Турнір Анатоля Завадскага: на п’едэстале – толькі шумілінцы

Новости Спорт, туризм

На п’едэстале – толькі шумілінцы

У суботу, 28 кастрычніка ў Шумілінскай СДЮШАР прайшоў традыцыйны валейбольны турнір сярод мужчынскіх каманд, прысвечаны памяці трэнера Анатоля Завадскага. У турніры бралі ўдзел тры шумілінскія (“Спадарожнік”, “Шуміліна-1” і Шуміліна-2”) і тры гасцявыя (віцебскі “Медык”, “Полацк” і “Сянно”) каманды. Адкрыў спаборніцтвы старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў.
За валейбольнымі баталіямі ў гэты дзень было цікава паназіраць. Па-першае, сабраліся каманды прыкладна аднаго ўзроўню, а гэта надавала відовішча кожнай сустрэчы. Па-другое, на першы план выйшлі менавіта шумілінскія каманды, якія па выніках і занялі ўсе прызавыя месцы.
Трэцяе месца заваявала каманда “Шуміліна-2”. Лідарскія якасці на пляцоўцы паказаў капітан маладзёжнай зборнай Беларусі па валейболе Антон Сушынскі. Добра дапамагалі Антону  Ягор Пальвінскі і Уладзіслаў Шэкін. Каманда імкнулася да перамогі ў турніры, але ў адказныя моманты ў іх не хапіла вопыту.
Другое месца заняў шумілінскі “Спадарожнік”. Капітан Сяргей Абраменка падабраў сплаў маладосці і вопыту. На добрым узроўні правялі турнір Сяргей Завадскі, Антон Сілін і Аляксей Аляшкевіч.
А вось пераможцы – “Шуміліна-1” – прадэманстравалі стабільную і ўпэўненую гульню ў кожнай сустрэчы. Станіслаў Прасветаў, Дзмітрый Суханаў, Дзмітрый Бяззубенка, Уладзіслаў Саламаха і Юрый Волкаў гулялі ў сваё задавальненне. Слушнымі і трапнымі  былі падказкі траўміраванага іграка каманды Канстанціна Мончыка. У кожнага з гэтых валейбалістаў за плячыма шматлікія выступленні на самых розных турнірах. І калі хлопцы збіраюцца разам, то гэту каманду не спыніць.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №86 ад 03.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *