За ўсё ў жыцці трэба плаціць, асабліва – за метры квадратныя

Актуалии Общество Экономика

За ўсё ў жыцці трэба плаціць, асабліва – за метры квадратныя

Не адчуць спачуванне да чалавека, які вось-вось застанецца без даху над галавой, немагчыма. Нават у выпадку, калі ён сам сто разоў у гэтым вінаваты. Але ёсць і такая рэч, як сацыяльная справядлівасць. Прасцей кажучы, чаму, знаходзячыся ў прыкладна роўных умовах, нехта спраўна плаціць за жыллё, а нехта дазваляе сабе ігнараваць аплату жыровак ЖКГ? У гэтым месцы, як правіла, пачынаецца гаворка пра нейкія асаблівыя жыццёвыя абставіны, але, зноў жа, пры дэталёвым разборы аказваецца, што корань зла – у безадказнасці і нехарактэрнай для дарослых людзей інфантыльнасці.
Калі сумы даўгоў становяцца сапраўды непад’ёмнымі, а магчымасць апынуцца з дзецьмі і рэчамі на вуліцы – рэальнай, на вачах у людзей з’яўляюцца слёзы, а ў просьбах праступае мальба. Але жыллёвае заканадаўства даволі суровае ў адносінах да неплацельшчыкаў. Важнай умовай дагавору найму жылога памяшкання з’яўляецца памер платы за яго і тэрміны, калі трэба гэта рабіць. Калі наймальнік больш за два месяцы без уважлівай прычыны не плаціць па рахунках, яго ўжо могуць выселіць. Але гэта ніколі не здараецца як гром сярод яснага неба: спачатку ідуць папярэджанні, адключэнне ад камунальных даброт, і толькі калі гэтыя меры не даюць эфекту, чалавек выклікаецца ў суд.
Старшыня суда Алена Сініцкая заўжды вельмі скрупулёзна разбіраецца, чаму ўсё ж грамадзянін не плаціў па рахунках, шукае прычыны, якія можна прызнаць уважлівымі, па-чалавечы падыходзіць да кожнай такой справы.
Вось у зале суда жанчына разам з сынам-студэнтам. Зусім нядаўна яна мела добрую пасаду ў стабільна працуючай арганізацыі, якая прадаставіла і квадратныя метры сваёй работніцы. Пасаду яна згубіла – кантракт з работнікам, што мае праблемы з алкаголем, там вырашылі не прадаўжаць. Праўда, у гэтым жанчына прызналася не адразу, але практыка паказвае, што менавіта адсюль часцей за ўсё і пачынаюцца праблемы, якія надзвычай хутка набываюць маштабы катастрафічных.
Рашэннем райвыканкама жанчыне было выдзелена камерцыйнае жыллё, але на працягу года ад гэтага наймальніка на рахунак ЖКГ не паступіла ні рубля. Застаўшыся без работы, жанчына, як гаворыцца, пайшла па прадпрыемствах шукаць месца працы. Але за якую б работу яна ні бралася, усё ёй аказвалася не па сілах. Так яна тлумачыла такое гаротнае становішча сваёй сям’і, і тут жа запэўнівала, што ў прынцыпе згодная на любую работу.
Варта адзначыць, што сумы, якія выстаўляліся для аплаты, былі невялікімі, і нават у той час, калі жанчына мела такі-сякі падзаробак, яна ўсё роўна ігнаравала жыроўкі. У выніку за год набегла амаль 400 рублёў. Гэтыя аргументы на карысць высялення прыводзіў  юрыст ЖКГ Аляксей Шчарбакоў.
Жанчына, здаецца, толькі ў зале суда ўсвядоміла, што можа разам з сынам аказацца проста на вуліцы. Наступнае слуханне па гэтай справе назначана на люты, а таму магчымасць неяк паправіць сваё становішча ў гэтай грамадзянкі яшчэ ёсць.
Пускаючы пад адкос сваё жыццё, трэба ўсведамляць, што калі ў цябе ёсць дзеці, то гэта самае жыццё належыць не толькі табе. І ты проста не маеш права пакідаць сваіх дзяцей без ежы, без цёплай вопраткі, без даху над галавой. Калі ты здаровы дзеяздольны чалавек з рукамі і нагамі, калі там, дзе ты жывеш, не здарылася землятрусу ці цунамі, то любыя твае апраўданні будуць выглядаць непераканаўча. Ды і які сэнс некага пераконваць, калі тваё дзіця галоднае. І нават калі яму ўжо 19, ён усё роўна яшчэ мае патрэбу ў бацькоўскай падтрымцы.
Такіх гісторый у сценах суда застаецца дастаткова. Яны падобныя адна на адну з папраўкай на тыя ці іншыя абставіны. Бывае і такое, што ў выдзеленым камерцыйным жыллі чалавек не жыве, а жыве, напрыклад, у родных. За жыллё і не плаціць, і зняцца з рэгістрацыі не можа, бо не мае магчымасці больш нідзе зарэгістравацца. А даўгі бягуць. У адной вясковай жанчыны амаль 900 рублёў за 15 месяцаў “набегла”. Жыве яна ў сястры, а ў той не ўсё ў парадку з дакументамі на дом, а значыць, зарэгістравацца там нельга. Вось і выходзіць – трапіў у нерат, ні ўзад, ні ўперад. Зняць з рэгістрацыі можа толькі суд. Такое рашэнне і было вынесена. Але ж даўгі ўсё роўна прыйдзецца заплаціць, нават калі ў кватэры ты быў толькі зарэгістраваны, а фізічна знаходзіўся ў іншым месцы.
За ўсё ў жыцці трэба плаціць, асабліва – за метры квадратныя. У гэтым пытанні ёсць сэнс быць асабліва дысцыплінаванымі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №3 ад 09.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *