“Вопыт, спрыт і ніякіх сакрэтаў”, – так кажа пра сваю работу Дзяніс Назараў
Прозвішча Дзяніса Назарава, машыніста ўкладчыка асфальтабетону ДРБУ №204 сёлета занесена на раённую Дошку гонару.
Вы калі-небудзь бачылі, як кладзецца асфальт? Гэта відовішча, якое можа ўразіць сваімі маштабамі не толькі дзяцей, але і некаторых дарослых. На дарозе замірае прывычнае жыццё, з’яўляецца шмат спецыфічнай тэхнікі, вакол якой завіхаюцца рабочыя. Кожны дакладна выконвае сваю работу, і вось ужо праз некаторы час гарачая, рыхлая асфальта-бетонная маса цудоўным чынам пераўтвараецца ў роўную гладкую дарогу.
Асноўную нагрузку сярод гэтай арміі машын бярэ на сябе асфальтаўкладчык, галоўная задача якога – раўнамерна і з неабходным ухілам улажыць асфальт па ўсёй шырыні дарогі. Кіраваць такой машынай можа толькі адказны, упэўнены ў сваіх сілах, немітуслівы і разважлівы чалавек, сапраўдны прафесіянал сваёй справы, які не можа дазволіць сабе ніякіх кампрамісаў у рабоце. Усе гэтыя якасці ў поўнай меры характарызуюць машыніста ўкладчыка асфальтабетону ДРБУ №204 Дзяніса Назарава.
Калі сёння вам прыйшлося дабірацца на работу, ці вы проста выходзілі ў магазін або на прагулку, то амаль са стопрацэнтнай упэўненасцю можна гаварыць пра тое, што вы ішлі ці ехалі па дарозе, зробленай Дзянісам Назаравым. Ён будуе дарогі ў нашым раёне ўжо 20 год і даўно ведае ўсе тонкасці справы. “Вопыт, спрыт і ніякіх сакрэтаў”, – так кажа пра сваю работу дарожнік. Ужо 10 год Дзяніс працуе на сучаснай нямецкай машыне з камп’ютарным кіраваннем VOGELE, кажа, што такая тэхніка істотна палегчыла работу.
Працуе Дзяніс, калі трэба, і ў выхадныя, выязджае ў камандзіроўкі за межы раёна. У калектыве ведаюць, што на прафесіяналізм і адказнасць гэтага чалавека заўжды можна разлічваць.
Калі ёсць неабходнасць, Дзяніс Назараў перасаджваецца з асфальтаўкладчыка на грэйдар, займаецца добраўпарадкаваннем дарог, выконвае іншыя задачы. У дзень, калі мы з ім сустракаліся, напрыклад, – збіраўся ставіць вешкі ўздоўж дарог: снег, кажа, ужо перадаюць, трэба спяшацца.
Як пра стабільнае і надзейнае адазваўся пра сваё прадпрыемства Дзяніс Назараў, сказаў, што такіх, як ён, правераных часам работнікаў, там многа і, наогул,калектыў вельмі добры.
Перад ДРБУ №204 стаіць надзвычай важная задача – зрабіць так, каб пад нагамі ў кожнага з нас была добрая дарога. Поспеху ў вырашэнні гэтай задачы напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць і машыністу асфальтаўкладчыка Дзянісу Назараву, і ўсім работнікам прадпрыемства.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №84 ад 27.10.2017 г.