І дом будзе крэпасцю
Амаль кожны трэці крадзеж у нашым раёне адбываецца ў выніку бяспечных адносін да захаванасці сваёй маёмасці самімі пацярпелымі. У большасці выпадкаў крадзяжы зарэгістраваны ў прыватным сектары. Часам гаспадары самі пакідаюць дзверы незачыненымі, калі адлучаюцца на агарод ці да суседкі. Бывалі выпадкі, калі за пенсіянерам сочаць цэлы дзень з надзеяй, што той куды-небудзь адлучыцца. Калі чалавек вяртаўся ў хату, то не знаходзіў грошай, прападала і асабістая маёмасць.
На жаль, здараюцца крадзяжы і ў кватэрах. Зноў жа злодзеі стараюцца пабываць там, калі гаспадароў няма дома. Таму з’язджаючы на доўгі час ў камандзіроўку ці на адпачынак, не трэба расказваць пра гэта чужым людзям. А вось папрасіць родзічаў ці блізкага чалавека, каб прыглядалі за кватэрай, усё ж трэба.
Дзеля бяспекі не варта распаўсюджваць чуткі пра сваё матэрыяльнае становішча, расказваць, колькі ў вашай кватэры тэлевізараў ці камп’ютараў.
У зводках РАУС не значацца такія выпадкі, калі крадзяжы зарэгістраваны з кватэр і дамоў, дзе ўстаноўлена ахоўная сігналізацыя. Акрамя надзейных замкоў і запораў, ад злодзеяў яшчэ выратуе і сігналізацыя. Галоўнае, памятайце, што пра сваю бяспеку вы найперш павінны клапаціцца самі.
А. ШАЦІЛА, старшы інспектар аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.