Деньги на свалке, или Переработка мусора по-шумилински

Актуалии Экономика

Грошы ў сметніку, або Пра тое, што перашкаджае і нам жыць багата?
Наўрад ці чалавецтва калі-небудзь навучыцца жыць, не пакідаючы пасля сябе ніякіх рэшткаў жыццядзейнасці. А гэта значыць, што праблема збору і ўтылізацыі адыходаў ніколі не перастане быць актуальнай. І калі ў свеце, возьмем Швейцарыю, ужо ставяць перад сабой задачу дайсці да стопрацэнтнага ўзроўню перапрацоўкі другаснай сыравіны, то мы пакуль яшчэ наладжваем хаця б бесперабойны вываз цвёрдых бытавых адыходаў (ЦБА) ад дамоў і пад’ездаў на спецыяльныя палігоны.
Вывезці і забыцца
Машыны характэрнага аранжавага колеру курсіруюць па горадзе так настойліва, што можа здацца, што іх зусім і не дзве, а куды болей. Праўда, болей і трэба – хаця б яшчэ адну, бо менавіта ў час змушанага прастою смеццявозаў з-за рамонту і паступае больш за ўсё скаргаў ад насельніцтва на несвоечасовы вываз смецця, расказала майстар УП ЖКГ Валянціна Пушнякова. Яна ж запэўніла, што, падзяліўшы горад на зоны, работнікі штодня (!) апустошваюць кантэйнеры ля шматкватэрнага жылля. Побач з вадзіцелем заўжды працуе памочнік, які прыбірае і тэрыторыю вакол кантэйнернай пляцоўкі. Усяго ў распараджэнні шумілінцаў 190 кантэйнераў. Яшчэ сотня зусім не перашкодзіла б, адзначыла майстар. Распрацаваны графік вывазу смецця і ад прыватных дамоў, тых, з гаспадарамі якіх заключаны адпаведныя дагаворы.
Самы стары і самы танны
У прынцыпе, вялікіх праблем па збору смецця і ў нас ужо не існуе. Але ж XXI стагоддзе дыктуе нам зусім іншы фармат падобнай дзейнасці. І тут мы пакуль на самай ніжняй прыступцы. Мы вызваляемся ад смецця самым старым і самым танным спосабам – вывозім і захоўваем яго на палігонах ЦБА (вялікі – ля Шуміліна ў Гараватцы, і міні – замацаваныя за ўсімі ўчасткамі ЖКГ па раёне). Калі палігон перапаўняецца, то смецце з дапамогай бульдозера ссоўваецца на край і засыпаецца пяском. Гэта самы бязлітасны ў адносінах да прыроды спосаб, але і тут здараюцца перабоі: бывае, цяжка дабіцца бульдозера для гэтай работы (такой бядой падзяліўся з намі рабочы палігона).
Горка гэта прызнаваць, але ў нашым раёне, як высветлілася, нават не мараць, скажам, пра раздзельны збор ЦБА: адсутнасць тэхнічных магчымасцяў і сродкаў на іх наладжванне вызваляюць адпаведныя службы ад гэтых прагрэсіўных дум.
Раздзяляй і зарабляй
Па статыстыцы толькі 10% насельніцтва ніколі б не згадзілася сартаваць сваё смецце. А гэта значыць, што з астатняй большасцю можна і варта працаваць. Толькі, здаецца, што гаварыць пра гэта адносна нашага раёна неяк наіўна. Быццам, некалі гэта работа і пачыналася: мы памятаем, як ля дамоў з’явіліся ярка пафарбаваныя кантэйнеры  з адпаведнымі надпісамі, што падштурхоўвалі самых адказных сартаваць сваё смецце (ва ўсялякім разе пластыкавыя бутэлькі людзі з ахвотай аддзялялі ад астатняга). На пытанне: колькі кантэйнерных пляцовак абсталяваныя спецыяльнымі (для раздзельнага збору адыходаў) кантэйнерамі сёння, у ЖКГ упэўнена пераконваюць, што – усе. Праўда, адшукаць іх нам так і не ўдалося (магчыма, дрэнна шукалі). Ды зноў жа, гаварыць пра такія кантэйнеры няма сэнсу, бо сарціруй ні сарціруй, а усё роўна смецце пойдзе ў адну кучу – спецыяльных машын няма, людзей няма, палігоны для гэтага не прыстасаваныя. Але, з іншага боку, з чагосьці ж трэба пачынаць. Чаму б не з выпрацоўкі прынцыпова новых звычак у насельніцтва? Усё роўна ж не сёння, дык заўтра гэтым прыйдзецца займацца. Такія ўмовы прад’яўляе жыццё ў сучасным свеце.
