Летась юрыдычную сілу набыў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, адсочванні сельскагаспадарчай жывёлы (гуртоў), ідэнтыфікацыі і адсочванні прадуктаў жывёльнага паходжання”, які накіраваны на збор інфармацыі пра сельскагаспадарчую жывёлу і прадукты жывёльнага паходжання. Як закон рэалізуецца на тэрыторыі нашага раёна – пра гэта гутарым з рэгіянальным прадстаўніком па Шумілінскім раёне дзяржаўнай установы “Цэнтр інфармацыйнай сістэмы жывёлагадоўлі па сістэме ідэнтыфікацыі і рэгістрацыі” Вікторыяй Кацар і начальнікам райветстанцыі Аляксеем Жыгуновым.
– Для чаго патрэбна ідэнтыфікацыйная рэгістрацыя жывёлы?
Вікторыя Кацар: “Па сутнасці ідэнтыфікацыя – гэта ўвядзенне электронных пашпартоў, якім з’яўляецца ідэнтыфікацыйны нумар. У пашпарт заносіцца ўся інфармацыя пра жывёлу: дата нараджэння, правядзення прышчэпак, перанесеныя захворванні, пацвярджаецца рэгістрацыя асобнай галавы жывёлы ў дзяржаўнай інфармацыйнай сістэме. Абавязковая рэгістрацыя ўсёй жывёлы, якая вырошчваецца на вытворчых прадпрыемствах.
У прыватным сектары абавязковая рэгістрацыя праводзіцца для буйной рагатай жывёлы, авечак, коз, свіней і коней, якія будуць прадавацца. Скажам для цялят, калі гаспадар збіраецца іх прадаваць на сельгаспрадпрыемства ці на мясакамбінат. Абавязковая рэгістрацыя, калі гаспадар плануе прадаваць мяса ці малако на рынку, на перапрацоўчае прадпрыемства.
Аляксей Жыгуноў: ”Электронныя пашпарты ствараюцца з улікам высокіх патрабаванняў да бяспекі сыравіны жывёльнага паходжання. Калі ў кожнай жывёлы будзе так званы электронны пашпарт, то прасцей будзе праводзіць кантроль за здароўем жывёлы на кожным этапе вырошчвання.Такім чынам санітарныя, ветэрынарныя службы могуць прасачыць за характарам хвароб жывёл і іх лячэннем.
І ўрэшце будзе зроблены вывад, ці можна закупліваць малако ад гэтай каровы, ці падыходзіць жывёла для здачы на мясакамбінат. Усё гэта робіцца з мэтай забеспячэння якасці гатовых прадуктаў”.
– Раскажыце больш падрабязна, як выглядаюць сродкі ідэнтыфікацыі.
В. К.: “Для ідэнтыфікацыі буйной рагатай жывёлы выкарыстоўваюцца біркі альбо біркі з мікрачыпам, для племянных свіней – бірка і бірка з мікрачыпам, для астатніх свіней – бірка, для коней – мікрачып. Свінні, якія належаць юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, ідэнтыфікуюцца статкам, жывёле фізічных асоб прысвойваецца ідэнтыфікацыйны нумар. Біркі замацоўваюцца ў вушах жывёлы”.
– На якой стадыі знаходзіцца працэс ідэнтыфікацыі жывёлы ў нашым раёне?
А. Ж.: “Рэгістрацыя грамадскай жывёлы пачалася яшчэ летам. Усяго ў сельгаспрадпрыемствах раёна налічваецца 19 466 галоў буйной рагатай жывёлы. За тры месяцы індывідуальныя біркі атрымалі 50% жывёлы, ва ўстаноўленым парадку зарэгістравана 40% жывёлы. Работа па ідэнтыфікацыі працягваецца”.
– А як наконт буйной рагатай жывёлы ў прыватным сектары?
В. К.: “Абавязковая рэгістрацыя жывёлы тычыцца і прыватнага сектара. Да гэтай работы толькі прыступаем. Пачынаем з буйной рагатай жывёлы. На кожную карову ці бычка будзе заведзены індывідуальны пашпарт, для гэтага на кожную жывеліну будуць замацаваны дзве біркі з індывідуальным нумарам”.
– А дзе прыватнік можа купіць гэтыя біркі?
А. Ж.: “Біркі закупляюцца раёнам цэнтралізавана. Адзін камплект каштуе 1 руб. 51 кап. У прыватнасці, заказана 545 камплектаў бірак.
Гаспадарам, у каго карова застрахавана, біркі аплачвае Белдзяржстрах. Індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Лінкевіч з Мікалаева будзе аплачваць біркі каровам сваіх малаказдатчыкаў. Ну, а астатнія вяскоўцы будуць плаціць за біркі самі. Ва ўсіх сельвыканкамах арганізаваны падворныя абходы па зборы грошай”.
– Хто будзе праводзіць біркаванне жывёлы?
А. Ж.: “Гэтым будуць займацца работнікі райветстанцыі. Будзем замацоўваць біркі на жывёлу паралельна з іншымі ветэрынарнымі мерапрыемствамі. Паедзем на фермы сельгаспрадпрыемства, а заадно правядзём біркаванне кароў на прыватных падворках. Вядома, загадзя папярэдзім пра гэта кіраўніцтва сельвыканкама, а яны – вяскоўцаў. У райцэнтры з прыватным статкам лягчэй: тут кароў мала, можна пад’ехаць вечарам, калі гаспадары дома”.
– Ці можа гаспадар адмовіцца ад біркавання жывёлы?
В. К.: “Можа. Але трэба памятаць, што прадаць прадукцыю ў гэтым выпадку будзе немагчыма. Паўтару яшчэ раз: калі вырошчваеце жывёлу толькі для сваіх уласных патрэб – можна не біркаваць, калі плануеце прадаваць малако ці мяса – біркаванне абавязковае”.
– Што рабіць людзям, калі бірка згубілася?
А. Ж.: “Трэба звярнуцца ў сельвыканкам, заплаціць за бірку і заказаць дублікат біркі з такім жа нумарам”.
– Калі ў нашым раёне будзе завершана ідэнтыфікацыя буйной рагатай жывёлы?
В. К.: “Завяршыць рэгістрацыю плануецца да канца гэтага года. Па ўсіх узнікаючых пытаннях можна тэлефанаваць па нумары 858-75-58 (МТС)”.
Гутарку вяла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №86 ад 03.11.2017 г.
Як зачым!? Каб спачатку апробываць на каровах, а затым и на рабах беларусах перанесци, бо не гожа ужо без прыгляду жыть. А тут усяк проста и дасканала вядома куды пайшоу, што зрабиу, а кали уладзе не патрэбны можно и выключыць назаужды.