Страхаванне: рост ёсць, але рэзервы вялікія
А людзі страхуюць. Сябе, сваіх дзяцей, сваю маёмасць, транспарт, жыўнасць. Прычым, як у абавязковым парадку, так і па сваім уласным жаданні. І лічбы сведчаць пра гэта. Іх агучыла на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў дырэктар Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Шумілінскім раёне Інга Аўрова падчас абмеркавання пытання аб стане і мерах па далейшым развіцці дзяржаўнага страхавання ў Шумілінскім раёне.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, якая вяла пасяджэнне, адзначыла, што, сапраўды, наш Белдзяржстрах, які практычна з’яўляецца манапалістам у галіне страхавання ў рэгіёне, шмат робіць па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы страхавання, развіцці добраахвотных відаў, павышэнні іх якасці і забеспячэнні на гэтай аснове страхавой абароны маёмасных інтарэсаў насельніцтва і юрыдычных асоб пры наступленні пэўных падзей. Станоўчы прырост назіраецца сярод усіх традыцыйных відаў страхавання, за выключэннем добраахвотнага страхавання жывёлы грамадзян.
Па словах І. Аўровай, за 9 месяцаў работнікі прадстаўніцтва Белдзяржстраху заключылі 11353 дагаворы страхавання, у тым ліку па добраахвотных відах – 7982, з іх новых – 637. Налічана страхавых узносаў па ўсіх відах страхавання амаль 500 тыс. рублёў, тэмп росту склаў 108,6%. Па добраахвотных відах налічана 222,1 тыс. руб. (110,6%), па абавязковых – 267,3 тыс. руб. (107%).
У структуры паступленняў страхавых узносаў па добраахвотных відах 70% складае маёмаснае страхаванне інтарэсаў грамадзян, 20,5% – медыцынскае страхаванне, 7,5% – транспартнае, 2% – маёмаснае страхаванне інтарэсаў юрыдычных асоб.
Выплаты страхавой кампенсацыі па ўсіх відах страхавання склалі 213,3 тыс. рублёў. Іншымі словамі, паведаміла дырэктар прадстаўніцтва, фактычны ўзровень страхавых выплат складае амаль 50% ад сумы сабраных страхавых узносаў. 39 чалавек атрымалі выплаты па абавязковым страхаванні ў сувязі з няшчаснымі выпадкамі на вытворчасці і прафесійнымі захворваннямі. Наогул па ўсіх відах страхавання пацярпелым на вытворчасці і ў выніку прафесійных захворванняў выплачана амаль 70 тысяч рублёў. Па абавязковым страхаванні з дзяржаўнай падтрымкай ураджаю сельгаскультур сёлета было зроблена 5 выплат на суму амаль 40 тысяч рублёў.
Па колькіх выпадках Белдзяржстрах адмовіў у выплатах, задалі пытанне кіраўніку ўстановы члены прэзідыума. Такія выпадкі адзінкавыя, паведаміла Інга Сяргееўна, у прыватнасці, у пяці выпадках страхавання ад няшчасных выпадкаў было адмоўлена ў выплатах з-за парушэння тэрмінаў страхавання.
Нягледзячы на дакладную сістэму работы, прадстаўніцтвам не забяспечана выкананне прагнозных паказчыкаў па ўсіх відах страхавання, ёсць вялікія рэзервы ў рабоце. Дакладчык прааналізавала праблемы, спынілася на тым, што ўпускаецца ў рабоце і над чым трэба працаваць, пазнаёміла з новымі відамі паслуг.
Па абмеркаваным пытанні прынята адпаведная пастанова.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №86 ад 03.11.2017 г.