Калі чалавек дрэнна бачыць ці не бачыць наогул, у яго нязменна абвастраюцца іншыя органы адчуванняў. Мудры арганізм прыстасоўваецца да пэўных умоў існавання і, здараецца, адкрывае для сябе новыя магчымасці. А калі яму ў гэтым яшчэ і дапамагчы…
Для таго, каб развіваць свае здольнасці, члены раённай арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку наведваюць гурток “Акно ў свет”, які працуе пры ТЦСАН. Тут яны разам са старшынёй арганізацыі і адначасова кіраўніком гуртка Галінай Маркавай асвойваюць разнастайныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Месячнік “Чалавек з белым кіем”, які зараз праходзіць у рэспубліцы, гурткоўцы адзначылі майстар-класам “Свет на кончыках пальцаў” і асвоілі яшчэ адну сучасную тэхніку – пляценне з газетных трубачак. “Для людзей з паслабленым зрокам гэта тэхніка асабліва карысная, – гаворыць Галіна Фёдараўна і спрытна скручвае ў доўгі прут палоску са звычайнай газеты. – Працуюць пальцы, развіваецца дробная маторыка, абвастраюцца тактыльныя адчуванні”. Як і заўжды, кіраўнік гуртка найперш сама спасцігае ўсе тонкасці новага занятку праз інтэрнэт, а затым ужо праводзіць майстар-клас сярод гурткоўцаў.
Як правіла, на такіх занятках робіцца спецыяльная гімнастыка для вачэй, наладжваецца чаяванне з забаўляльнай праграмай.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №88 ад 14.11.2017 г.