Опора местной власти – активная общественность

Общество Президент

У апоры на грамадскую думку
Старшыня Сіроцінскага сельвыканкама В. А. Пастарнакова на пасадзе кіраўніка мясцовай улады не першы год і пераканана: адной ёй ніколі не справіцца з кучай тых праблем, якія нараджае жыццё. Вольга Аляксандраўна заўсёды абапіраецца на грамадскія структуры, на думку дэпутатаў сельскага Савета, на старэйшын.  Вялікая падмога ў рабоце ёй з боку старэйшыны па аграгарадку Слабада З. Ф. Сопат, іншых яе калег па грамадскай рабоце.
Істотная сіла ў пазаштатнай дапамозе — дэпутацкі корпус.  Іх, першых памочнікаў В. А. Пастарнаковай, 12 чалавек. Ёсць сярод іх вопытныя дэпутаты, напрыклад, Л. А. Даўгілава  выбіраецца дэпутатам трэцяе скліканне запар, актыўна дапамагаюць старшыні сельвыканкама Л. І. Ціханенка, А. М. Пузікава  — дэпутаты ад Грабнічанскай і Школьнай выбарчых акруг № 11 і № 8, адказны работнік райвыканкама С. У. Каржуеў — ад Мосараўскай акругі № 3, народныя абраннікі ад Сіроцінскай акругі № 1 і Слабадской № 11 Л. У. Лявонаў і М. І. Раманятава.
Ахоп дэпутацкіх клопатаў вялікі, важна, каб выбаршчыкі не былі аддадзены самі сабе ў вырашэнні надзённых праблем. Напрыклад,  “прабіла” завоз пітной вады ў вёску Сянькова дэпутат Л. А. Даўгілава. Праблема ўзнікла пасля меліярацыі. Прывозяць з гаспадаркі бочку з вадой, заліваюць у два калодзежы. Ваду шануюць вяскоўцы для прыгатавання ежы, для піцця, для паліву ж агародаў ёсць у вёсцы сажалкі. Але не толькі адной вадой “жыве” Ларыса Аркадзьеўна — хапае іншых, можа, больш дробных пытанняў, з якімі звяртаюцца сянькоўцы да свайго дэпутата. Старэйшына вёскі Сянькова Е. С. Лявонава прыгадвае мінулую зіму, якая прынесла шмат клопатаў. Памёр чалавек, але ў гаспадарцы ён не працаваў, затое ў вёсцы жыве яго старэнькая матуля. Ефрасіння Сысоеўна патэлефанавала дэпутату, Л. А. Даўгілава вырашыла пытанне і па машыне, і па іншых клопатах. Так і па расчыстцы дарогі ад снегу, ніколі не было, каб забуксавала аўталаўка па дарозе ў Сянькова.
У чэрвені адбылася сесія Сіроцінскага сельсавета. Асноўным пытаннем на парадку дня стаяў аналіз работы ўчастковага інспектара, школ і грамадскасці па забеспячэнні правапарадку сярод непаўналетніх. Прадуманымі былі выступленні дырэктара Слабадской школы А. М. Пузікавай, служачай КУСГП “Сіроцінскі” Л. А. Даўгілавай, участковага інспектара Д. М. Зубарава. Дзякуючы прынцыповай і ўзважанай пазіцыі такіх памочнікаў удаецца зняць напружанне, зрабіць для вяскоўцаў жыццё больш камфортным і зручным.
Мікалай БАРЫСАЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *