Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Ігар Аляксандравіч Шаціла.
Электрапіла
У аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар в. Пальмінка Гарадоцкага раёна, які расказаў, што ў ягоным дачным доме ў Сіроціне пабываў злодзей. Ён вырваў дзвярны прабой, пранік унутр памяшкання і ўкраў электрапілу і шрубавёрт. Агульны ўрон ацэнены на сто рублёў. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі, што ў чужым доме пабываў раней судзімы за крадзеж жыхар Сіроціна. Мужчына арыштаваны. Максімальнае пакаранне, што яму пагражае, – пазбаўленне волі да чатырох гадоў.
Гараж
У жыхара Обалі абрабавалі гараж – прапалі сталярныя інструменты на агульную суму 160 рублёў. Па гарачых слядах супрацоўнікі крымінальнага вышуку знайшлі злачынцу – ім аказаўся раней судзімы жыхар Обалі. Махляр затрыманы і знаходзіцца ў следчым ізалятары Віцебска.
Са зводак ДАІ
На перакрыжаванні
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі прыпынілі на перакрыжаванні вуліц Луначарскага-Кароткіна жыхара райцэнтра, які ехаў на асабістым “Фіяце” ў стане алкагольнага ап’янення. Пры гэтым не меў страхоўкі і тэхагляду на аўтамабіль, а таксама правоў кіравання. Як высветлілася, іх быў пазбаўлены даўно, але пераздаць на правы не спяшаўся. Парушальніку пагражае штраф да 100 базавых велічынь і пазбаўленне права кіраваць транспартнымі сродкамі на тры гады.
Бардзюры
Жыхар Віцебска, які ехаў на “Шко-дзе-Актавія” па аўтадарозе Р-20 (ля Мікіціхі), не выбраў бяспечную хуткасць руху і наехаў на бардзюрную агароджу ля краю праезнай часткі. Аўтамабілю патрабуецца рамонт, ва-дзіцель не пацярпеў. На віцябляніна складзены адміністрацыйны пратакол, які накіраваны для далейшага разгляду па месцы жыхарства парушальніка.
На хуткасці
На аўтадарозе Р-20 паміж Мазекамі і Шумілінам была створана аварыйная абстаноўка. Віцяблянін, які ехаў на “Маздзе”, перавысіў устаноўленую хуткасць руху на 19 кіламетраў у гадзіну. Акрамя гэтага, рэзка затармазіў, чым прымусіў вадзіцеля “Фіята”, які ехаў ззаду ў спадарожным накірунку, прымяніць экстранае тармажэнне. За аварыйную абстаноўку на дарозе віцябляніну пагражае штраф да 20 БВ з пазбаўленнем права кіравання да двух гадоў або без пазбаўлення.
Са Следчага камітэта
Экстрадыцыя
Жыхар Шуміліна з мінулага года аб’яўлены ў міжнародны вышук. Яго абвінавачваюць у здзяйсненні крадзяжу. Як паведаміў намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Вадзім Сапега, у ходзе расследавання было ўстаноўлена, што абвінавачваемы знаходзіцца ў Маскве. Там яго і затрымалі супрацоўнікі расійскіх праваахоўных органаў. У бліжэйшы час мужчыну экстрадыруюць у Беларусь.
Несапраўдныя дакументы
У жыхара Полацка ва ўласнасці знаходзяцца два амаль аднолькавыя аўтамабілі “ВАЗ-2107”. Але дакументы маюцца толькі на адно аўто. Гэта не перашкаджала палачаніну ездзіць на абодвух. На мінулым тыдні мужчына прад’явіў супрацоўнікам шумілінскага ДАІ несапраўдныя дакументы. Па дадзеным факце РАСК узбудзіў крымінальную справу.
Падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №81 ад 17.10.2017 г.