Провад
У міліцыю звярнуўся жыхар Віцебска: на яго дачы ў Тропіне пабывалі злодзеі. Яны выставілі аконную раму і праніклі ў пакой, укралі каля паўсотні метраў электрычнага провада. У той жа дзень быў устаноўлены падазроны ў крадзяжы. Праз некалькі дзён мужчыну знайшлі. Адпячаткі яго пальцаў супалі са знойдзенымі на месцы злачынства. Злодзей (ураджэнец в. Сураўні) прызнаўся ў крадзяжы. Ён затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС.
“Зязюля”
Жыхарку Шуміліна, якая абавязана выплачваць грошы на ўтрыманне двух непаўналетніх сыноў, працаўладкавалі рабочай у камунгас. Але жанчына не лічыла патрэбным хадзіць на работу кожны дзень. На працягу двух месяцаў дапусціла 13 прагулаў. Вядома, утварылася запазычанасць перад дзяржавай. За ўхіленне ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Крадзяжы
Сёлета ў раёне адбылося 86 крадзяжоў, 46 з якіх раскрыты. У большасці выпадкаў крадуць грошы і рэчы з жылля – 66 выпадкаў. Зарэгістравана 10 крадзяжоў мабільных тэлефонаў. Уладальнікі пераважна забывалі іх ці траплялі апараты ў рукі сабутыльнікаў.
Хуліганствы
За дробнае хуліганства супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў склалі сёлета 211 адміністрацыйных пратаколаў (летась было 257). За распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах або за знаходжанне ў нецвярозым стане на вуліцах, у парках, іншых месцах масавага адпачынку прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 339 чалавек (за адпаведны перыяд мінулага года – 292).
Снарад
Непадалёк ад фермы Слабада КУСГП “Сіроцінскі” мясцовыя работнікі знайшлі снарад. Тэрмінова былі выкліканы сапёры. Яны абясшкодзілі снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны.
“Штыль”
У жыхара аграгарадка Мішневічы прапала бензапіла “Штыль”. Міліцыянеры высветлілі, што напярэдадні ў доме пацярпелага пабываў жыхар гэтай жа вёскі, раней судзімы за крадзеж, ён і прыбраў да рук бензапілу. Кошт яе ацэнены амаль у мільён рублёў. Пры вобыску пілу знайшлі, вярнулі гаспадару. Злодзей затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Наезд
Грамадзянка Расійскай Федэрацыі на аўтамабілі “Нісан” заехала на аўтазаправачную станцыю ў Шуміліна. Рухаючыся заднім ходам, расіянка не ўлічыла адлегласць да машын, што стаялі за ёй, і наехала на Аўдзі-80 (машына належыць жыхару раёна). Абедзвюм аўтамашынам патрабуецца рамонт. Супраць парушальніцы складзены адміністрацыйны пратакол.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.