Пошёл в магазин, украл товар

Общество Происшествия

З таварам міма касы
Вядома, што магазіны самаабслугоўвання зроблены дзеля зручнасці пакупнікоў. Але ж самаабслугоўванне разлічана на людзей сумленных. На жаль, не ўсе такія, ёсць жадаючыя паласавацца прысмакамі ці пакарыстацца рэчамі дарма.  Для іх нават прыдумалі спецыяльнае слова – “несуны”, бо нясуць яны тавар міма касы, хаваючы яго ў кішэні, сумачцы і нават у падале. Ёсць такія несуны і ў Шуміліне. Прычым, адзін з жыхароў  райцэнтра трапіў у поле зроку праваахоўных органаў ажно сем разоў за апошнія пяць месяцаў.
Судом Шумілінскага раёна сёлета разгледжана 36 спраў аб такіх адміністрацыйных правапарушэннях, як дробны крадзеж. Прычым, 90% – гэта крадзяжы з магазінаў. Больш за ўсё зарэгістравана крадзяжоў у “Еўраопце” і “Міні-маркеце” – там, дзе да вітрын свабодны доступ.
Квапяцца ўкрасці тавары з прадуктовых магазінаў людзі рознага сацыяльнага статусу, мужчыны, і жанчыны, маладыя і сталыя. Часцей за ўсё крадуць спіртное і прадукты харчавання. У большасці выпадкаў крадзеж не плануецца загадзя, а здзяйсняецца пад уплывам эмоцый, імпульсу ці спакусы.
На мінулым тыдні ў адміністрацыйным будынку УП ЖКГ пад старшынствам суддзі суда Шумілінскага раёна Алены Сініцкай прайшло выязное судовае пасяджэнне, на якім разглядалася падобная справа, але ўжо крымінальная.
Маладому мужчыну – 25 гадоў. Яму б сям’ю ствараць, кахаць, нараджаць дзяцей, будаваць свой дом. Ну, ці мала клопатаў, калі наперадзе жыццё. Але пачаў ён будаваць сваё жыццё не з лепшага: у біяграфіі – наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, за што быў асуджаны на тры з паловай года да абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу, ад пакарання ўхіляўся і атрымаў два гады пазбаўлення волі. Маючы нязнятую і непагашаную судзімасць, зноў здзейсніў правапарушэнне, за што і трапіў пад суд.
Малады чалавек расказаў, што працаваў у Санкт-Пецярбургу, а прыехаў адтуль, бо захварэла маці. Сустрэліся з сябрам, выпілі, пагаманілі, вырашылі дабавіць. Прадавец “Еўраопта” адмовіўся браць пашкоджаную купюру, патлумачыўшы, што такія прымаюць толькі ў банках. Але ж познім вечарам банкі не працуюць. Тады мужчыну “ногі зноў панеслі ў магазін”, дзе ён узяў бутэльку гарэлкі і накіраваўся да выхаду, на крыкі прадаўцоў не звяртаў увагі. Паколькі на бутэльцы было супрацькрадзежнае прыстасаванне, спрацавала сігналізацыя. Работнікі аддзялення Дэпартамента аховы пры дапамозе службовага сабакі хутка знайшлі грабежніка, які прыта-іўся непадалёк – у доме знаёмага.
Пра ўсё гэта на судзе расказаў і сам абвінавачваемы, і сведкі здарэння. Малады чалавек раскайваўся ў сваім учынку, у апошнім слове запэўніваў, што больш такога не паўторыцца. І гэтыя словы здаліся шчырымі.
Згодна з ч. 1 арт. 206 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь суд прыгаварыў мужчыну да арышту на два месяцы. Згодна з  падпіскай аб нявыездзе яму забаронены выезд за межы Рэспублікі Беларусь. Прыгавор можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вышэйшым судзе.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №83 ад 24.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *