“Сцяг індустрыялізацыі” – у Обалі
ААТ “Сцяг індустрыялізацыі” ўваходзіць у склад Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці “Беллегпрам”, з’яўляючыся адным з буйнейшых вытворцаў мужчынскага і жаночага верхняга адзення ў Беларусі. З 2016 года на прадпрыемстве асвойваецца новы напрамак вытворчасці – адзенне з трыкатажных тканін. Асноўная вытворчасць акцыянернага таварыства знаходзіцца ў Віцебску, але прадпрыемства стварае філіялы ў раёнах Віцебшчыны.
У мінулым годзе філіял ААТ “Сцяг індустрыялізацыі” пачаў працаваць у Барані Аршанскага раёна, а з 1 жніўня гэтага года адкрыўся ў Обалі.
“Перад адкрыццём новага філіяла ўлічвалі як геаграфічныя фактары – не больш чым 120 км ад абласнога цэнтра, так і наяўнасць мясцовых працоўных рэсурсаў”, – расказвае начальнік філіяла г.п. Обаль А. А. Мілюцікава.– У бліжэйшых планах адкрыць яшчэ два філіялы – у Шуміліне і ў Уле Бешанковіцкага раёна”.
Обальскі цэх размясціўся на другім паверсе мясцовага гандлёвага цэнтра. У памяшканні плошчай 300 квадратных метраў была зроблена электрыфікацыя, устаноўлена швейнае абсталяванне, у памяшканні плануецца зрабіць поўны рамонт.
На сённяшні дзень у обальскім філіяле працуе 28 чалавек. Прычым, сюды на работу можна ўладкавацца і не маючы спецыяльнасці “швачка”. “Для нас галоўнае, каб у чалавека было жаданне працаваць, – дзеліцца Алена Аляксандраўна. – На прадпрыемстве пад наглядам вопытных швачак можна за тры месяцы атрымаць спецыяльнасць. Штомесяц выплачваюцца 124 рублі вучнёўскай дапамогі, плюс здзельная заработная плата, якая можа дасягнуць і 100 рублёў. Пасля здачы вучнямі экзамену яны становяцца кваліфікаванымі швачкамі. А гэта ўжо зусім іншы заробак: пры ўмове выканання плана і працы без браку за месяц атрымліваецца ад 450 да 600 рублёў”. Зараз на обальскім філіяле працуюць 11 швачак і 15 вучняў. Плануецца, што ўсяго тут знойдуць работу 40 чалавек.
Кіраўніцтва прадпрыемства ўпэўнена, што філіялы заўсёды будуць загружаны работай. “Сцяг індустрыялізацыі” актыўна супрацоўнічае з вядомымі трыкатажнымі брэндамі. Першы заказ обальскага філіяла – пашыў дзіцячых і жаночых футболак для расійскай фірмы пад брэндам “Твоё”. Да заключэння кантракта гатова і літоўская трыкатажная кампанія “Аўдзімас”.
А. А. Мілюцікава ўпэўнена, што “Сцяг індустрыялізацыі” ў Обаль прыйшоў ўсур’ёз і надоўга. Толькі пры гэтай умове людзі будуць імкнуцца трапіць сюды на работу і трымацца за сваё працоўнае месца. А пакуль што за два з невялікім месяцы працы былі звольнены тры чалавекі, прычына звальнення – прагулы і брак у рабоце.
Алесь САКАЛОЎ.
Продолжается набор на курсы по специальности «Швея».
Тел. для справок: 5-07-93, 510-65-51.
Надрукавана ў №81 ад 17.10.2017 г.