Пасля візіту ў наш раён міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Аляксандра Шамко ініцыятыву раённай улады аб умацаванні спартыўнай базы і набыцці новага спартыўнага інвентару падтрымала абласное ўпраўленне спорту. Нядаўна спартыўныя ўстановы нашага раёна пабагацелі на новы сучасны спартыўны інвентар.
На гарадскім стадыёне ўстаноўлены комплекс вулічных антывандальных трэнажораў, у якім – адзінаццаць трэнажораў для выканання практыкаванняў для розных груп мышцаў і ў цэлым для развіцця каардынацыі рухаў.
Пляцоўка добраўпарадкаваная, зроблены навес – усё для таго, каб заняткі на свежым паветры былі максімальна камфортнымі. А займацца можна ў любы зручны для вас час.
Дарэчы, такі ж комплекс вулічных трэнажораў плануецца ўстанавіць і ў Обалі.
Значна пабагацела і спартыўная база фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Для якасных заняткаў па аквааэробіцы набыты падтрымліваючыя паясы, па аэробіцы – гантэлі і стэпы. З’явіліся таксама футбольныя і баскетбольныя мячы, палаткі, наборы для бадмінтона, тэнісны стол, камплекты спартыўнай формы.
Пашырыцца і асартымент пункта пракату на 8 пар лыж і 12 пар канькоў.
У СДЮШАР для аддзялення валейболу набыты 18 валейбольных мячоў. Для аддзяленняў грэка-рымскай барацьбы ў Обалі і Башнях – 12 барцоўскіх трыко і 18 барцовак.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў № 98 ад 19.12. 2017 г.