Шумилинцы на «Славянском базаре в Витебске»

Актуалии Культура Общество

А. Косинец у экспозиции Обольского керамического завода

“Шумілінскі  панадворак”
Юбілейны, дваццаты фестываль “Славянскі базар у Віцебску” напоўнены самымі рознымі мерапрыемствамі. Практычна ўвесь горад пераўтварыўся ў канцэртную пляцоўку і выставачны павільён. У гэтай віхуры песень, танцаў, творчых сустрэч, бясконцых радоў рознага рукадзелля годна ўпісаліся і шумілінцы.

Шумилинское подворье в Задвинье

Варта сказаць, што сёлета кожны раён вобласці шырока прадставіў на “Славянскім базары” свае таленты, свае вырабы, сваю самабытнасць. У “Горадзе майстроў”, што ў “Задзвінні”, усе ўмясціцца ніяк не маглі. Падворкі, падвор’і, панадворкі з усіх куткоў вобласці “выйшлі” яшчэ і на плошчу каля тэатра імя Якуба Коласа, і на вуліцу Суворава, разгарнуліся ля плошчы Перамогі.
“Шумілінскі панадворак” заняў годнае месца ў “Задзвінні” і адразу стаў любімым месцам адпачынку жыхароў Віцебска і гасцей фестывалю.
З першага дня, а гэта значыць з 6 ліпеня, тут увесь час шматлюдна. Людзей вабіць яркая прыгожая аздоба падворка, магчымасць адпачыць ад ліпеньскай спякоты за столікамі ў цяньку, пачаставацца нацыянальнымі шумілінскімі стравамі, атрымаць асалоду ад выступленняў нашых артыстаў, сфатаграфавацца ля нашых каларытных саламяна-льняных баб і мужыкоў ды яшчэ купіць тое-сёе на памяць. Нацыянальны каларыт, добрая беларуская песня, усмешкі і гасціннасць сустракаюць кожнага, хто ступіць на парог панадворка.
Не стушаваліся шумілінцы і падчас агляду старшынёй аблвыканкама А. М. Косінцам падворкаў вобласці. 7 ліпеня ён разам з міністрам культуры Беларусі Паўлам Латушкам наведалі “Шумілінскі падворак”. Перад уваходам шаноўных гасцей дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах віталі хлебам-соллю. Старшыня райвыканкама В. А. Падляшчук сустрэў прадстаўнічую дэлегацыю, паказаў, чым багатыя шумілінцы. Нягледзячы на тое, што час у старшыні аблвыканкама быў абмежаваны (трэба ж было наведаць падворкі ўсіх раёнаў), на “Шумілінскім панадворку” ён затрымаўся, пры гэтым асаблівую ўвагу ўдзяліў сувенірнай прадукцыі Обальскага керамічнага завода.
Праводзячы 8 ліпеня абласную селектарную нараду, А. М. Косінец назваў Шумілінскі раён у тройцы лепшых па прадстаўленню свайго рэгіёна на “Славянскім базары”.
Безумоўна, гэтую высокую ацэнку заслужылі ўсе, хто непасрэдна ствараў “Шумілінскі панадворак”, хто і сёння сардэчна сустракае на сваім парозе гасцей фестывалю. А гэта  Шумілінскае райспажыўтаварыства, якое бесперабойна з 6 па 16 ліпеня частуе ўсіх жадаючых. Гэта Обальскі керамічны завод з багатай выставай сувенірнай прадукцыі, якая ідзе проста нарасхват. І, вядома ж, гэта работнікі аддзела культуры райвыканкама: Дом рамёстваў арганізаваў выставу-продаж сваіх вырабаў, народны клуб аматараў нацыянальнай беларускай кухні “Разынка” здзіўляе незвычайна смачнымі стравамі, прыгатаванымі па даўніх шумілінскіх рэцэптах, лялечны тэатр “Шумілінская батлейка” забаўляе дзяцей. Радавалі (і яшчэ будуць радаваць да 16 ліпеня) святочную публіку добрымі песнямі і трапнымі жартамі, якія маюць карані на шумілінскай зямлі, артысты народных калектываў Шуміліншчыны – хору “Світанак” Шумілінскага ГДК, ансамбля, народнай песні “Абалянка” і клуба “Ветэран” Обальскага ГДК, сямейнага ансамля “Забава” Лаўжанскага Цэнтра культуры і вольнага часу, вакальнага ансамбля “Гарэзнікі” Обальскай ДШМ, літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца” Шумілінскай раённай бібліятэкі, а таксама мастацкіх калектываў Кардонскага сельскага клуба, Слабадскога і Язвінскага Дамоў культуры.
Аліна ПЯТРОВА.
І ўручылі каравай Ігару Лучанку
У рамках “Славянскага базару” прайшоў міжнародны фестываль творчасці інвалідаў “Віцебск-2011”.
Права ўрачыстага адкрыцця фэсту даручылі нашай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў (старшыня раённай арганізацыі Л. М. Нагібава). Шумілінцы ўручылі караваі старшыні журы фестывалю, кампазітару, народнаму артысту СССР Ігару Лучанку і старшыні цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў Уладзіміру Патапенку.
На фестываль раённая арганізацыя прывезла работы прыкладнога мастацтва пятнаццаці майстроў. Усе яны былі адзначаны дыпломамі і памятнымі падарункамі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Фота Таццяны ДАМАРАЦКАЙ.
Надрукавана ў №52 ад 12.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *