А сфотографироваться в пиджаке с орденами Михаил Рудов отказался

Общество

“Быў гатовы выканаць пяцігодку за тры гады”

Жыве побач чалавек, нічога лішняга пра сябе не хоча расказваць, бо па сваёй натуры сціплы і немнагаслоўны. Сваякі і суседзі ведаюць яго як добрага сем’яніна, цудоўнага бацьку і мужа, майстра на ўсе рукі, які і дом адрамантаваць можа, і ўсталяваць у ім паравое ацяпленне ці водаправод.  Але пры бліжэйшым знаёмстве высвятляецца, што чалавек гэты яшчэ і мужны, гатовы на сапраўдныя ўчынкі.
Жыхар райцэнтра Міхаіл Максімавіч Рудоў у далёкім 1971 годзе ратаваў на пажары жанчыну. У той дзень (гэта было зімой) мужчына ішоў па вуліцы Ленінскай. Як раптам убачыў, што з дома ідуць клубы дыму. “Пажар!” – мільганула ў галаве. І Міхаіл Максімавіч, не задумваючыся, кінуўся ў палаючы дом. Адтуль на руках вынес жанчыну, якая ўжо наглыталася дыму і страціла прытомнасць. Нехта з суседзяў выклікаў пажарную службу і патэлефанаваў у “хуткую дапамогу”. Пацярпелую выратавалі. А праз некаторы час Міхаіл Максімавіча Рудова знайшла ўзнагарода – медаль “За адвагу на пажары”. Сімвалічна, што яго ўручылі 23 лютага. Гэта была шаноўная ўзнагарода сапраўднаму мужчыну і герою.
М. М. Рудоў не толькі смелы і адважны чалавек, гатовы працягнуць руку дапамогі, але яшчэ і ветэран працы. У канцы 50-х гадоў ён закончыў будаўнічую школу № 13 у Віцебску і  разам з іншымі дзевятнаццаццю хлопцамі быў накіраваны на будаўніцтва першых дамоў у Наваполацку. Ну, а пасля службы ў арміі вярнуўся ў роднае Шуміліна і працаваў амаль сорак гадоў у сельгастэхніцы. І зваршчыкам быў, і брыгаду слесараў-мантажнікаў па механізацыі ферм узначальваў.
“Раней сельгастэхніка была вялікай арганізацыяй, там налічвалася сем брыгад слесараў-мантажнікаў, – згадвае Міхаіл Максімавіч. –  На ўсіх фермах раёна мы ўстанаўлівалі і рамантавалі даільнае абсталяванне, гноевыя транспарцёры, паілкі для жывёлы. Помню як працавалі на фермах Непароты, Мішневічы, Лескавічы, якія на той час былі новымі.  Нашы брыгады слесараў абслугоўвалі і зернетакі. Іх было многа, бо што ні вялікая вёска – то калгас ці саўгас. Зернесушылкі мы рамантавалі ў асноўным у пачатку лета, каб да жніва ўсё было гатова. Здараліся і аўральныя сітуацыі, калі “ляцела” нейкая сістэма – тады прыходзілася працаваць і да ночы, і ў выхадныя. Добрымі дарадцамі ў рабоце былі старшыя майстры прадпрыемства Антон Антонавіч Цынгель і Аляксандр Рыгоравіч Кузняцоў”.
Брыгада М. М. Рудова заўсёды выконвала і перавыконвала даведзены план. За выдатную работу брыгадзір атрымаў званне “Ударнік камуністычнай працы”. Калегі нават жартавалі, што Міхаіл Максімавіч працуе так, што  “адзін быў гатовы выканаць пяцігодку за тры гады”. Менавіта за добрасумленную працу ў пачатку 70-х мужчыну ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
А ў 1977 годзе яму ўручылі не менш важкую на той час узнагароду – ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Міхаіл Максімавіч беражліва захоўвае свае ўзнагароды.  Жонка, сын і дачка, чацвёра ўнукаў М. М. Рудова ганарацца працоўнымі дасягненнямі свайго мужа, бацькі  і дзядулі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №93 ад 01.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *