Доска почёта Шумилинского района: Жанна Комарова

Актуалии Общество Экономика

Каб раніцай у нас быў бутэрброд з сырам

Мы працягваем знаёміць вас з лепшымі працаўнікамі раёна, чые імёны занесены на раённую Дошку гонару. Сёння вас вітае Жанна Яўгенаўна Камарова, апаратчык пастэрызацыі і ахалоджвання малака вытворчага цэха Шуміліна ААТ “Малако” г. Віцебск.
Шумілінскія сыры – галандскі, кастрамскі, пашахонскі, расійскі, сметанковы і іншыя – сталі брэндам раёна, імі частуюцца не толькі беларусы, іх высокую якасць даўно ацанілі і расіяне, якія жадаюць бачыць наш сыр на сваім стале пастаянна.
Усе сыры робяцца са звычайнага малака. Але шумілінскія сыраробы, безумоўна, маюць свае асаблівыя сакрэты, якія не адкрываюцца кожнаму, а толькі тым, хто прайшоў усе этапы знаёмства са старадаўнім малочным прадуктам. Жанна Яўгенаўна, чыё знаёмства з сыраробчай вытворчасцю пачалося ў 1983 годзе, спасцігла ўсе гэтыя сакрэты.
Яна ўспамінае, як раней сумесі для сыроў рабілі ўручную, гэта быў той час, калі ў Шуміліне, апроч сыроў, рабілі і масла, і смятану, і кефір, калі прадпрыемства заваёўвала рынак і аўтарытэт.
Сёння ў Шуміліне робяць толькі сыры, на дапамогу спецыялістам прыйшла аўтаматызацыя, з’явілася сучасная ўстаноўка, якая па заданні тэхнолагаў рыхтуе нармалізаваную сумесь для сыроў, вылічвае працэнтныя суадносіны вяршкоў і адгону для пэўнага віду сыру. Аўтаматызацыя, праграмнае кіраванне абсталяваннем дапамагаюць трымаць якасць выпрабаваных гатункаў сыроў, асвойваць новыя.
Варта зазначыць, што апаратчык пастэрызацыі – ключавая фігура малочнай вытворчасці, гэтая прафесія патрабуе высокай кваліфікацыі, спецыяльнай адукацыі. Жанна Камарова такую адукацыю атрымала ў свой час у Слуцкім вучылішчы. Яна і сама са Слуцкага раёна, у Шуміліна прыехала па размеркаванні, ды тут і асела, набыла вопыт работы, павагу калег, выйшла замуж, шлюб падарыў ёй дзвюх дачок, а цяпер вось – і дзвюх унучак.
У рабоце галоўнае – адказнасць, у сям’і – павага і цярпенне, у выхаванні дзяцей – любоў. З такімі простымі пастулатамі ідзе па жыцці Жанна Камарова.
А мы, кладучы раніцай на бутэрброд тоненькі сырны скрылёк, успомнім яе і ўсіх сыраробаў добрым словам.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №86 ад 03.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *