Фінальны канцэрт акцыі “Мы – разам!” прайшоў у Шуміліне
У мінулую суботу на адкрытай сцэнічнай пляцоўцы ў гарадскім парку Шуміліна разлівалася мора песень, музыкі, апладысментаў. У нашым раёне была пастаўлена фінальная кропка Рэспубліканскай народна-патрыятычнай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы – разам!” у гэтым годзе.
Жыхары раёна, якія запоўнілі пляцоўку каля сцэны ў гарадскім парку, горача сустракалі артыстаў беларускай эстрады Ірыну Дарафееву, Вольгу Плотнікаву, пераможцаў прафсаюзнага конкурсу талентаў “Новыя імёны Беларусі”, нязменнага вядучага канцэртаў акцыі Глеба Лапіцкага.
Удзельнікі гэтага сапраўды ўсенароднага шоу дарылі гледачам сімвал акцыі – белага бусліка, запалілі ў душах шумілінцаў агеньчык добрага настрою. Артысты выдатна спявалі, надзялялі ўсіх такімі шчырымі эмоцыямі, што цяжка было ўтрымацца на месцы – самыя актыўныя гледачы падтрымалі артыстаў танцамі ля сцэны. Гэта надало святу, якое аб’ехала ўсе рэгіёны рэспублікі і праходзіла ў 149-ты раз, дадатковыя адценні і яшчэ раз пацвердзіла: мы, шумілінцы, разам не толькі ў працы, але і ў адпачынку. Мы ўмеем не толькі сябраваць, кахаць, працаваць і ганарыцца працоўнымі поспехамі сваіх землякоў, але і шчыра весяліцца.
У ходзе акцыі склалася традыцыя ўшаноўваць працоўныя дынастыі – сапраўдны залаты фонд калектываў. Старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Васіль Юхнавец павіншаваў усіх са святам і адзначыў, што на прадпрыемствах і ў арганізацыях нашага раёна шмат перадавікоў вытворчасці, з якіх можна браць прыклад. На сцэну былі запрошаны сямейныя дынастыі Страшновых-Нікіценкаў, агульны стаж якіх на Обальскім керамічным заводзе складае 104 гады, Леснічэнкаў – медыцынскіх работнікаў з Шуміліна, Пясецкіх з ААТ “Прыазёрны мір”, якія сваё жыццё прысвяцілі працы на зямлі, Скорынавых – адораных музыкантаў, якія ўносяць важкі ўклад у развіццё культуры нашага краю.
Народна-патрыятычная акцыя “Мы – разам!” – добрая нагода для ўручэння медаля “110 год прафсаюзнаму руху Беларусі”. Гэтая ўзнагарода была ўручана старшыні прафсаюзнай арганізацыі Обальскага керамічнага завода Ганне Воранавай.
Гледачы і ўдзельнікі акцыі віталі маладых спецыялістаў і іх вопытных настаўнікаў: Аляксандра Сядзельнікава і Святлану Емяльянаву з СШ №1 г. п. Шуміліна, Аляксандра Крука і Паўла Ільіна з УП ЖКГ, Ігара Мікалаева і Антаніну Дарожкіну з ПМК-70.
Васіль Юхнавец агучыў вынікі агляду-конкурсу на лепшую прафсаюзную арганізацыю і ўручыў дыпломы пераможцаў кіраўнікам прафсаюзных пярвічак Таццяне Лявонавай (УП ЖКГ, першае месца), Алене Гур’евай (ЗВЭС, другое месца), Святлане Бельскай і Людміле Цянько (адпаведна, ДРБУ-204 і ЦРБ, якія падзялілі трэцяе месца).
Напрыканцы канцэртнай праграмы старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Снараў падзякаваў усім арганізатарам прафсаюзнай акцыі і артыстам за падоранае свята, пажадаў творчых поспехаў і дабрабыту. У знак удзячнасці за свята, якое яны прывезлі ў Шуміліна, і на памяць пра наш Шумілінскі раён ён падарыў удзельнікам канцэрта кветкі і керамічны сувенір обальскіх майстроў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №85 ад 31.10.2017 г.