Разводзіць трусоў уласнай селекцыі
Беласнежны шаўковы мех, вялізныя вушы, вочы-праныры з адценнем рубінавага колеру. Той, хто не вырошчвае трусоў, вядома, не здагадаецца, што гэта за парода. А вось Іван Казелька з Сіроціна, які два гады таму ўшчыльную ўзяўся за трусаводства, адразу адкажа: “Гэта “белы велікан”. А яшчэ ў яго ёсць і “французкі баран”, і “бельгійскі велікан”, і “каліфарнійскі трус”, і так званыя “дваране” – беспародныя трусы.
“Трусаводства мне вельмі падабаецца, – расказаў Іван Казелька. – Гэта занятак, які захапляе, якім хочацца займацца. Пушыстыя гадаванцы вельмі даверлівыя, яны дораць цеплыню і добры настрой. Зараз маю амаль паўтысячы трусоў. Яны рознага ўзросту, розных парод, але ўсе праходзяць праз мае рукі. Таму пушыстыя гадаванцы вельмі ручныя.
У кожнай пародзе ёсць свае перавагі. Напрыклад, “каліфарнійскі трус” хутка расце, таму яго развядзенне рэнтабельна. “Белы велікан” спакойны, вынослівы, вырастае вялікім. Галоўныя ўласцівасці гэтых дзвюх парод – хуткасць росту і вялікія памеры – вырашыў выкарыстаць па-свойму. Я займаюся ўласнай селекцыяй, скрыжоўваю не толькі гэтыя дзве пароды, але і некаторыя іншыя, каб атрымаць пароду мяснога накірунку, якая хутка расце і набірае максімальную вагу”.
Не так даўно Іван Казелька набыў пароды “бабачка” і “новазеландскі чырвоны”. Марыць купіць і “белага панона”, які зараз займае лідзіруючую пазіцыю на рынку. Гэта парода трусоў вынослівая і ўстойлівая да хвароб.
Для сваіх гадаванцаў І. Ф. Казелька будуе трохярусны комплекс. У адных клетках знаходзіцца матачнік, у другіх – трусы на адкорме. Корміць іх гаспадар пераважна сенам, зернем, караняплодамі, галінкамі дрэў. “Вельмі важна ў клетках падтрымліваць чысціню і добра іх праветрываць, – кажа Іван Фёдаравіч. – Разам з тым трэба сачыць, каб не было скразнякоў, інакш трусы могуць захварэць. Дарэчы, у прафілактыцы захворванняў вельмі дапамагае мая маці Галіна Іванаўна, якая калісьці працавала ветурачом”.
І. Ф. Казелька з такім захапленнем расказваў пра сваіх гадаванцаў, што мы не маглі не запытацца пра планы на будучыню. “Планы? Надалей разводзіць трусоў, – усміхнуўся гаспадар. – Мінімум, да чаго імкнуся – гэта паўтары тысячы трусоў, а максімум – пяць тысяч. Калі ўсё атрымаецца, у перспектыве хачу зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам. Ну, а мяса можна збываць у розныя гандлёвыя кропкі Віцебшчыны”.
Надрукавана ў №96 ад 12.12.2017 г.