“Такіх бы кадраў ды паболей у вёску”
Учора ў працоўных калектывах раёна прайшлі сустрэчы з кіраўніцтвам райвыканкама, кіраўнікамі і спецыялістамі раённых службаў.
У майстэрні ААТ “АграБаравінка” сабралася каля сарака механізатараў, спецыялістаў гаспадаркі. Члены інфармацыйнай групы пазнаёмілі прысутных з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першае паўгоддзе бягучага года, расказалі пра дасягненні і праблемы.
Галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў спыніўся на дэмаграфічнай сітуацыі, адзначыў, што раён лідзіруе ў вобласці па нараджальнасці — 127 дзетак (на 20 больш, чым летась) нарадзілася на Шуміліншчыне за студзень-чэрвень. Скарацілася ў параўнанні з мінулым годам смяротнасць насельніцтва. Разам з тым, недаравальна, падкрэсліў Канстанцін Фёдаравіч, што толькі сёлета ў азёрах і рэках патанула шэсць жыхароў раёна (усе працаздольныя), што не збаўляе абароты алкагалізацыя насельніцтва, расце колькасць алкагольных атручэнняў, псіхозаў. Пра ўласнае здароўе і бяспеку чалавек найперш павінен клапаціцца сам, нагадаў галоўны ўрач.
З інфармацыяй для механізатараў па расцэнках работ на жніве і сяўбе азімых выступіла галоўны эканаміст гаспадаркі Н. І. Буланчыкава. Ніна Іванаўна асабліва падкрэсліла, што за якасную і звышнарматыўную работу прадугледжаны важкія надбаўкі.
На сустрэчы былі абмеркаваны і іншыя надзённыя пытанні. Старшыні райспажыўтаварыства В. В. Доктарава, які быў у складзе інфармацыйнай групы, перадалі скаргу жыхароў вёскі Дубраўскія, што ў аўтамагазіне нездавальняючы асартымент — “акрамя хлеба і спіртнога, купіць няма чаго”. У тых жа Дубраўскіх няма паштальёна, загадчыца аддзялення сама два разы на тыдзень носіць пошту, гэта, вядома ж, нязручна.
А вось ад жыхароў Язвіна паступіла падзяка за работу маладога фельчара Юліі Валадзько: “Такая ўважлівая, такая прыемная, усіх у вёсцы абыдзе, распытае, дапаможа… Такіх бы кадраў ды паболей у вёску”.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №55 ад 22.07.2011 г.