Юрый Трошчанка: Любая памылка ў рабоце Следчага камітэта вельмі дарагая. Гэта чалавечыя лёсы і жыцці

Безопасность Общество

Кошт памылкі – чалавечы лёс

12 верасня 2011 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 409 быў створаны Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Ён утварыўся шляхам зліцця следчых падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэта дзяржкантролю і пракуратуры. Пра сённяшні дзень  раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь гутарым з начальнікам аддзела  падпалкоўнікам юстыцыі Юрыем Станіслававічам ТРОШЧАНКАМ:
– Пачну з таго, што Следчы камітэт – адзіная і цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных праваахоўных органаў, якія з’яўляюцца органамі папярэдняга следства і ажыццяўляюць паўнамоцтвы ў сферы дасудовай крымінальнай вытворчасці.
Раённы аддзел Следчага камітэта  пачаў сваю работу 1 студзеня 2012 года.

Нядаўна была праведзена аптымізацыя праваахоўных органаў Беларусі, у тым ліку і Следчага камітэта. Сёння ў нас служаць 7 следчых, з якіх  чатыры – старшыя.  Калектыў працуе і выконвае пастаўленыя перад ім задачы.
– Юрый Станіслававіч, больш падрабязна раскажыце пра тыя задачы, над якімі  зараз працуеце?
– Прыярытэтным накірункам нашай дзейнасці з’яўляецца каардынацыя работы праваахоўных органаў па якасным выкананні пастаўленых задач па барацьбе са злачыннасцю. Для гэтага цесна супрацоўнічаем з РАУС па аператыўным выкрыцці вінаватых ва ўчыненых злачынствах, поўнай кампенсацыі шкоды, нанесенай злачыннымі дзеяннямі вінаватых асоб.
Хачу адзначыць, што дзякуючы кампетэнтнасці і зладжанасці супрацоўнікаў у рабоце райаддзела з пачатку яго існавання не было дапушчана такіх негатыўных момантаў, як незаконнае прыцягненне грамадзян да крымінальнай адказнасці.
Падкрэслю, што любая памылка ў рабоце Следчага камітэта  вельмі дарагая. Гэта чалавечыя лёсы і жыцці. І ў гэтым выпадку хочацца адзначыць ролю пракуратуры раёна, якая, ажыццяўляючы нагляд за дзейнасцю следчага падраздзялення, не дазваляе дапусціць сур’ёзных пралікаў і памылак.
– Якія вынікі работы аддзела за гэты год?
– Сёлета  работа РАСК ажыццяўлялася ва ўмовах стабільнай нагрузкі, у сярэднім адным следчым за 9 месяцаў  расследавалася каля 30 крымінальных спраў. У 2017 годзе ў параўнанні з адпаведным перыядам 2016 года крымінальных спраў расследавана на 13% менш, у той жа час закончаных крымінальных спраў на 4%  больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. На першы погляд, гэта лічба не здаецца вельмі ўнушальнай, але за ёй стаіць тое, што засталося менш нераскрытых злачынстваў, павялічылася колькасць крымінальных спраў, перададзеных пракурору для накіравання ў суд.
За дзевяць месяцаў ў вытворчасці следчых райаддзела былі 262 крымінальныя справы, з іх большасць – крадзяжы (58 спраў) і аліменты (22).
З пачатку года перададзена пракурору для накіравання ў суд 80 крымінальных спраў у адносінах да 88 асоб.
Кампенсавана страт на агульную суму звыш 24 тысяч рублёў, накладзены арышт на маёмасць на суму каля 20 тысяч рублёў.
– Якія злачынствы, учыненыя ў гэтым годзе на тэрыторыі раёна, вы аднеслі б да найбольш рэзанансных і гучных?
– На шчасце, на тэрыторыі нашага раёна няшмат рэзанансных спраў. У большасці нашы следчыя расследуюць справы аб крадзяжах і нявыплатах грашовых сродкаў на ўтрыманне дзяцей.
Бадай, самай гучнай з’яўляецца крымінальная справа аб махлярстве ў ЦБП №225 “Беларусбанка”. Нагадаю, што невядомы патэлефанаваў супрацоўніцы банка і тая перавяла на невядомы рахунак каля 35 тысяч долараў ЗША. Зараз следства працягваецца. Высветлена, што банкаўскія рахункі, на якія былі пераведзены грошы, знаходзяцца ў Расіі. Чакаем адказы на нашы запыты ад расійскіх калег.
