама быў наліты ў бутэльку з-пад ліманаду… Бацькам варта быць  пільнымі і не пакідаць навідавоку такую атруту.
Мёд
Пацярпеў пчаляр з Язвіна: злодзеі ўкралі з яго пасекі чатыры рамкі з мёдам. Шкода, нанесеная гаспадару, ацэнена больш як на трыста тысяч рублёў. Па дадзенаму крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
Знойдзены і затрыманы
Раённая газета пісала пра крадзеж электракабелю з дома ў вёсцы Тропіна. Злодзей ўстаноўлены: ім аказаўся непрацуючы жыхар в. Лётцы. Ён прызнаўся ў крадзяжы і затрыманы.
Дыстанцыя
Жыхар Полацка, які ехаў па трасе Віцебск-Полацк на аўтамабілі «Форд-Эскорд», на перакрыжаванні вуліц Юбілейная-Луначарскага выбраў недастатковую дыстанцыю да спадарожнай машыны. У выніку наехаў на ВАЗ, што прыпыніўся на святлафоры. Абедзьве машыны пашкоджаны. На вадзіцеля «Форда» складзены адміністрацыйны пратакол.
Па матэрыялах РАУС і райаддзела па надзвычайных сітуацыях падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №56 ад 26.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *