Доска почёта Шумилинского района: Владимир Шаров

Актуалии Общество Экономика

І вадзіцель, і электраманцёр у адной асобе

Амаль чвэрць стагоддзя працуе ў Шумілінскім раёне электрычных сетак Шараў Уладзімір Ільіч. І ўвесь час – вадзіцелем-электраманцёрам аператыўнай выязной брыгады. Кіраўніцтва і калектыў паважаюць Уладзіміра Шарава, цэняць яго адносіны да абавязкаў, прафесіяналізм, чалавечыя якасці. І ў якасці дадатковага заахвочвання, як чарговае прызнанне яго працавітасці і адданасці справе і прадпрыемству, прапанавалі яго прозвішча для занясення на раённую Дошку гонару.
Уладзімір Ільіч вельмі любіць сваю работу, гэта адчуваецца па тым, як ён расказвае пра яе. І няважна, што работа пазменная (а гэта 12 гадзін за рулём) і часам надта напружаная, можна сказаць, экстрэмальная: даводзіцца працаваць у вельмі складаных умовах – ноччу, у дождж, завіруху, моцны мароз, у самых закінутых непралазных кутках. І няважна, што кожны раз трэба асвойваць сучасныя тэхналогіі і пацвярджаць сваю кваліфікацыю.
А плюсаў, кажа У. Шараў, усё адно больш: надзейны калектыў, у якім адчуваеш павагу і падтрымку, годная аплата працы, сацыяльны пакет, неблагія ўмовы працы. Узяць хаця б транспарт. Зараз у “падначаленні” Уладзіміра Ільіча надзейны “возчык” – практычна новы УАЗ, які ніколі не падводзіць. А гэта, згадзіцеся, вельмі важна, калі цябе ніхто і нішто не падводзіць, калі імчыш на паломку лініі электраперадач па першым сігнале. А як з палёгкай уздыхаеш, калі нарэшце ліквідуеш няштатную сітуацыю, калі святло зноў запальваецца ў кватэрах і дамах людзей!
У. І. Шараў родам з Сіроціна. У свой час закончыў Наваполацкі нафтавы тэхнікум, пачынаў пісаць працоўную біяграфію ў Наваполацку, пасля пераехаў на радзіму, дзе некалькі год адпрацаваў у сельгастэхніцы, потым уладкаваўся ў РЭС, які стаў, можна сказаць, родным домам.
У свабодны ад работы час Уладзімір Ільіч ахвотна займаецца развядзеннем пчол. У ягонай гаспадарцы, у бацькоўскім доме ў Сіроціне, зараз дзесяць пчоласем’яў. І захапленне, прызнаецца мужчына, прыносіць асалоду. Калі-нікалі выбіраецца і на рыбалку. Таксама для душы.
“Наогул я дамасед, – шчыра прызнаўся Уладзімір Ільіч. – Ураўнаважаны, адыходлівы, ужыўчывы. У прынцыпе жыццём задаволены, сям’ёй задаволены, дачкой і сынам. Сёлета стаў шчаслівым дзедам. Так што ўсё, дзякуй богу, добра і на рабоце, і ў асабістым жыцці. А гэта галоўнае”.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №99 ад 22.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *