Сучасная АЗС у Мікіцісе – годны фінал 2017 года
Апошнія дні 2017 года адзначаны прыемнай падзеяй для жыхароў аграгарадка Мікіціха ды і ўсяго Шумілінскага раёна: 27 снежня ва ўрачыстай абстаноўцы тут была адкрыта новая аўтазаправачная станцыя.
На адкрыцці прысутнічалі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, дырэктар РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт” Аляксандр Капшуль.
Мікалай Шарснёў павіншаваў жыхароў аграгарадка Мікіціха са святам. “Для вас гэта сапраўды знамянальны дзень. Калі новыя аб’екты будуюцца ў невялікіх пасёлках, аграгарадках, людзі гэта цэняць і не застаюцца раўнадушнымі да такіх падзей”, – сказаў кіраўнік вобласці. Ён падкрэсліў важнасць такіх аб’ектаў як для мясцовых жыхароў, так і для органаў улады: “Гэта новыя працоўныя месцы, комплекс паслуг, развіццё прыдарожнага сэрвісу, і ў выніку – павышэнне дабрабыту нашага насельніцтва”.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў звярнуў увагу на хуткасць узвядзення АЗС, якая вырасла за паўгода на месцы забалочанай пусткі, высокую якасць выкананых работ. Кіраўнік раёна заўважыў, што заправачная станцыя прадстаўляе 12 новых рабочых месцаў жыхарам раёна, з’яўляецца буйнейшай інвестыцыяй адыходзячага года на Шуміліншчыне.
Аляксандр Капшуль выказаў упэўненасць, што АЗС, выкананая ў новым фармаце, будзе запатрабаваная ў жыхароў раёна і праязджаючых па міжнароднай трасе Р-20, стане адметнай кропкай на турыстычнай карце Шумілінскага раёна.
АЗС №76 РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнафта-прадукт” з’яўляецца сучасным комплексам, які абышоўся ў 2,95 мільёна рублёў і пабудаваны за ўласныя сродкі “Віцебскаблнафтапрадукта”. Тры мультыблокі здольныя абслужыць адначасова шэсць аўтамабіляў, максімальная прапускная здольнасць АЗС – 250 заправак за суткі. На аўтазаправачнай станцыі прадастаўляецца шырокі комплекс паслуг, у тым ліку і для асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Прасторная гандлёвая зала змяшчае шырокі асартымент спадарожных тавараў, ва ўтульным кафетэрыі можна адпачыць і падсілкавацца.
Першым афіцыйным кліентам новай АЗС стаў жыхар Мікіціхі
ветэран працы П. І. Кузьмін.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 101 ад 29.12.2017 г.