Аддзел ЖКГ райвыканкама не першы год выступае з прапановай адкрыць новы палігон ЦБА ў раёне былой вёскі Казаногава, паведаміў начальнік аддзела Васіль Селязнёў. І пачынаць у гэтым выпадку трэба з закупкі сучаснага тэхналагічнага абсталявання, адкрыцця новых рабочых месцаў, правільнага размяшчэння памяшканняў, карацей, усё павінна быць прыстасавана для ўтылізацыі папярэдне раздзельна сабраных адыходаў. “У адкрыцці аналагічнага існуючаму палігона няма ніякага сэнсу,” — падсумоўвае Васіль Сцяпанавіч. Ён заўважыў, што ў раён перыядычна прыходзяць прапановы пра наладжванне ў нас перапрацоўкі той ці іншай сыравіны. Да прыкладу, гумавых шын. Але, на жаль, камунальную службу нікому пакуль зацікавіць не ўдалося.
Калі не мы – то хто?
Калі самі людзі не абцяжараны сарціроўкай адыходаў, нехта ўсё ж павінен гэта рабіць. Бо закапваць у зямлю, скажам, макулатуру ці металалом ніхто і нікому сёння не дазволіць – гэта варварства расцэньваецца як злачынства. Таму на палігоне працуюць людзі, якія штодня і займаюцца сарціроўкай: выбіраюць паперу і пластыкавыя бутэлькі. І робяць яны гэту ўручную, ні пра якія сартавальныя машыны там пакуль і не чулі. Здабытая такім чынам другасная сыравіна захоўваецца ў спецыяльна прыстасаваным для гэтых мэтаў арачніку, чакае свайго часу, каб быць перапрацаванай. На пастаўку макулатуры заключаны дагавор з Чашніцкай папяровай фабрыкай “Чырвоная зорка”, куды, да прыкладу, ужо здалі 11 тон паперы (згодна з планам сёлета трэба здаць 20 тон). ПЭТ-бутэлькі ўзяўся прымаць на перапрацоўку прадпрымальнік з Віцебска. Праўда, пакуль заключаны ЖКГ дагавор не атрымаў рэалізацыі. Прасаваць гэты пластык у камунгасу няма магчымасці, таму пакуль яны нарыхтоўваюць больш паветра, чым бутэлькі.
У ЖКГ запэўнілі, што даведзеныя планы па збору другаснай сыравіны арганізацыяй выконваюцца, як у горадзе, так і на сяле.
Само паняцце “другасная сыравіна” ўключае ў гэтым выпадку ўсяго тры пазіцыі: макулатура, пластыкавыя бутэлькі (нагадаем, зарабіць на якіх яшчэ не ўдалося) і металалом. А як быць з праславутымі шклянымі бутэлькамі, шклабоем, гумавымі шынамі, рыззём і іншым “каштоўным” матэрыялам?
Што па чым?
У аддзеле нарыхтовак райспажыўтаварыства амаль усё гэта гатовы прымаць за грошы. Яшчэ там прымуць поліэтылен, вядома, макулатуру і металалом, а вось для адпрацаваных шын прыйдзецца пашукаць іншага пакупніка. Так што не спяшайцеся папаўняць усім гэтым сметнік.
За 1 кг макулатуры райспажыўтаварыства дасць 150 рублёў, металалом каштуе 980 рублёў за кіло. Няцяжка падлічыць, што тона гэтага “дабра” можа папоўніць ваш бюджэт на мільён рублёў. Менавіта на гэту крыніцу даходу заўжды актыўна спадзяюцца ўстановы адукацыі. Піянеры па-ранейшаму – самыя руплівыя і адказныя зборшчыкі макулатуры. У новы фармат класічны варыянт гэтай дзейнасці перавялі вучні СШ №2. Яны не толькі стукаюцца ва ўсе дзверы з надзеяй здабыць запаветныя кілаграмы, а і расклеілі па ўсім мікрараёне аб’явы, якія актыўна рэкламуюць іх цікавасць да другаснай сыравіны. Зноў жа ў аддзеле нарыхтовак нас запэўнілі, што сыравіна гэта з кожным днём даражэе. Яшчэ зусім нядаўна за кіло паперы давалі ўсяго 50 рублёў, зараз – у тры разы больш.
Праўда, да такога роду даходаў многія ставяцца даволі скептычна. Але ж гэтыя грошы літаральна ляжаць пад нагамі. І мы не настолькі багатыя, каб не звяртаць на іх увагу. Ды і не разбагацеем, пакуль не зразумеем: ашчаднае стаўленне да прыродных рэсурсаў – абавязак чалавека разумнага.
Замест эпілога
Вучоныя падлічылі: у адной тоне смецця ўтрымліваецца больш за 4 кг паперы, 17 кг алюмінію, 260 кг харчовых адыходаў. Паперу можна паўторна перапрацаваць і тым самым выратаваць ад высечкі 5 дрэваў, а таксама зэканоміць 527 кВт гадзін электраэнергіі. Пры перапрацоўцы алюмінію эканоміцца столькі паліва, колькі неабходна аўтамабілю, каб праехаць дзве з паловай тысячы кіламетраў. Харчовыя адыходы, перапрацаваныя ў біягаз, дазваляюць атрымліваць каля 60 кВт гадзін электраэнергіі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *