Сіроцінскі сельсавет: штрыхі да партрэта
На здымку: вуліца Афанасьева ў аграгарадку Слабада.
Сіроцінскі сельсавет мяжуе са Светласельскім, Лаўжанскім і Мішневіцкім сельсаветамі Шумілінскага раёна. Агульная плошча – 13291 га.
На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 20 населеных пунктаў, у якіх пражывае 1035 чалавек (дадзеныя на пачатак года), з іх 563 чалавекі працаздольнага ўзросту, 305 – пенсіянераў, 167 дзяцей дашкольнага і школьнага ўзростаў. Самыя буйныя населеныя пункты – аграгарадок Слабада, дзе пражывае 636 чалавек, і вёска Сіроціна (256 чалавек).
Надзённыя праблемы абмеркаваны на Вясковым сходзе
Памочнікамі мясцовай ўлады з’яўляюцца старэйшыны вёсак. Зараз у сельсавеце праходзяць вясковыя сходы. “Старэйшыны вёсак адпрацавалі на гэтай грамадскай пасадзе па два гады, цяпер яны трымаюць справаздачу, падводзяць вынікі сваёй работы, – расказвае старшыня Сіроцінскага сельвыканкама С. У. Каржуеў. – Зразумела, што на кожным сходзе абмяркоўваюцца і надзённыя праблемы вясковага жыцця”.
29 лістапада праходзіў сход жыхароў вёскі Грабніца. У вёсцы разам з дачнікамі прыжываюць каля трыццаці чалавек, на сход сабралася большасць – 21 вясковец. І размова пачалася з найбольш набалелых пытанняў:
– У нас праблемы з аўталаўкай: не ведаем, у які час прыязджае, бывае, што цэлы дзень прыходзіцца чакаць.
С. У. Каржуеў азначыў, што пытанне гэтае пачало стабілізавацца, патлумачыў жыхарам Грабніцы: “Месяц у нас сапраўды былі праблемы, бо аўталаўкі перайшлі да Бешанковіцкага райспажыўтаварыства. Час спатрэбіўся, каб наладзіць работу аўтамагазінаў, зараз уладжваюцца апошнія нюансы. Аўтамагазін павінен прыязджаць у вызначаны тэрмін. Дарэчы, якраз сёння з 13.00 да 14.00. Вось і пабачым пасля сходу, ці прыедзе”.
Слова ўзяў старэйшына вёскі В. І. Буракоў. Гаворка ішла пра добраўпарадкаванне і стан дарог, вулічнае асвятленне і гандлёвае забеспячэнне. “Па ўсіх пытаннях знаходзім узаемаразуменне з сельсаветам, – падкрэсліў Віктар Іванавіч. – Відаць, самая вострая праблема – аварыйныя дрэвы, і яе неабходна вырашаць у бліжэйшы час. Што тычыцца дарог. Рамантуюцца. Але ж не трэба забываць пра пастаяннае грэйдзіраванне і абкошванне”. Старэйшына расказаў, як ініцыятыву вяскоўцаў аб прыпынку ў вёсцы аўтобуса Віцебск – Слабада – Віцебск падтрымаў сельсавет, і сумеснымі намаганнямі дамагліся, каб з 1 студзеня гэтага года ў Грабніцы спыняўся аўтобус.
А вось пры абмеркаванні пытання вулічнага асвятлення жыхары вёскі прапанавалі ў наступным годзе за сродкі самаабкладання набыць на ліхтары рэле часу: “Гэта будзе эканомія грашовых сродкаў. Навошта ноччу нам святло?”.
Не было пытанняў у вяскоўцаў наконт выбараў старэйшыны: “Хай застаецца Віктар Іванавіч. У яго добра атрымліваецца”. І аднагалосна прагаласавалі за В. І. Буракова.
А тым часам у вёску прыехала крама на колах. Па графіку. І вяскоўцы паспяшылі за пакупкамі. Асартыментам задаволены, як самі казалі, калі ёсць грошы, можна набыць усё.
“Сход у Грабніцы – тыповы для ўсяго сельсавета, – падсумаваў С. У. Каржуеў. – Людзі жывуць сваімі вясковымі праблемамі. Бывае, узнікаюць пытанні і па дарогах, і па вулічным асвятленні. Іх імкнёмся аператыўна вырашаць”.
Старшыня Сіроцінскага сельвыканкама С. У. Каржуеў з жыхарамі вёскі Грабніца.
Старэйшына з 10-гадовым стажам
Калі пісаць пра Сіроцінскі сельсавет, то немагчыма не ўспомніць пра Івана Ягоравіча Апоркіна з вёскі Зямцы. Іван Ягоравіч больш чым 10 год старэйшына вёсак Зямцы і Тропіна, дэпутат сельскага Савета. Яго прынцыповасць даспадобы вяскоўцам і нервуе лайдакоў. “Не магу прайсці міма, калі бачу, што каля дома суседа непарадак. Пачынаю проста размаўляць. У Зямцах прывыклі, што ля сваіх хат неабходна падтрымліваць парадак, – расказвае мужчына. – Як можна цярпець, калі дом здаровага мужчыны зарос пустазеллем? Калі гаспадар замест таго, каб нешта зрабіць ля хаты, толькі ные і п’е. Такім і прадпісанні выпісваў неаднойчы”.
І. Я. Апоркін, як сам прызнаецца, раней, калі быў маладзейшы, браў у рукі касу і абкошваў ля дома пажылых аднавяскоўцаў. Узімку, калі тэхніка камунгасу і гаспадаркі не паспявае з расчысткай снегу, Іван Ягоравіч садзіцца ў свой трактар і расчышчае родную вёску. “Калі магу зрабіць сам, то навошта мне прасіць дапамогі, – разважае старэйшына. – Па дробязях ніколі не буду турбаваць ні старшыню сельвыканкама, ні кіраўніка гаспадаркі”.
Памяць пра Ермачкі
На тэрыторыі сельсавета шмат мясцін, якія нагадваюць пра гады Вялікай Айчыннай вайны. У першыя месяцы акупацыі фашысты расстралялі за вёскай Сіроціна 136 вёскоўцаў-яўрэяў. У іх памяць на гэтым месцы ўстаноўлены памятны знак. У 1943-1944 гадах больш за восем месяцаў на тэрыторыі сельсавета стаяў фронт. Вяліся жорсткія баі. У чатырох брацкіх магілах пахаваны больш за 3,6 тысячы савецкіх салдат.
“Пастаянна на мемарыяльных плітах дадаюцца новыя прозвішчы, – расказвае страшыня сельвыканкама С. У. Каржуеў. – На мемарыяльныя комплексы ў вёскі Дворышча і Тропіна прыязджаюць родныя воінаў з усяго былога Савецкага Саюза”.
Памяць пра Вялікую Айчынную вайну святая. І, што важна, святая як для старэйшага пакалення, так і для моладзі. “У 2014 годзе члены турысцкага клуба “Мерыдыян” нашай школы пабывалі ў Мінску ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, – расказалі настаўнік біялогіі і геаграфіі Слабадской школы Уладзіслаў Траццякоў і настаўнік фізкультуры Уладзімір Кучко. – Там была і выстава, прысвечаная спаленым разам з жыхарамі беларускім вёскам, сярод якіх былі і нашы Ермачкі. Вучняў вельмі зацікавіў гэты факт. Па прыездзе дадому яны вырашылі сабраць як мага больш інфармацыі пра вёску”.
Настаўнікі сталі тымі людзьмі, якія аб’ядналі вучняў у гэтай працы. Высветлілі, што ў Ермачках было 26 двароў, пражывала больш за сто чалавек. Школьнікі пабывалі на месцы, дзе раней знаходзілася вёска. “Дапамог фундамент і камп’ютарная праграма “Глобус”, – расказвае Уладзіслаў Траццякоў. – Вясной распрацавалі план работы, якая ў асноўным прыйшлася на лета. Знялі верхні слой глебы, высеклі кустоўе, добраўпарадкавалі тэрыторыю, зрабілі невялікі насып, дзе будзе ўстаноўлены памятны знак”. Ініцыятыву школьнікаў падтрымаў і Сіроцінскі сельсавет, які зрабіў памятную таблічку, якая будзе ўстаноўлена вясной. А ў планах вучняў – напісаць летапіс спаленай вёскі Ермачкі.
На здымку: Вучні Слабадской школы з настаўнікам У. Кучко на месцы былой вёскі Ермачкі.
Вясковы “супермаркет”
“Зараз наш магазін не горшы, чым “Еўраопт”, – такую характарыстыку далі жыхары Сіроціна мясцоваму прадуктоваму магазіну, які з нядаўняга часу адносіцца да Бешанковіцкага райспажыўтаварыства. Сапраўды, тут ад тавараў вочы разбягаюцца. Толькі розных каўбас мы налічылі больш за дваццаць гатункаў. А яшчэ і свініна ёсць, і кандытарскія вырабы, і розныя фрукты, і малочныя прадукты. Вытрымліваецца асартыментны пералік, а па заказах у магазін прывозяць цэмент, гіпсакардон, руберойд, электратавары. “Сюды прыемна зайсці, зараз няма патрэбы, як раней, на аўтобусе ці на кані ехаць за прадуктамі ў Шуміліна, – расказалі мясцовыя пакупнікі, якіх сустрэлі ў магазіне. – Загадчыца Ірына Ефімовіч вельмі старанная. Такая ж і Валянціна Іванова, якая прыязджае да нас працаваць з Мішневіч”.
На здымку: Валянціна Іванова.
Тут вырошчваюць куранят
Цэх па вырошчванні куранят-бройлераў ААТ “Вітконпрадукт” у Слабадзе – прадпрыемства, якое ўпэўнена стаіць на нагах і развіваецца. Цэх працуе ўжо васямнаццаты год. Тут знайшлі сабе работу больш за шэсцьдзясят жыхароў са Слабады, Сіроціна і Шуміліна. У цэху працуюць нават сем’ямі – Несцеравы, Собалевы, Сплюхіны, Каштанавы, Сладкія і іншыя. Па словах работнікаў, на прадпрыемстве строга захоўваюцца ўсе сацыяльныя даброты. Два гады таму была створана прафсаюзная арганізацыя, ад якой ужо атрымалі матэрыяльную падтрымку мнагадзетныя сем’і.
Зараз у цэху налічваецца 18 птушнікаў, у якіх змяшчаецца больш за пяцьсот тысяч куранят. Праз сорак сутак, калі птушкі вырастаюць, іх адпраўляюць у цэх забою ў Шуміліна. «Мы робім сем абаротаў у год, – кажа начальнік цэха Алег Кашнікаў. – Гэта значыць, сем разоў на год да нас прыязджаюць за птушкай. За адзін раз адгружаем 1300 тон птушкі ў жывой вазе. Кормім куранят энергетычна збалансаваным кормам. Яго вырабляе таксама наш холдынг “Славянскі Велес”. Хочацца падкрэсліць, што ўсе кармы без дабаўлення гарманальных прэпаратаў і антыбіётыкаў. Менавіта гэта акалічнасць стала галоўнай, калі атрымлівалі сертыфікат “натуральны прадукт”. Таму і трымаем марку на рынку, таму наша прадукцыя карыстаецца попытам».
За апошнія гады ў цэху зроблена мадэрнізацыя вытворчасці. На прадпрыемстве ўмеюць лічыць грошы, таму правялі прыродны газ, выкапалі сваю свідравіну, каб не плаціць камунгасу за карыстанне вадой. Цэх па вырошчванні птушак мяркуе крочыць далей, развіваць вытворчасць. І на гэты конт кіраўніцтва мае нямала планаў.
“Пошта прыехала!”
“Пошта прыехала!” – нагадвае мясцовая жанчына сваёй зямлячцы, якая спраўляецца па гаспадарцы. І гэта сігнал паспяшацца – хутка ля перасоўнай пошты на колах збіраецца чарга. Трэба заплаціць за камунальныя паслугі, выпісаць газеты ці часопісы, а некаторым папоўніць рахунак мабільнага тэлефона.
Прыходзяць людзі да паштовай машыны, каб купіць крупы, цукар, макарону, кансервы і іншыя прадукты. “Па заказе вяскоўцаў прывозім камбікорм, пасцельную бялізну, – расказала начальнік перасоўнага аддзялення паштовай сувязі №2 Алена Бублік. – У Сіроціна прыязджаем кожны дзень, акрамя выхадных”. Дарэчы, работнікі пошты на колах ужо рыхтуюцца на Новага года. У продажы з’явіліся навагоднія падарункі.
30 год на КПП
Сёння далёка не ва ўсіх аграгарадках раёна ёсць комплексныя прыёмныя пункты. Слабадзе ў гэтым плане, можна сказаць, пашанцавала: на КПП тут працуе вопытная і адказная прыёмшчыца заказаў Святлана Леанідаўна Ляпёшкіна. У гэтым годзе ў яе юбілей – трыццаць гадоў бездакорнай работы.
Вядома, зараз комплексныя прыёмныя пункты не такія запатрабаваныя, як раней. Але ж усё роўна паслугі КПП у Слабадзе патрэбныя. Сюды прыходзяць і падшыць спадніцу, і адрамантаваць адзенне. Калі-нікалі заказваюць пашыць і новыя сукенкі.
А яшчэ Святлана Леанідаўна шые пасцельную бялізну, якая ў вяскоўцаў карыстаецца вялікім попытам. Прымае і заказы ў землякоў: адным трэба прывезці дошкі з райбыткамбіната, другім – веснічкі ці швабру, а тым, хто трымае гаспадарку, – камбікорм. Па графіку на вясковы КПП прыязджае цырульнік.
“Мае перапёлачкі”, – так ласкава называе сваіх птушак Лідзія Віктараўна Сайко з вёскі Новазаронава. Зяць прывёз ёй некалькі перапёлак, і жанчыне яны спадабаліся. “Па-першае, птушкі непераборлівыя: ядуць ячневыя крупы, любяць сырыя моркву і буракі, – кажа жанчына. – Па-другое, добра кладуцца. Ну, а каштоўныя ўласцівасці перапяліных яек, думаю, вядомы кожнаму: дапамагаюць пры гастрыце, язве, пры хваробах печані, нават выводзяць радыёнукліды. Галоўнае, перапяліныя яйкі не выклікаюць алергіі. Таму ўсім сваім знаёмым раю вырошчваць перапёлак. Ну, а домікам для іх можа быць звычайная клетка для птушак”.
Давяраюць маладому спецыялісту
Пасля заканчэння Аршанскага медыцынскага каледжа Антон Кібісаў пэўны час працаваў у Мішневіцкай бальніцы, і вось толькі месяц працуе загадчыкам Сіроцін-скага ФАПа. “Ды што пра мяне яшчэ пісаць, – усміхнуўся хлопец. – Пакуль што я толькі знаёмлюся з людзьмі…”. Але ж месяца хапіла Антону, каб заслужыць аўтарытэт сярод мясцовага насельніцтва. Ён і ціск памерыць, і з лекамі падкажа, і проста словам падтрымае – так жыхары Сіроціна расказалі пра свайго маладога фельчара-акушэра.
Азёрны край
Ніводнаму з населеных пунктаў раёна не пашанцавала так, як Слабадзе. У аграгарадку і яго наваколлях налічваецца 14 азёр. Назвы некаторых з іх пайшлі ад населеных пунктаў – Грабніцкае (Грабнічанскае), Філіпенскае, Заронаўскае. Апошняе возера размешчана на тэрыторыі двух раёнаў – Шумілінскага і Віцебскага. Непадалёк ад Слабады калісьці былі вёскі Падляшчына, Зачорнае, Мішчонкі, Спірыдава. Адсюль і назвы азёр: Падляшчынскае, Зачорнае (Зачарнянскае), Мішчонскае, Спірыдонаўскае (Спірыдаўскае). Мясцовыя жыхары расказваюць, што непадалёк ад возера Зачорнае калісьці знаходзіўся панскі маёнтак. А аматары рыбнай лоўлі, якія неаднойчы ныралі ўглыб, сцвярджаюць, што і сёння ў возеры захавалася частка панскага каменнага склепу.
З гісторыяй звязана паходжанне яшчэ аднаго возера – Царкоўнае (Святца). На ягоным беразе даўней стаяла царква. Але ў 30-ыя гады яе разбурылі. Непадалёк ад Царкоўнага знаходзіцца возера Глыбец. Неяк мясцовыя мужчыны паспрачаліся, ці больш возера ў глыбіню, чым 30 метраў. Выехалі на сярэдзіну возера, закінулі вяроўку з грузілам – 30 метраў не хапіла. Старажылы расказваюць, што ў час Вялікай Айчыннай вайны Глыбец захапіла ў свае абдымкі нямецкую падводу-кухню разам з поварам, які пайшоў напаіць каня.
Паміж азёрамі Царкоўнае і Глыбец – возера Сярэдняе. Паходжанне яго назвы не патрабуе тлумачэння. Возера Шалёнае, на думку мясцовых жыхароў, назвалі так таму, што там утапіўся шалёны бык. А вось назва возера Заберка застаецца загадкай.
Ля Казаногава раскінулася Белае возера. А вось аматары пакупацца вельмі аблюбавалі Зялёнае возера, бо вада ў ім чыстая і празрыстая.
Сіроцінцы – самыя гаваркія
Напрыканцы не можам не ўзгадаць і яшчэ адзін цікавы і адметны факт, які тычыцца жыхароў сельсавета. Вясной мабільны аператар velcom склаў рэйтынг самых “гаваркіх” і інтэрнэт-актыўных вёсак Беларусі. У тройцы лідараў – населеныя пункты Віцебскай вобласці. Самай “гаваркой” у Беларусі стала вёска Сіроціна ў Шумілінскім раёне. У сярэднім тут размаўляюць па тэлефоне 918 хвілін (ці 15 гадзін) у месяц.
Матэрыялы падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №94 ад 05.12.2017 г.