Ад трэніровак – да перамогі
У нашым раёне вялікая ўвага надаецца развіццю спорту. Пацвярджэннем гэтага служаць шматлікія перамогі юных спартсменаў на спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага маштабаў.
Будучыя чэмпіёны заслугоўваюць трэніравацца ў годных умовах, лічыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мянькова. Таму пры падтрымцы кіраўніцтва раёна вядзецца актыўны рамонт СДЮШАР.
Як толькі заходзіш у калідор спартыўнай школы, на вочы адразу трапляе банер на сцяне з заклікамі: “Ад дзіцячых перамог – да алімпійскіх гульняў”. Гэта мэта, да якой імкнуцца юныя спартсмены.
А іхні дэвіз – “Тэрыторыя спорту – тэрыторыя тваёй перамогі” – можна пачытаць на наступным банеры, што размешчаны побач. Гэтыя надпісы нібыта візітка СДЮШАР. Яны адразу нацэльваюць дзяцей на сур’ёзную работу, заклікаюць да ўдзелу ў розных спаборніцтвах, да перамогі над самім сабой, да імкнення праславіць нашу Шуміліншчыну ў спартыўных баталіях. І такіх перамог у раёне многа. Напрыклад, Антон Сушынскі – капітан маладзёжнай зборнай Беларусі па валейболе – будзе ўдзельнічаць у чэмпіянаце Еўропе. Вадзім і Уладзіслаў Грачухіны, Ягор Ганушчанка – члены нацыянальных зборных Беларусі па грэка-рымскай барацьбе ў розных узроставых групах.
У спартыўнай зале сустракаемся з кіраўніком СДЮШАР А. В. Асташонкам. Алег Вячаслававіч не хавае сваёй задаволенасці. Маўляў, установа рамантуецца, значыць, спорту на Шуміліншчыне жыць і развівацца.
– Рамонт распачалі амаль два гады таму. Часткова адрамантаваны фасад спартыўнай школы, заасфальтавана пляцоўка, усталяваны новыя бардзюры, зроблена стаянка для машын, – расказаў Алег Асташонак. – Перакладзены водаправодныя трубы, зроблены новы ганак, павешаны дадатковыя свяцільнікі. Львіная доля работ была праведзена ў летні перыяд. Але яны не прыпыняюцца і зараз.
Рамонт праводзіцца паэтапна. Нядаўна, напрыклад, аднавілі “Стэнд славы”, дзе размясціліся кубкі, дыпломы, граматы, медалі, сувеніры, якімі ўзнагароджваліся лепшыя спартсмены раёна. Не нарадуемся прыгожай нацяжной столі на калідоры. Трэба адзначыць, што рамонтныя работы арганізаваны без урону спартыўным заняткам. Усе трэніроўкі праводзяцца строга па графіку.
Пазаўчора, калі мы пабывалі ў спартыўнай школе, там кіпела работа ў жаночай і мужчынскай душавых. Іх рамантуюць сваімі сіламі, ад падлогі і да столі. Плануюць замяніць водаправодныя трубы і часткова каналізацыйныя, устанавіць новую сантэхніку.
Актыўна вядзецца рамонт і ў спартыўнай зале. Тут памянялі восем малых акон на пластыкавыя. Цяпер узяліся за вітражныя вокны.
Дарэчы, рамонт СДЮШАР вядзецца за сродкі раённага бюджэту і грошы са спецрахунку спартыўнай школы. Колькі апошніх – нам сакрэту не выдалі, а вось з раённага бюджэту ў мінулым годзе на рамонт патрацілі 28 тысяч рублёў, падлічылі бухгалтары аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Гэтыя грошы пайшлі на закупку будаўнічых матэрыялаў, акон ПВХ і ахоўных агароджаў на іх, замену трубаправода.
Дарэчы, у СДЮШАР ёсць многа сяброў, якія дапамагаюць пры рамонце. Многія з іх былыя выпускнікі спартшколы, якія і зараз займаюцца спортам. Яны дапамагаюць, як могуць: хто грашыма, хто транспартам, хто сталярнымі інструментамі, а некаторыя самі закасваюць рукавы. Сярод такіх памочнікаў жыхары райцэнтра Аляксей Давыдоўскі, Сяргей Аксёнаў, Руслан Насцюшкін, Васіль Шкулаў, Сяргей Абраменка і многія іншыя. Ім усім – шчыры дзякуй ад юных спартсменаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №4 ад 12.01.2018 г.