Праяўляць ініцыятыву пры рашэнні праблем
“Прамая лінія” старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва ў мінулую суботу пачалася з падвядзення вынікаў папярэдняй тэлефоннай размовы з жыхарамі Віцебшчыны: з 29 даручэнняў кіраўніка вобласці, якія былі дадзены па выніках “прамой лініі”, усе выкананы, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 10 кіраўнікоў і спецыялістаў дарожных і камунальных службаў.
У ходзе “прамой лініі” старшыня аблвыканкама выслухаў 20 тэлефанаванняў з васьмі рэгіёнаў вобласці: палова ўсіх зваротаў была з абласнога цэнтра, тэлефанавалі жыхары Оршы, Сянно, Полацка, Ушачаў, Гарадоцкага, Віцебскага і Верхнядзвінскага раёнаў.
Кіраўнік вобласці звярнуў асаблівую ўвагу на пытанні, якія тычацца рамонту дарог і вуліц у прыватным сектары ў гарадах, а таксама ў сельскай мясцовасці. Ён адзначыў, што праблема назапашвалася доўгі час, і зараз трэба знайсці аптымальнае рашэнне, каб пераходзіць ад кропкавых дзеянняў да сістэмнай работы.
Таксама гучалі пытанні па прыватызацыі ці будаўніцтву жылля, працаўладкаванні і падаўжэнні кантрактаў, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і захаванні прыродаахоўнага заканадаўства.
Дарэчы, Мікалай Шарснёў адзначыў, што вострых пытанняў становіцца менш, што многія ўжо неаднойчы ставіліся ў ходзе “прамых ліній” і асабістых прыёмаў, яны глыбока вывучаны і заяўнікам парпаноўваліся розныя варыянты рашэння, ім дадзены аргументаваныя адказы. Тым не менш, яны зноў і зноў тэлефануюць, займаюць час, не даючы магчымасці дазваніцца тым, хто, сапраўды, мае вострую жыццёвую праблему. Ён даручыў прааналізаваць такія звароты і прапанаваць новыя формы работы.
У ходзе размовы Мікалай Мікалаевіч, звяртаючыся да прысутных у зале аблвыканкама і ў райвыканкамах (працавала сувязь у рэжыме відэаканферэнцыі), адзначыў, што вельмі часта ў выканаўцаў, прадстаўнікоў улады, асабліва нізавога звяна, не стае жадання і рашучасці ў выкананні пастаўленых насельніцтвам пытанняў. Усе чакаюць грошай з бюджэту, у той час як праблему можна вырашыць, звярнуўшыся за дапамогай у мясцовую гаспадарку ці на прадпрыемства, да прыватнага прадпрымальніка. Кіраўнік вобласці заклікаў праяўляць больш ініцыятывы пры рашэнні праблем. Такім чынам многія пытанні можна вырашаць аператыўна і з меншымі выдаткамі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 98 ад 19.12. 2017 г.