Профсоюзная первичка Обольского керамического завода — одна из лучших в Шумилинском районе

Актуалии Общество Экономика

Пляцоўка ўзаемнай падтрымкі людзей

Прафсаюзная пярвічка Обальскага керамічнага завода – адна з лепшых у раёне. Тут, на думку старшыні Шумілінскай раённай арганізацыі прафсаюза Васіля Юхнаўца, добра пастаўлена работа па выкананні сацыяльных гарантый работнікаў, па абароне іх правоў і інтарэсаў. Пра работу пярвічнай арганізацыі ОКЗ мы гутарым з яе лідарам Ганнай Воранавай.
–  Ганна Аляксандраўна, якія прыярытэтныя накірункі работы вашай прафсаюзнай арганізацыі?
–  Перш-наперш працуем з людзьмі і дзеля людзей. Галоўнае – абарона іх правоў у працоўных адносінах, сацыяльна-эканамічных інтарэсах, павышэнне адказнасці за вынікі асабістай працы. Шмат увагі ўдзяляем выкананню сацыяльных гарантый, паляпшэнню мікраклімату ў калектыве. Прафсаюз – гэта пляцоўка ўзаемнай падтрымкі людзей – сацыяльнай, духоўнай, маральнай і проста чалавечай.
– Колькі работнікаў завода ўваходзяць у прафсаюзную арганізацыю?
– Усе, што працуюць на прадпрыемстве. На сённяшні дзень гэта 292 чалавекі. Мы ганарымся, што прафсаюзу давяраюць, з намі застаюцца нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак.
–  Якую канкрэтную дапамогу атрымліваюць работнікі прадпрыемства ад прафсаюзнай арганізацыі?
– У гэтым годзе, напрыклад, у прафсаюзную арганізацыю паступіла каля васьмідзесяці заяў на аказанне матэрыяльнай дапамогі. Ніводнага чалавека не пакінулі сам-насам са сваімі праблемамі. Дапамагалі, як кажуць, і ў радасці, і ў горы. Напрыклад, калі адна з нашых работніц доўга хварэла, ёй выдзелілі ад прафсаюза матэрыяльную падтрымку. Прыйшоў на дапамогу прафсаюз і сям’і, якая пацярпела ад пажару. І грошы выдзелілі, і хадайнічалі перад адміністрацыяй завода аб выдзяленні інтэрната. Цяпер у пацярпелых ёсць дах над галавой. Вось у такія хвіліны людзі востра адчуваюць, што прафсаюз – важная і патрэбная арганізацыя. Нашы работнікі вельмі ўдзячныя за прафсаюзную падтрымку да юбілеяў, нараджэнняў дзяцей, уступлення ў шлюб. Мы часткова аплачваем дзіцячыя пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры, за сродкі прафсаюза купляем білеты на канцэрты ў мясцовы Дом культуры, віншуем ветэранаў працы і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Штогод удзельнічаем у прафсаюзнай акцыі “Збяры школьны партфель”, дапамагаем мнагадзетным сем’ям, выдзяляем грошы ўсім бацькам першакласнікаў на канцылярскія тавары.
–  Прафсаюзнае жыццё – гэта не толькі матэрыяльная падтрымка, а і культурна-масавыя, спартыўныя мерапрыемствы.
– Безумоўна. Такія масавыя мерапрыемствы згуртоўваюць людзей, ствараюць спрыяльную атмасферу ў калектыве. Прафсаюз віншуе работнікаў завода, ветэранаў працы з прафесійнымі і каляндарнымі святамі. Кожны год праводзім конкурс “Лепшы па прафесіі”. Стала ўжо традыцыйным да Дня будаўнікоў арганізоўваць канцэрты.
Мы стараемся падтрымліваць тых, хто займаецца спортам. За прафсаюзныя сродкі набываем спартыўны інвентар. Наша каманда штогод прымае ўдзел у раённым турзлёце, спаборніцтвах па валейболе, лыжах, настольным тэнісе. Неаднаразова бралі прызавыя месцы.  Сярод актывістаў –  Віктар Цітоў, Кацярына Трафімчык, Аляксандр Лысанаў, Артур Давыдоўскі, Марына Куліковіч, Анастасія Мулькова, Васіль Серафімовіч і многія іншыя.
–  Ганна Аляксандраўна, а што для вас – быць прафсаюзным лідарам?
– На гэтай грамадскай пасадзе восем гадоў. Лічу, што быць прафсаюзным лідарам – гэта, у першую чаргу, адчуваць адказнасць за іншых людзей. Больш ведаць, чым іншыя, жыць інтарэсамі калектыву. Адчуваць праблемы людзей, суперыжываць калегам. Вельмі важна за рашэннем пытанняў усяго калектыву не ўпусціць праблемы асобнага чалавека. А ўвогуле я працую не адна, са мной разам прафсаюзныя актывісты. Мы разумеем адзін аднаго і разам здольныя на многія добрыя справы.
–  Дзякуй за размову. Поспехаў вам і дабрабыту.
Гутарку вяла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №83 ад 24.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *