Ирина Киселевич: «На 100% предусмотреть, насколько прочной будет пара, нельзя» — интервью к 100-летию загса

Общество Семья

«Аснова моцнай сям’і – не прыкметы, а пачуцці, жаданне разам ісці па жыцці»

Інтэрв’ю з нагоды стогадовага юбілею органаў загса з начальнікам аддзела загса Шумілінскага райвыканкама Ірынай КІСЯЛЕВІЧ.
– У сістэмы органаў загса салідны ўзрост – 100 год. З чаго ўсё пачыналася?
– 18 снежня 1917 года быў выдадзены дэкрэт “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў грамадзянскага стану”. З гэтага часу рэгістрацыя нараджэнняў, шлюбаў і смерцяў была вылучана з духоўнага ведамства. Дакумент устанаўліваў новы парадак шлюбна-сямейных адносін і прадугледжваў стварэнне новай структуры дзяржаўнага ўпраўлення – органаў запісу актаў грамадзянскага стану (загс).
– Чым сёння, праз векавы прамежак часу, займаецца аддзел загса?
– Сёння органы загса рэгіструюць 8 відаў актаў грамадзянскага стану: нараджэнне, заключэнне шлюбу, скасаванне шлюбу, усынаўленне, устанаўленне бацькоўства, мацярынства, перамену імя, смерць. Гэта, згадзіцеся, важнейшыя падзеі ў жыцці чалавека і яго сям’і.
Наогул, акты грамадзянскага стану – гэта адна з самых стабільных дакументальных сістэм, без якой не можа існаваць грамадства і сям’я. У цяперашні час на захоўванні ў архіве аддзела загса Шумілінскага райвыканкама знаходзіцца звыш 95 тысяч запісаў актаў грамадзянскага стану, каля 340 адпаведных кніг. Дарэчы, тэрмін захоўвання іх складае 100 год.
Аддзелам загса вядзецца работа па пераводзе дакументаў з папяровых носьбітаў на электронныя і стварэнні такім чынам электроннага архіву запісаў актаў з 1944 года, дзякуючы чаму пошук і выдача дакументаў зможа ажыццяўляецца ў дзень звароту.
Хочацца адзначыць, што значную работу ў рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану робяць сельвыканкамы.
– Кім запатрабавана інфармацыя органаў загса?
– У першую чаргу, канешне, самімі грамадзянамі. Штогод у аддзел загса па розных пытаннях звяртаецца больш за тысячу чалавек. Акрамя таго, органы загса прадстаўляюць інфармацыю ў органы сацыяльнай абароны насельніцтва, падатковую службу, ФСАН, органы дазнання і следства, ваенныя камісарыяты, статыстыку, міграцыйную службу і інш. Гэта мае важнае значэнне для арганізацыі правільнага ўліку грамадзян падобнымі органамі.
У выпадку, калі грамадзяніну неабходна атрымаць дакумент аб рэгістрацыі акта грамадзянскага стану, складзены на тэрыторыі замежнай дзяржавы, аддзел вядзе перапіску з Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь, органамі загса краін СНД і Балтыі.
– На пасадзе начальніка аддзела загса вы працуеце амаль 12 год. Раскажыце, якія патрабаванні прад’яўляюцца сёння да работніка такога аддзела?
–  З 2006 года органы загса ўвайшлі ў сістэму Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. З таго часу галоўнае кваліфікаванае патрабаванне пры прыёме на работу – наяўнасць вышэйшай юрыдычнай адукацыі. Для ажыццяўлення сваёй дзейнасці работніку органаў загса неабходна дасканалае веданне Кодэкса аб шлюбе і сям’і, Грамадзянскага і Падатковага кодэксаў Рэспублікі Беларусь, іншых заканадаўчых актаў. Разам з веданнем заканадаўства работнік павінен быць уважлівым, тактоўным, добразычлівым. Работа ў загсе прадугледжвае найперш узаеміны з людзьмі, а гэта, самі ведаеце, заўсёды складана і патрабуе цярпення, а часам і вытрымкі.
– Ірына Іванаўна, а вы помніце першую рэгістрацыю шлюбу?
– Канешне, гэта было ў лютым 2006 года  і гэта была прыгожая пара – Віктар і Іна Казлоўскія з райцэнтра. Выразна помню і першую сваю рэгістрацыю нараджэння хлопчыка Аляксея Саманцова.
– З нядаўняга часу рэгістраваць шлюб можна не толькі ў аддзеле загсу, але і па-за яго межамі. Наколькі папулярная працэдура ў нашым раёне?
– Скажу шчыра, выязная рэгістрацыя шлюбу ў нас не вельмі папулярная. Па-першае, як мне здаецца, гэта звязана з матэрыяльнымі выдаткамі (выязная рэгістрацыя шлюбу каштуе ў 6 разоў больш, чым звычайная). Па-другое, нямнога ў нашым раёне такіх маляўнічых месцаў, дзе б можна было арганізаваць ўрачыстую цырымонію. Сёлета, напрыклад,  толькі дзве пары скарысталіся такой паслугай. Яны зарэгістравалі шлюб на тэрыторыі лагера “Дружба” ў Амбросавічах.
– А ці можна, гледзячы на пару, якая прыйшла заключаць шлюб, сказаць, якім доўгім будзе іх шлюб? Ваш вопыт вам што-небудзь падказвае?
–  Безумоўна, заўсёды хочацца спадзявацца, што маладыя будуць жыць доўга і шчасліва. Аднак, канешне, заўважаю розныя моманты. Адразу бачна, калі маладыя людзі па-сапраўднаму закаханыя. Яны трымаюць адзін аднаго за рукі, глядзяць адзін на аднаго закахана. І наадварот, ёсць пары, якія ў дзень рэгістрацыі глядзяць у розныя бакі, зацікаўлены кожны сабой, не чуюць адзін аднаго. Тут пачынаеш задумвацца, а ці трэба ім быць разам. Хаця на 100% прадугадаць, наколькі моцнай будзе пара, нельга.
– А што скажаце наконт прыкмет, накшталт, у маі ажаніцца – усё жыццё “маяцца”?
– Я заўсёды была пераканана, што аснова моцнай сям’і – не прыкметы, а пачуцці, жаданне разам ісці па жыцці ў радасці і ў горы, як ні банальна гэта гучыць. За гады маёй работы бачыла столькі прыкладаў бяздумнага следавання прыкметам і забабонам, што можна і кнігу пісаць.
Успомніць хаця б вясельныя бумы ў так званыя магічныя даты. Распісваліся, а праз паўгода-год некаторыя прыходзілі скасоўваць шлюб. Так што не трэба спісваць усё на прыкметы і прымхі, сям’я – гэта кожнадзённая карпатлівая работа, заснаваная на ўзаемадаверы, павазе і каханні.
– Дзякуй, Ірына Іванаўна, за гутарку. Віншую вас з салідным юбілеем органаў загса, жадаю далейшых поспехаў у рабоце, паболей вяселляў і нараджэнняў, паменш – разводаў. І адчування радасці і задавальнення ад таго, што робіце.
Гутарыла Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 98 ад 19.12. 2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *