Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя адпраўцы прызыўнікоў у армію, прайшлі ў сераду 1 лістапада ў райцэнтры. Падчас сёлетняга прызыву рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь папоўняць 28 юнакоў Шуміліншчыны.
Найбольшая колькасць шумілінцаў будзе служыць у Віцебску (9 – у 103-й мабільнай брыгадзе і ў батальёне Міністэрства ўнутраных спраў), дзевяць прызыўнікоў адправяцца ў Барысаў, трое – у Заслонава. Трое юнакоў будуць пагранічнікамі і пройдуць тэрміновую вайсковую службу ў пагранічных атрадах Полацка, Смаргоні і Ліды.
Служба ў арміі – гэта важны этап у жыцці кожнага юнака. Арганізатары Дня прызыўніка зрабілі ўсё, каб гэты дзень стаў для маладых людзей яркім і запамінальным. Асноўныя мерапрыемствы прайшлі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы: прызыўнікам быў прапанаваны сучасны грамадзянскі абрад “Праводзіны ў армію”. Прадстаўнікі райвыканкама і працоўных калектываў, адасобленай групы Шумілінскага раёна аб’яднанага ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёна, грамадскіх арганізацый, духавенства выказалі наказ будучым абаронцам Айчыны, каб годна служылі, а ў раён прыходзілі ўдзячныя лісты з вайсковых часцей. Па-сапраўднаму баявы і аптымістычны настрой атрымалі заўтрашнія навабранцы беларускай арміі ад самадзейных артыстаў.
Кожны прызыўнік атрымаў павестку з датай адпраўкі ў вайсковую часць.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №86 ад 03.11.2017 г.