Да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая зараз крочыць па краіне, далучылася і раённае аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў.
За прафсаюзныя грошы былі куплены салодкія падарункі дзецям-інвалідам, сем’і якіх знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Прафсаюзны Дзед Мароз у асобе старшыні аб’яднання В. В. Юхнаўца ўручыў такія падарункі дзеткам з шасці сямей, якія пражываюць у Шуміліне, Дабеі і Амбросавічах.
Навагодняя акцыя “Прафсаюзы – дзецям” прайшла і ў СШ № 2 г. п. Шуміліна. Сюды В. В. Юхнавец завітаў з сапраўдным дзедмарозаўскім мяшком. Каб ён быў важкі, з прафсаюзнага рахунку патрацілі 120 рублёў. Васіль Васільевіч уручыў школе цукеркі напярэдадні навагодняга ранішніка. Так што святочны мяшок школьнага Дзеда Мароза быў поўны салодкіх падарункаў – іх атрымаў кожны, хто прыйшоў на свята.
Да слова. Дырэктар СШ №2 Жанна Іванаўна Рагуновіч прасіла перадаць праз раённую газету словы шчырай удзячнасці спонсарам – раённаму аб’яднанню арганізацый прафсаюзаў і ПМК-70, якія купілі салодкія падарункі, а таксама работнікам Шумілінскага занальнага вузла электрасувязі, якія падарылі школе мікрафон.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 101 ад 29.12.2017 г.