Нарыхтоўкі як шанс разбагацець
Мая сваячка вельмі бедавала, што скончыўся водпуск і трэба выходзіць на працу. А ўсё чаму? Водпуск дык скончыўся, а ягады ў лесе яшчэ засталіся. Сёлета яна ўпершыню паспрабавала на гэтым зарабіць. Аказалася – выгадна. У дзень “непрафесіяналу” можна займець больш за сотню (маю на ўвазе — на чарніцах). Прычым стаяць на рынку не трэба: цяпер і райспажыўтаварыства прапануе за ягады годную цану. Канешне, сказаць, што ягадныя грошы лёгка дастаюцца, нельга. “Два дні ў лесе, адзін – на адпачынак. Інакш – ног не сцягнеш”, — падзялілася вопытам ягадніца.
Сёлета перад райспажыўтаварыствам стаіць задача нарыхтаваць 34 тоны дзікарослых ягад, паведамілі ў аддзеле нарыхтовак. Прычым не толькі чарніцы, брусніцы і журавіны, але і чорныя і чырвоныя парэчкі і іншыя садовыя ягады ідуць у залік. Працэс ужо пайшоў, засекі паступова напаўняюцца.
Адзначым, што кіло чарніц райспажыўтаварыства прымае за 15 тысяч рублёў, дурніцы каштуюць 10 тысяч за кілаграм. Наогул нас запэўнілі, што тут гатовы прыняць усё, што расце ў лесе і на агародзе. Нават экзатычную спаржавую фасолю, калі захочаце. Людзі ўжо пачалі здаваць буракі, гуркі, капусту. Дарэчы, шумілінскі гандаль ва ўсю корміць нас капустай фермера з Ерашова, якая (вы ўжо маглі ў гэтым пераканацца) куды танней за брэсцкую і тым больш – польскую. Ад В. Прыгуна ўжо паступілі чатыры тоны капусты.
Юрый Глаўдзель, начальнік аддзела нарыхтовак, заўважыў, што ў райспажыўтаварыстве адсочваюць цэны, якія прапануюць на садавіну-гародніну прадпрымальнікі, і выстаўляюць свае, больш сціплыя. Аддзелам вядуцца пастаянныя перагаворы з паўднёвымі раёнамі рэспублікі на пастаўку прадукцыі, якая там саспявае раней. Так было з бульбай, памідорамі, гуркамі. Дарэчы, там жа нам паабяцалі, што вось-вось у продажы з’явяцца свежая бульба па пяць тысяч, памідоры па 3-4 тысячы, танныя гуркі. У мінулым годзе гаспадыні за лета раскупілі ў крамах райспажыўтаварыства 20 тон чырвоных памідор. Сёлета прададуць не менш.
Што тычыцца ягад, канкурэнцыю райспажыўтаварыству складаюць прыватнікі, якія гатовы прымаць, скажам, чарніцы адразу з лесу. Магчыма, такую мабільнасць варта ўзяць на ўзбраенне.
У вёсках ягады прымаюць прадаўцы ў магазінах. У райцэнтры і Обалі працуюць нарыхтоўчыя пункты. Разлік з насельніцтвам адбываецца адразу. Магчыма, сёлета ўдасца адкрыць і грыбаварныя пункты.
Як высветлілася, толькі Шумілінскі раён возіць на кірмашы мочаныя яблыкі, капусту, гуркі, журавіны. Іх там ведаюць і чакаюць. Расказваюць таксама, што ў мінулым годзе ўдалося выйсці на першае месца па збору яблыкаў – больш за 600 тон.
Нарыхтоўкі, асабліва ў крызісны час, справа абсалютна вартая. Дужа хацелася б, каб па-новаму запрацаваў і магазін “Садавіна-гародніна”. Пакуль туды не дужа хочацца заходзіць. У райспажыўтаварыстве гэта прызнаюць і цяпер прапануюць пакупнікам вынасны гандаль. Кажуць – эфектыўна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.