Сёлета ў сацыяльным прытулку ў Обалі пабывала 44 дзіцяці ва ўзросце ад 3 да 17 год. З іх шасцёра жылі ўсе максімальныя шэсць месяцаў. Сямёра дзяцей знайшлі прыёмныя сем’і. Пецярых забралі апекуны, яшчэ восем жывуць у дзіцячым доме сямейнага тыпу.
“Адзінаццаць дзетак былі ў нас па заяве бацькоў, – адзначае загадчыца прытулка Н. П. Крыўко. – Яны пішуць заяву, што самі не могуць выхоўваць дзяцей. У большасці выпадкаў з-за таго, што бацькі ляжаць у бальніцы, яшчэ называюцца камандзіроўкі і вучоба. Інакш кажучы, калі бацькам няма з кім пакінуць на пэўны час дзяцей, на дапамогу прыходзіць прытулак”.
Па-дамашняму ўтульна ў прытулку дзякуючы намаганням супрацоўнікаў і падтрымцы спонсараў, дапамагаюць і працоўныя калектывы, і індывідуальныя прадпрымальнікі, і грамадскія арганізацыі, і звычайныя грамадзяне. “Вялікі дзякуй кожнаму нашаму спонсару. Асабліва хочацца выдзеліць дырэктара прыватнага гандлёвага прадпрыемства “Карына-гандаль” А. В. Мацуганава, працоўны калектыў цэнтра банкаўскіх паслуг г.п. Шуміліна ААТ “Беларусбанк”, індывідуальнага прадпрымальніка В. Л. Гушчына і жыхарку аграгарадка Мікіціха В. І. Котаву”, – расказвае Наталля Пятроўна.
Падзялілася Наталля Пятроўна і сваім галаўным болем: у прытулку зламалася адна пральная машына, другая на ладан дыхае. Можа пачуе спагадлівы Дзед Мароз і зробіць сюрпрыз? Вельмі хацелася б. Новы год усё-такі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №100 ад 27.12.2018 г.