Адзін дзень з жыцця ў Лаўжанскім сельсавеце
12 ліпеня ў Лаўжанскім сельсавеце прайшоў дзень работы з насельніцтвам. Аграгарадок Мікіціха, трыццаць вёсак і вёсачак наведалі прадстаўнікі райвыканкама і раённых службаў.
Адну з чатырох груп узначаліў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, разам з ім у камандзе начальнік штаба РАУС У. І. Ушал, кіраўнік спраў Лаўжанскага сельвыканкама А. П. Жыжова і прадстаўнік рэдакцыі раённай газеты.
На нашым шляху вёскі Залужжа, Юрава, Бываліна, Ласвіцкія, Добрына. У кожнай вёсцы ведаюць, што прыедуць госці з раёна, чакаюць, каб задаць хвалюючыя пытанні ці проста паглядзець на заезджых людзей.
Пытанняў хапае, хаця ў цэлым настрой вяскоўца летам куды больш аптымістычны, чым у дажджлівую восень ці сцюдзёную зіму: надвор’е добрае, гуркі-памідоры ўжо на стале, унукі за сталом.
Тым не менш не без праблем. У Залужжы, напрыклад, перажываюць за спарадкаванне сваіх участкаў з ячменем і пшаніцай: “У мінулым годзе было дужа дорага, а колькі ж будзе ў гэтым? Хаця б якую скідку пенсіянерам зрабілі. Ды і ўбралі летась дрэнна, палова на полі засталося…”. А. М. Зайцаў раіць аддаць свае соткі ў агульны севазварот, дзешавей абыдзецца ўбраць вялікую плошчу, чым ганяць камбайн па агародах. Людзі не супраць, але “каб нам хто расказаў, як гэта туды ўступіць…” Расказваем.
Яшчэ праблема (пра гэта ж гаварылі і ў Бываліне): патрава агародаў калгасным статкам: “ніякай управы няма на гэтых кароў і цёлак, а пастухі зусім нічога не глядзяць”.
Але не забываюць і пра харошае. Хваляць шэфаў – райветстанцыю, якія ўсю вёску абкасілі — адразу святлей і прыгажэй стала, просяць напісаць у раённай газеце пра вадзіцеля райгазу Уладзіміра Свірыдзенку, які адрамантаваў калонку (“Камунгас разабраў і кінуў, а ён зварку прывёз і наладзіў усё.”)
Чацвёра пастаянных жыхароў і адна дачніца сустрэлі нас у Юраве. Пра становішча ў вёсцы нам далажыў старэйшына А. Д. Лапавухаў. Найперш пра тое, што чатыры дні няма вады, а камунгас спасылаецца, што электрык на бальнічным. Пакуль людзі расказваюць пра гэтую праблему, А. М. Зайцаў звоніць намесніку кіраўніка УП ЖКГ, начальніку аддзялення “Лаўжанскае”. Абяцаюць зрабіць неадкладна.
Вялікую незадаволенасць выказалі людзі работай аўтамагазіна: “Пакуль асноўны ездзіў, нармальна было, а як зламаўся, прыслалі са Слабады, асартымент ніякі, тавары пратэрмінаваныя, людзі атруціліся, у бальніцы ляжалі, антысанітарыя, а ў дадатак яшчэ і аблічваюць”.
“Хоць нас тут і нямнога, але і нас паважаць трэба”, — заключаюць жыхары Юрава. І гэта неаспрэчна.
У Ласвіцкіх чатыры жанчынкі чакалі нас на лавачцы. На жыццё яны не скардзіліся, пачалі размову з таго, што маліны і парэчкі саспелі, варэння будзе ўдосталь. Пахвалілі за работу вадзіцеля аўтамагазіна Віктара Філіпавіча Окунева (“Дужа добра, уважліва абслугоўвае”), работнікаў Віцебскага філіяла “Белпошты” за тое, што вёску абкасілі, работнікаў Лаўжанскага сельвыканкама за клопат і ўважлівасць. І ўсё б нічога, толькі вось з дрывамі ніяк не наладзіцца. У Мішневіцкім лясніцтве, куды яны звярталіся, кажуць, што дровы ёсць, толькі пад’езду да іх няма. Прасілі вяскоўцы дзялянку непадалёк для саманарыхтоўкі, не даюць, кажуць, бярыце лесапавал, а туды толькі на верталёце…
Затое у жыхароў Добрына праблемных пытанняў быў цэлы тузін. Найперш па рэгістрацыі райаграсервісам свайго жылля. “Трэці год дзеці не могуць яго зарэгістраваць, а мы не можам іх выпісаць і пакарыстацца льготамі”, – скардзіўся Л. М. Ляхаў. “Малако ў выхадныя і ў панядзелак не збіраюць”, — абураўся А. С. Бегуноў. Да гэтага дадалі, што пасля зносу чатырох дамоў участак не спарадкавалі і там руіны, што вуліца Першамайская ўся ў калдобінах, што служба быту не працуе, што нязручна ім абслугоўвацца ў Лаўжанскай амбулаторыі, трэба, каб у Шуміліне прымалі, што дрэва аварыйнае трэба спілаваць у двары Н. М. Дзмітрыевай, што ў магазіне віно на павер даюць…
“Накапілася”, — адным словам ахарактарызавалі ўсё выказанае самі жыхары былога цэнтра гаспадаркі. І яшчэ. Па вялікаму рахунку ім, хто па сорак гадоў адпрацаваў у гаспадарцы, хто памятае, як “грымеў” саўгас Кароткіна, як тут было восем брыгад, восем фермаў, сёння ім крыўдна за многія аспекты. Напрыклад, за тое, што кіраўніцтва “Шумілінскага райаграсервісу” не знаходзяць часу нават сустрэцца, пагаварыць з людзьмі пра іх праблемы. І гэта трэба разумець.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 53 ад 15.07.2011 г.