Вясной па тэрыторыі Сіроцінскага сельсавета пракацілася хваля крадзяжоў. Былі абрабаваны восем дамоў. Можна сказаць, што мясцовае насельніцтва пэўны час проста баялася пакінуць свой дом без нагляду. Нашы следчыя з супрацоўнікамі міліцыі вельмі аператыўна спрацавалі: злачынца быў знойдзены і затрыманы.
– Як я разумею, справядлівасць пакарання залежыць шмат у чым ад таго, наколькі дэталёва праводзіцца следства.
– Бясспрэчна. На следчага заканадаўча ўскладзена аб’ектыўнае і ўсебаковае расследаванне крымінальнай справы. Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам следчы з’яўляецца асобай, якая займае адказную пасаду, што ўскладае на яго павышаную адказнасць перад грамадствам за правільнасць і адназначнасць яго дзеянняў. Аб якасці працы нашага падраздзялення сведчыць той факт, што намі не дапушчана памылак, якія дазволілі б суду вынесці апраўдальны прысуд у дачыненні да падазроных грамадзян, не было выпадкаў спынення крымінальнага пераследу асоб, якім прад’яўлялася абвінавачванне. Я лічу гэта асноўным крытэрыем ацэнкі нашай дзейнасці.
– Вось і зноў мы з вамі вярнуліся ў нашай гутарцы да асабовага складу раённага аддзела Следчага камітэта. Раскажыце трохі пра людзей, якія тут служаць. Ці існуе дыферэнцыраваны падыход у размеркаванні абавязкаў паміж следчымі або кожны з іх – універсальны спецыяліст?
– Пачну размову са свайго намесніка – Вадзіма Сапегі. Следчы з 15-гадовым стажам. Пачынаў прафесійную сцежку следчым у Першамайскім РАУС г. Мінска. На пасадзе намесніка крыху больш чым адзін год. Вадзім Сапега – кампетэнтны спецыяліст, які не толькі добра разбіраецца ў следчым працэсе, а і ўмее скаардынаваць работу следчых.
Перш за ўсё хачу адзначыць, што Людміла Карнавухава, Дзмітрый Печур, Сяргей Лазоўскі і Віктар Казлоўскі па спецыяльнасці следчага працуюць больш чым 10 год. Асабліва вылучаецца з гэтага спісу Людміла Карнавухава, якая пачынала простым следчым у РАУС,  затым узначальвала падраздзяленне папярэдняга следства РАУС. І сёння, будучы на пенсіі, яна не толькі працуе, а дзеліцца сваім багатым прафесійным вопытам з калегамі.
Пра маладых следчых таксама магу сказаць толькі станоўчае. Ірына Шэнцава па выніках 2016 года была прызнана лепшым следчым вобласці. Арцём Каржуеў і Андрэй Селязнёў – дапытлівыя і граматныя следчыя, пастаянна павышаюць свой узровень.
З улікам таго, што следчых усяго 7, нейкай пэўнай спецыялізацыі не існуе, кожны следчы ўніверсальны, расследуе ўсе катэгорыі крымінальных спраў. А займаемся мы расследаваннем ўсяго спектра крымінальных злачынстваў: ад камп’ютарных да дробных крадзяжоў. Акрамя гэтага, супрацоўнікі аддзела праводзяць праверкі па фактах парушэння працоўнай дысцыпліны, якія прывялі  да калецтва людзей, па выпадках смерці грамадзян, калі не зразумелая  яе прычына. Так, за 9 месяцаў бягучага года ў нас знаходзілася 72 матэрыялы праверак, з якіх большасць (44) – па фактах смерці грамадзян.
Пад нашым кантролем знаходзяцца і ўсе парушэнні, якія дапускаюцца службовымі асобамі дзяржаўных органаў і праваахоўных структур. Мы праводзім па такіх фактах праверкі і прымаем рашэнні. Двойчы ў гэтым годзе супрацоўнікам міліцыі было аказана супраціўленне  з боку грамадзян, ім наносіліся цялесныя пашкоджанні. Намі па ўсіх фактах былі ўзбуджаныя крымінальныя справы. За такое злачынства прадугледжана пакаранне да 5 гадоў пазбаўлення волі.
– Дзякуй за размову.
– Дзякуй. А я, як начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, хацеў бы яшчэ раз звярнуцца да жыхароў раёна, каб яны з разуменнем ставіліся да нас і нашай работы, бо яна найперш накіравана на абарону законных інтарэсаў як саміх грамадзян, так і грамадства ў цэлым.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №79 ад 10.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *